Ззялі агнямі сінія ночы… Аб першых піянерах у Бабруйску
19 0
Ці ведаюць сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі ў чырвона-зялёных гальштуках, як пачынаўся магутны рух іх равеснікаў, што называлі сябе піянерамі ў неабсяжным Савецкім Саюзе, нашай Беларусі і родным Бабруйску амаль сто гадоў таму? Каб пазнаёміцца з імі, адправімся ў віртуальнае падарожжа на ўяўнай машыне часу.
Жылі па сваіх законах і звычаях
Законаў і звычаяў у піянерскім жыцці было роўным лікам па пяць. Зробім кароткі папарны іх агляд. Першая пара абвяшчала: піянер верны справе рабочага класа – запаветам У.І. Леніна; піянер ахоўвае здароўе сваё і іншых, ён трывалы і бадзёры, «устае ранкам, старанна мыецца, робіць гімнастыку». У другой пары падкрэслівалася: піянер – малодшы брат і памочнік камсамольцу і камуністу; ён даражыць сваім і чужым часам, справу робіць хутка і акуратна. Трэці закон нагадваў, што піянер – таварыш піянерам, дзецям рабочых і сялян усяго свету; трэці звычай тлумачыў, што піянер працалюбівы і настойлівы, умее працаваць калектыўна ў любых умовах, знаходзіць выйсце пры любых акалічнасцях. Чацвёртыя правілы гучалі адпаведна так: піянер арганізуе акружаючых дзяцей і ўдзельнічае з імі ў грамадскім жыцці – піянер усім рабятам прыклад; піянер ашчадны да грамадскай маёмасці, акуратна адносіцца «да кніг, да вопраткі і да прыстасаванняў у майстэрнях». Нарэшце, апошні закон сцвярджаў: піянер імкнецца да ведаў, бо яны – сіла ў барацьбе за рабочую справу; а пяты звычай быў карысным як для сябе, так і для грамадства: піянер не лаецца, не курыць і не п’е.
Рэалізацыя гэтага кодэксу замацоўвалася на практыцы ўрачыстым абяцаннем кожнага піянера, якое давалася персанальна. Перад тварам таварышаў юны піянер абяцаў «цвёрда стаяць за справу рабочага класа ў яго барацьбе за вызваленне рабочых і сялян усяго свету», «шчыра і непахісна выконваць запаветы У.І. Леніна, законы і звычаі юных піянераў». …Параўнайце гэта з сучаснымі запаведзямі і нормамі жыцця беларускіх піянераў.
У маршах будзен і святаў
Савецкія піянеры пры ўсіх цяжкасцях перадваеннай пары, узнаўлення жыцця пасля Вялікай Айчыннай жылі весела, з песнямі. З тых часоў амаль кожны і ў нашым горадзе ведаў радкі «Взвейтесь кострами, синие ночи…». Між тым у 1920-я існаваў і беларускі варыянт гэтага марша піянераў:
Ззяйце агнямі,
Сінія ночы!
Мы піянеры,
Дзеці рабочых.
Блізіцца эра
Светлых гадоў.
Кліч піянера:
«Заўжды будзь гатоў!»…
На жаль, не ўдалося пакуль устанавіць, хто пераклаў на беларускую мову гэты папулярны верш вядомага савецкага паэта Аляксандра Жарава. Затое добра вядомы наш Алесь Гурло, які ў тыя ж гады стаў аўтарам беларускага «Гімна піянераў». У ім ёсць такія радкі:
Радзее даляў згустак шэры...
Наш спеў – магутны зык тварца!
Сыны працоўных – піянеры
Заветы споўняць да канца!
