Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Вясковая мода

Bobrlife.by 4 421 0

Вясковая мода

Я ўжо добра памятаю кепку як аксэсуар мужчынскай (вясковай) моды. Мне давялося на ўласныя вочы назіраць тое, як шпацыравалі, асабліва ў святочныя дні, па нашых вуліцах кавалеры і адзін перад адным, усё больш па-заліхвацку, нацягвалі кепкі на свае галовы.

А яшчэ трэба было зрабіць так, каб яна ледзьве трымалася на галаве, была скіравана рэзка набакір, ды яшчэ з-пад яе кучаравілася пышная шавялюра. Гэта зараз у моду ўвайшлі «лысіны і плешыны», а тады, наадварот, хваліліся валасамі. Дзяўчаты, напрыклад, даўжэзнымі косамі: «Ажно да кален у Мані каса ўецца... Як ужо і адгадаваць такую... І косы тыя густыя, што і грэбень не бярэ... Чорныя, што смоль якая...»
А хлопцы гадавалі свае чубы. Ганарыліся імі, найбольш тыя, у каго валасы былі густыя і чамусьці светлыя. Калі недзе стрыгліся (звычайна гэта рабілі вясковыя ўмельцы) купленымі машынкамі, папярэджвалі, каб чубы іхнія не абразалі і не ўкарочвалі. Вельмі хвацка з машынкай упраўляўся мой тата, які навучыўся ладзіць мужчынскія прычоскі ў войску. Да яго прыходзілі мужчыны і хлопцы стрыгчыся пастаянна. Яшчэ і прасіліся: «Мішка, ты ўжо не зрэзвай маю гэтую валасіну... Я ж ёю ў маладосці некалі фарсіў, то й цяпер няхай яшчэ павісіць... А то абстрыжэш галаву... Зробіш пад гарбуз, як у таго Франэка (быў у вёсцы такі дзед, у якога лысая галава адсвечвала нейкім арыгінальным васковым колерам)... Тады толькі чарцей можна будзе палохаць, а не да людзей выходзіць...»
Кепку куплялі (калі гэта рабілі бацькі), толькі заўважыўшы, што іхні сын стаў «сапраўдным кавалерам, яму ўжо чатырнаццатая вясна мінула... Цяпер абы як яго да людзей не выпусціш... Трэба, каб ён адпавядаў свайму хлапецтву... Яшчэ ж які год-другі, ды ўжо і кавалер, і дзяўчат праводзіць стане... Не паспееш аглядзецца, як ён ужо закамандуе жаніцца... Кепка для любога хлопца – вельмі важная штука...»

Калі на руках былі грошы, тады можна было смела «скампанавацца» з кімсьці і рушыць на пошукі жаданай кепкі. Цікава было даведацца, што і выглядвалі, і распытвалі, і траплялі часам у даволі незайздросныя, а то і камічныя сітуацыі. Вось як у наступным выпадку, пра які мне некалі распавёў мой стары сусед-аднавясковец.

//www.bobrlif.by/wp-content/uploads/2018/12/Dsc01980e.jpg

Праўда, на самой справе ўсё адбывалася куды празаічней. Хлопец, які «даставаў іх сваімі просьбамі аб набыцці кепкі, атрымліваў надзвычай просты адказ: «Хочаш, сыночак, жаніхацца, з дзяўчатамі вадзіцца, з хлопцамі старэйшымі хадзіць, мы нічога супраць не маем... Але ў нас грошай не прасі... Сам жа ведаеш, што ў нас сям’я вялікая і кожны з дзяцей просіць, каб яму што-небудзь прыдбалі... А дзе ж тых грошай узяць?.. Сам ведаеш, які ў калгасе заробак... Давай так зробім: ты сабе заробіш на кепку, тады ты сам ужо яе і купіш, ці мы табе прывязём з Пінска або з якога іншага месца... Думай сам, сыночак... Ты ўжо і ўпраўду вялікі вырас, і табе трэба ад іншых не адставаць...»

Так і выходзілі са становішча: хлопец недзе падзарабляў, некуды наймаўся, працаваў украдкамі ці ўрыўкамі, і калі зарабляў патрэбную суму, тады паўставала ўжо іншая актуальная праблема – якую ж кепку, якога фасону, якога колеру, у якой майстэрні, краме ці ў якога майстра-шаўца замовіць? А калі не лепшую, то каб і не горшую, бо ж потым нехта абавязкова падторкне, што, маўляў, і тут не разабраўся, падманулі цябе, браце.
Ну і калі на руках былі грошы, тады можна было смела «скампанавацца» з кімсьці і рушыць на пошукі жаданай кепкі. Цікава было даведацца, што і выглядвалі, і распытвалі, і траплялі часам у даволі незайздросныя, а то і камічныя сітуацыі. Вось як у наступным выпадку, пра які мне некалі распавёў мой стары сусед-аднавясковец.

