Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

«Ніхто не супраць Вашага вяртання на радзіму…» Барыс Мікуліч и Міхась Лынькоў у Бабруйску і пазней

215 0

«Ніхто не супраць Вашага вяртання на радзіму…» Барыс Мікуліч и Міхась Лынькоў у Бабруйску і пазней

Днямі споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння нашага таленавітага і шматпакутнага земляка Барыса Міхайлавіча Мікуліча. Яўлены на свет у сям'і медыкаў бабруйскай земскай бальніцы Міхаіла Вікенцьевіча і Марыі Антонаўны, будучы пісьменнік пачаў свой шлях у літаратуру 16-гадовым юнаком. Блаславіў яго на справу ўсяго жыцця сам Міхась Лынькоў, які стаяў начале Бабруйскай акруговай газеты «Камуніст».

Час росквіту і надзей

Ужо ў 1928 годзе малады пачатковец быў прыняты ў мясцовую філію «Маладняка», а з наступнага працаваў у штаце галоўнага выдання горада на Бярэзіне. Міхась Ціханавіч звярнуў увагу на літсупрацоўніка, які застаўся без таты і мамы і жыў у бацькоўскім драўляным доме на Мінскай вуліцы разам з малодшай сястрой і цёткай усяго на 25 рублёў прызначанай пенсіі. Але не дзеля грошай стараўся ўпарты празаік публікавацца ледзь не ў кожным выпуску штомесячнага літаратурнага дадатку «Вясна» да газеты, друкуючы эсэ і эцюды, абразкі і апавяданні, рэцэнзіі і літаратуразнаўчыя агляды.

Да той пары адносяцца мініяцюры «Восень ходзіць», «Вясновая імпрэсія» і эцюды «Смерць Сакрата», «Мастакі зямлі», апавяданні «На дарогах», «Воля сыновая», «Акалічнасць». У прафесійным саперніцтве з паплечнікамі па літаратуры Барыс Мікуліч няспынна ўдасканальваў свае здольнасці, шліфаваў творчыя знаходкі, набліжаўся да майстэрства пісьменніка. Раўняцца было на каго: на старонках той жа «Вясны» з поспехам друкаваліся Хвядос Шынклер, Кандрат Уласюк, Яўхім Кохан, Цімох Крысько, Сяргей Грахоўскі. Малады аўтар піша ў гэты час апавяданне «На папяровым фронце прарыў», у часопісе Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў «Маладняк» друкуе твор аб жыцці гутнікаў «Удар».

Ужо ў першыя месяцы працы ў «Камунісце» Барыс Мікуліч робіцца вядомым літаратурным крытыкам. З-пад яго пяра выходзяць рэцэнзіі на прозу С. Падарожнага, паэзію Янкі Валасевіча і Алеся Жаўрука. На верш апошняга «Выйдзем» ён іранічна заўважае: «У ім ёсць і даволі трапныя вобразы, здавальняючыя рыфмы. Толькі час ужо, тав. Жаўрук, кінуць вашу «радасць», вашы «заклікі». Аднымі заклікамі рэвалюцыі не зробіш, а тое, што вы любіце жыццё, мы верым. Трэба ж для жыцця нештачка зрабіць, а?» Сам пачынаўшы з паэзіі, Барыс з веданнем справы аналізуе тэхніку вершаскладання сваіх калег Падарожнага, Хмеля, спасылаецца на прыклады класікаў Лермантава, Някрасава і іншых. Не зважаючы на асобы, крытычна разбірае творы старэйшых таварышаў – Рыгора Суніцы, Яўхіма Кохана, Цімоха Крысько: «Рыгор Суніца, як і Крысько, паэт з лірычным ухілам. Але ў Суніцы больш удумлівасці, ідэйнасці і пачуцця. Кохан і Крысько бяруць вобразнасцю, бяруць мовай. Суніца ж дасягае мэты ўздзейнічання на чытача душой і чаканкай вершу…» Гэтак пісаў Барыс Міхайлавіч пра выхаванцаў Міхася Лынькова, і ён меў рацыю.