Неўтаймоўны Гельфер
Нямала пісалі ў газеты і часопісы аб сваіх справах бабруйскія піянеры. Найбольш актыўныя з іх надзяляліся ў рэдакцыях ганаровым статусам пікараў – піянерскіх карэспандэнтаў. Яны паведамлялі аб плёне равеснікаў у вучобе, шэфскай рабоце, бічавалі недахопы і хібы. Напрыклад, у 1925 годзе Н. Ляхавіцкі апавядаў у «Беларускім піянеры»: «…Піянеры сабраліся каля клубу і рушылі ў дарогу. Усе павадары былі як бы вайсковымі камандзірамі, а піянеры – чырвонаармейцамі. Уся арганізацыя была падзелена на «чырвоных» і «белых». У дарозе нам было вельмі весела. На азначаным месцы мы застанавіліся, правялі гутаркі пры запаленых кастрах і пасля пачалі гуляць у «чырвоных» і «белых». Гульня была вясёлай і зацікавіла ўсіх… Пачынала світаць, як мы рушылі дамоў». Арчык Шэйнман у тым жа выданні даволі крытычна пісаў: «…А шэфы ў нас ёсць у кожным звяне. Шэфствуе секцыя харчавікоў, якая дае калі-небудзь часопісы, шэфствуе секцыя будаўнікоў, якая дае адну «Чырвоную змену». Таксама шэфствуе каапэратыў і маслабойная арцель. Адным словам, шэфаў колькі хочаш. Толькі ім трэба падцягнуцца. Трэба болыш жывой сувязі з атрадам».
Адным з самых плённых карэспандэнтаў у Бабруйску быў М. Гельфер з 68-га піянерскага атрада. У «Беларускім піянеры» за 1925 год знаходзім яго нататкі аб рабоце рабят у садзе і агародзе плошчай у 495 квадратных сажняў, аб планах абсталявання пляцоўкі і бяседкі для заняткаў «літаратурна-піянерскага гуртка», аб выпуску свайго часопіса. Некалькі разоў звяртаўся пікар да тэмы надзвычай папулярнага ў тыя гады Міжнароднага дзіцячага тыдню: «…Вырашылі паслаць ліст да харбінскіх піянераў і на працягу тыдню знаёміцца і абменьвацца думкамі з харбінскімі таварышамі. Рыхтуем мадэлі-эмблемы звенняў. Збіраем матэрыял для газеты і падрыхтоўваем п'еску», – паведамляў ён у адным нумары. «5-ы Міжнародны дзіцячы тыдзень прайшоў з асаблівым уздымам. Кожны піянер вывесіў сцяг, а некаторыя і лозунгі. Гаспадары, у якіх і няма піянераў, таксама вывесілі сцягі. Наша арганізацыя дэманстравала на вуліцах свае дасягненні. Усе нашы клубы былі перапоўнены бацькамі і неарганізаванымі дзецьмі», – карэспандаваў у другім. «Пры нашым атрадзе з'арганізаваны каргурток, які выдаў 4 нумары насценнай газеты. Арганізуецца куток МОПР. Саюз Рабіс дапамагае нам у гэтым і даў часопіс «Шлях МОПРу». У жніўні атрад наладзіў вечар, на які былі запрошаны бацькі піянераў. Прысутнічалі і прымалі ўдзел у вечары некаторыя тэатральныя сілы гор. Бабруйску», – пісаў ён у трэцім нумары «Беларускага піянера».
Пікары, як пікадоры
Часам пікары, што тыя пікадоры ў паядынках з быкамі, кідаліся на барацьбу з хібамі і недахопамі піянерскага і ўвогуле сучаснага ім жыцця. Той жа М. Гельфер, напрыклад, крытыкаваў так званую карэспандэнцкую працу: «У нас, у сёмай школе, з пачатку вучэбнага году карпраца спала. Каргуртка не было. Праца пастаўлена была вельмі дрэнна, газеты выпускаліся рэдка, пісала толькі адно карбюр…» Нейкі ананім, што падпісаўся як «Піянер 2-га атраду», паведамляў аб недарэчнасцях у рабоце чатырох піянерскіх атрадаў пры Саюзе дрэваапрацоўшчыкаў: «...Толькі бяда, што між імі няма ніякай сувязі. Піянер аднаго атраду не ведае другіх піянераў. Сумесных збораў не бывае. Агульных газет няма. Гэтак немагчыма. Павадырам трэба падцягнуцца». Каштоўную заўвагу зрабіў у адным з нумароў «Беларускага піянера» і наш зямляк Ш. Айнбіндэр: «У нас некаторыя атрады арганізавалі ўжо групы дзяцей «Чырвоных зорак». Як арганізавалі, дык і пачалі з імі весьці розныя гутаркі па прыкладу атрадаў. Па-мойму, не трэба зразу хватацца за гутаркі, а пачаць з гульняў, каб зацікавіць дзяцей. Не ўсё ж разам».