Жыццё віравала наўкол

Між тым, і гэта прыкмета часу 1920-1930-х, Барыс Мікуліч, як і ўсе пісьменнікі, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці нашага горада, акругі, рэс­публікі. Вядомае «Поэт в России – больше, чем поэт» ён у поўнай меры адносіў і да сябе. Хроніка тых гадоў захавала факты энергічнай дзейнасці земляка на карысць грамадства. То ён у бібліятэцы імя Пушкіна ўдзельнічае ў абмеркаванні кнігі Шынклера «Ічэ», рыхтуе да друку крытычныя нататкі пра творчасць Бабруйскай філіі БелАПП і здае ў «Маладняк» цыкл апавяданняў «Цагельня», то пры цэнтральнай бібліятэцы арганізуе літаратурны гурток, праводзіць гутаркі ў Клічаўскай, Свіслацкай і Старадарожскай сямігодках, удзельнічае на шклозаводзе «Кастрычнік» у радыёперадачы і вечарыне з нагоды 25-годдзя творчай дзейнасці Янкі Купалы і робіць даклад у клубе працаўнікоў асветы ва ўшанаванне памяці Уладзіміра Маякоўскага, то прымае ўдзел у шматлікіх дыскусіях мясцовай філіі Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў.

У 1930 годзе Міхась Лынькоў з Бабруйска пераязджае ў Мінск. Следам пакідае родны горад і Барыс Мікуліч – у сталіцы ён вучыцца ў педагагічным інстытуце, праходзіць падрыхтоўку на літаратурных курсах у Маскве, працуе ў выдавецтве. Пры гэтым ён не спыняе работу над уласнымі празаічнымі творамі. Менавіта ў 1931-м убачыў святло яго зборнік апавяданняў «Удар», які ўмясціў «Ворагі», «Удар», «Цагельня» і «Прарыў». Усе яны, за выключэннем першага, прысвечаны былі рабочаму жыццю. Змаганне перадавой часткі рабочых і камсамольцаў з лодырамі і рвачамі на гуце («Удар»), класавая барацьба вакол пабудовы цагельні і рост свядомасці рабочых з ператварэннем уласніка-селяніна ў рабочага («Цагельня»), барацьба рабочых кардоннай фабрыкі з прарывам («Прарыў») – гэткай была тэматыка тых апавяданняў.

Але здарылася непапраўнае – у лістападзе 1936-га Барыса Міхайлавіча арыштавалі і абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшчы, ва ўдзеле ў трацкіс­цкай арганізацыі і выданні контррэвалюцыйнай літаратуры. Менавіта апошні артыкул за работу ў Белдзяржвыдавецтве быў прышпілены ў справу Мікуліча і даў магчымасць прыгаварыць яго да дзесяці гадоў зняволення. Прайшоўшы праз турмы, этапы, лагеры, голад і холад, ён у 1946-м апынуўся ў Ашхабадзе, дзе жыла старэйшая сястра, а праз год вярнуўся ў Беларусь. Пасля зняцця судзімасці працаваў у бібліятэцы нашага горада, шмат пісаў празаічных твораў. На жаль, яго не друкавалі.

Праз дваццаць год…

I тады, амаль праз два дзесяцігоддзі, Барыс Міхайлавіч рашыў звярнуцца да свайго першага літаратурнага настаўніка. У адным з лістоў да Міхася Лынькова ён пісаў:

«Паважаны Міхась Ціханавіч!

Я ўяўляю палец Вашай рукі, які лезе за вуха,… і Ваша злое здзіўленне пры атрыманні гэтых «лістоў»… Але што я магу зрабіць, калі нешта мацней мяне?! Вот Вам яшчэ адна рэч, апошняя з маёй «праграмы-­мінімум». Цяпер у Вас ёсць: «Палеская аповесць», «Узнагарода», «Вецер», «Жыццяпіс» і «Адвечнае» – столькі рэчаў, колькі до­сыць для таго, каб меркаваць аб чалавеку, напісаўшаму іх. Што зроблена мною..., я Вам ужо некалькі разоў пісаў. За гэты час я паслаў яшчэ ліст да тав. Панамарэнкі, але ніадкуль няма нічога...»