З больш сур’ёзнай крытыкай піянерскіх спраў з’яўляліся карэспандэнцыі ў цэнтральнай газеце «Пионерская правда». Нехта З. Ханін у 1926 годзе, напрыклад, даволі іранічна пісаў у ёй аб шэфстве бабруйскіх рабят над чырвонаармейцамі: «Схадзілі разы два ў палкавы клуб, склалі каталог кніг, запрасілі да сябе на вечар чырвонаармейцаў – на гэтым наша сувязь з Чырвонай Арміяй і скончылася. Адзін тыдзень усяго і працягвалася яна…» Але, як было паложана тады, за самакрытыкай паследаваў аповед пра прынятыя меры. З яго даведваемся, што юныя бабруйчане наладзілі-такі рэгулярную карысную работу ў казармах – арганізавалі ў ротах гурткі «Далоў непісьменнасць».
Павадыры і зборы, фарпосты і клубы
Сёння для беларускіх піянераў, магчыма, словы «павадыр», «фарпост» ёсць малазнаёмыя і таемныя. Між тым публікацыі ў «Беларускім піянеры» 95-гадовай даўнасці даюць адказы на гэтыя загадкі. Напрыклад, павадыр – гэта ў сучасным разуменні важаты, а фарпост – пярвічная піянерская арганізацыя. З іх удзелам шмат цікавага і карыснага рабілася ў канцы 1920-х і ў нашым горадзе на Бярэзіне.
Піянерскі атрад пры фанерным заводзе, скажам, наладжваў вячоркі ў заводскім клубе, куды прыходзілі не толькі рабяты ў чырвоных гальштуках, а і так званыя неарганізаваныя дзеці. Такая вячорка прыцягвала да сябе таксама музыкантаў, настаўнікаў, заводскі драматычны гурток. Пасля невялічкага дакладу аб атрадзе звычайна абвяшчалі прыём у сталярны, швейны і іншыя гурткі. Драмгурток ставіў спектаклі, праводзіліся гульні, дэкламацыі, спевы...
У іншых піянерскіх пярвічках пасля збораў атрадаў заўсёды наладжваліся гульні, катанне на лыжах, каньках.
«…Атрад пры лясным заводзе №7 задумаў арганізаваць у сябе гурток тэхнічнай працы… Гурток ужо зрабіў скрынкі для смецця і яшчэ некалькі рэчаў для клубу. З гэтага моманту піянеры заваявалі аўтарытэт сярод рабочых. Кожны раз, калі бывае ў клубе вечар, першых прапускаюць у клуб піянераў. У тым жа атрадзе арганізавана гадзіна адпачынку. Пасля збору атрада той ці іншы піянер расказвае смешныя апавяданні, а хто хоча, гуляе ў тую ці іншую гульню: у шахматы, шашкі і г. д. Пасля таго яны бяруць вінтоўку, выстрайваюцца, маршыруюць, вучацца страляць.., – паведамляў пра справы гарадской піянерскай арганізацыі нехта Бенцыянаў і працягваў: – Атрад пры Саюзе Рабіс (работнікаў мастацтва – А.К.) арганізаваў два гурткі: радыёгурток і швейны. Швейным гуртком кіруе маці аднаго піянера. Піянеры вельмі зацікаўлены ў працы і з вялікай ахвотаю працуюць у гуртках.
У атрадзе пры акруговым фінансавым адзеле праводзіцца гадзіна адпачынку. У гэту гадзіну, акрамя розных гульняў, піянеры займаюцца рашэннем задач, рэбусаў, шарад...»
Ці ж не дастойныя працягу гэткія памкненні і справы ў дзейнасці сённяшніх беларускіх – і бабруйскіх – піянераў! Думаю, калі зрабіць гэта пытанне нерытарычным, адказ рабят у чырвона-зялёных гальштуках будзе традыцыйным: «Заўжды гатовыя!».
Аляксандр Казак. Ілюстрацыі
з адкрытых крыніц інтэрнэта