Канечне, мэтр беларускай літаратуры не забыўся пра бабруйскага маладнякоўца, ведаў ён і пра горасці, што выпалі на лёс апальнага пісьменніка. І Міхась Ціханавіч не адмаўляў у дапамозе свайму выхаванцу, аб чым сведчаць фрагменты іх перапіскі 1947-1948 гадоў. Вось пісьмо ў Бабруйск: «…Яшчэ перад выездам маім з Мінска, прыблізна за месяц да выезду, я перадаў Вашы рукапісы ў праўленне Саюза некаторым таварышам для чыткі і скарыстання ў часопісе «Полымя». Перадаў я Броўку Петрусю (рэдактар «Полымя») і рукапіс, атрыманы на маё імя ў часе водпуску. Пастараюся прасачыць, каб яны хутчэй прачыталі і далі б Вам належны адказ. Як Вы ведаеце, на тыя рукапісы, якія я сам прачытаў, я даў Вам адказ. Наогул, як ведаеце, справа абстаіць так, што Вам не закрыты шляхі ў літаратуру: твор, які будзе задавальняць рэдакцыю, будзе скарыстаны ёй. У папярэднім пісьме Вы пісалі, што хочаце пагаварыць асабіста са мной. Будзе ў Вас выпадак пабываць у Мінску, калі ласка, можна будзе пагаварыць. Цяпер прашу звязвацца з рэдактарам часопіса Броўкам... Я яшчэ раз скажу Броўку аб Вашых рукапісах».

А вось пазнейшыя адказы на звароты бабруйскага шматпакутніка: «Паважаны таварыш Мікуліч! Прашу прабачэння за хранічнае спазненне з адказам на Ваш ліст (з рукапісам аповесці). На жаль, сам я не змог прачытаць аповесць з прычыны тэрміновай работы над двума пад­ручнікамі ў інстытуце. Перадаў рукапіс рэдактару «Полымя» Максіму Танку з просьбай, каб ён паскорыў, урэшце, лёс Вашых твораў, якія знаходзяцца ў рэдакцыі. Прашу Вас непасрэдна звязвацца з ім. «Полымя» змяшчаецца цяпер у Доме друку, у выдавецтве», «Товарищ Микулич! Вы, наверное, изрядно ругаете меня за некоторое запаздывание с ответом на Ваши письма. Поверьте, что и запаздываю я иногда с единственной целью: все жду, чтобы дать Вам окончательное положительное решение Вашего вопроса. Я говорил в Центральном Комитете по всему этому делу, да и Ваше письмо там имеется. Должен сказать, что принципиально вопрос решается здраво: а почему же и не печатать Вас, если напишете подходящую вещь. Дело теперь за редакторами. Я им уже говорил неоднократно о необходимости так или иначе решить ­вопрос с отдельными Вашими вещами. Они ждут еще случая лишний раз согласовать все эти вопросы. Нажимайте еще на них. Думаю, что в ближайшее время все это разрешится в Вашу пользу. По- вторяю: дело теперь только в редакторах. С приветом, Михась Лыньков».

…На вялікі жаль, увесну 1949-га Барыс Мікуліч зноў быў арыштаваны і сасланы ў Сібір. Ужо навечна, бо там і памёр. Праз тры месяцы пасля сыходу з жыцця наш зямляк быў рэабілітаваны, з цягам часу ўбачылі святло і яго лепшыя творы. А потым Барыс Міхайлавіч… вярнуўся ў наш горад на Бярэзіне – да 100-годдзя з дня нараджэння яго імя дзякуючы намаганням Святланы Віктараўны Калюты і грамадскасці горада атрымала бабруйская бібліятэка №4. На прэзентацыі з нагоды прысваення ўстанове ганаровай назвы прысутнічала ўнучатая пляменніца Барыса Мікуліча Тамара Яўгенаўна Сакалова, якая шчыра падзякавала гарадскім уладам, усім бабруйчанам за захаванне добрай памяці аб выдатным пісьменніку і грамадзяніне.

Аляксадр Казак.
Фота аўтара
і з адкрытых крыніц
інтэрнэта.