Два хлопцы – Васіль і Пятро – вырашылі з’ездзіць ажно ў Лунінец, каб там абнавіць свой «гардэроб» – купіць кепкі. Вельмі ж тады кавалеры любілі пафарсіць перад дзяўчатамі ў такіх галаўных уборах. І калі ішлі, стараліся, каб людзі любым чынам, але звярнулі ўвагу на іхнюю фацэтную рэч. На галаве кепка магла трымацца самым неверагодным чынам. Гэта і рабілася для таго, найперш, каб болей вяскоўцаў глядзелі і потым пахвалілі: маўляў, вось малайчына, прыкупіў сабе тое, што трэба! А ўжо пра дзяўчат і гаварыць не даводзілася: яны і пасмяяцца маглі, што не такую кепку купіў і што на тваёй галаве яна вялізная, як курынае гняздо, і, наадварот, маглі нават частушку скласці пра тое, як «міленькі кепачку займеў...» Адным словам, калі хлопец станавіўся сапраўдным кавалерам, убіраўся ў мужчынскую сілу, без кепкі яму тады проста было не абысціся.

Таму сябрукі, прачнуўшыся ранюсенька, каб паспець на першы цягнік, папёрлі пешкі да Парахонска, бліжэйшай чыгуначнай станцыі. Не так ужо і блізка – пятнаццаць кіламетраў. Ды што гэта за адлегласць для маладых ног, асабліва калі пастаўлена такая мэта. Дзе хуткім крокам, а дзе і подбегам пераадолелі тыя кіламетры незаўважна. Яшчэ і адсапціся паспелі да прыходу машыны на станцыйнай лаўцы. І калі ішлі, і калі сядзелі, гаворкі ўсяго было пра кепку. Кожны гаварыў, якую ён сабе выбярэ. А яшчэ хлопцы заранёў дамаўляліся, што пра цану на рэч будуць гаварыць, значна завышаючы яе кошт. Каб і тут пазайздросцілі, што такія дарагія купілі. Калі ж пачнуць дапытвацца, чаму не ўзялі таннейшых, скажуць, што тыя ці не спадабаліся ім, ці іх ужо разабралі.

Селі ў вагон і неўзабаве былі ў Лунінцы. Там былі ў іх яшчэ нейкія справы, якія паручылі бацькі, але ўвесь час карцела як мага хутчэй набыць кепкі, каб адчуць, што яны ўжо частка іхняга «гардэробу». Усё паспелі: і справы парабілі, і кепкі купілі, і нават на вакзал умудрыліся прыбегчы да апошняга цягніка. Хітравалі Васіль з Пятром, не спяшаліся надзяваць кепкі. Як жа гэта такую дарагую і жаданую рэч ды на галаву, узмыленую і потную, нацягнуць? Яна ж адразу вымурзаецца. Дамовіліся, што надзенуць іх толькі перад самай вёскай, бо там, можа, хто-небудзь з дзяўчат убачыць.
Даехалі адваротны шлях да Парахонска і кінуліся дамоў. Хутка мінулі Бакінічы, Пагост-Загародскі, а перад Ботавам ужо і языкі высалапілі, бо моцна здарожыліся. Вырашылі крыху адпачыць, бо да родных хацін усяго нейкі няпоўны кіламетр заставаўся. Якраз былі ўжо на ўскраіне Ботава, ля тамтэйшых могілак. Селі ля агароджы на паваленую бярозу і закурылі. Усяго і пасядзелі нейкіх хвілін пару. Магчыма, што і свае цыгаркі не дакурылі. Як грохнула-ляснула нешта ззаду, то ім падалося, што ажно зямля ўздрыганулася. Хлопцы, нічога што стомленыя, але так ламанулі, што апамяталіся толькі на чухаўскім мосце. Там Васіль падаў голас:

– А што ж гэта было такое, братка?
– Не ведаю... Нешта вельмі грохнула... Здаецца, і дым нейкі пайшоў... Магчыма, страляў па нас нехта... Думаю, што так і было...
– Не, – не пагадзіўся Васіль, – для простага стрэлу вельмі вялікі гук... Сам памяркуй... Што ты, стрэлаў раней не чуў ніколі?.. Нават знячэўку, а мы б з табою так не злякаліся... Тым болей што не кінуліся б бегчы... Мы ж хлопцы смелыя...
– Не, мне падаецца, што тут ужо спяшацца якраз-такі і не выпадае. Давай лепей усё старанна прадумаем.
– І я з гэтым згодны. Але ж толькі думаць нам надта доўга нельга, бо ж невядома там, што атрымалася з нашымі кепкамі. Калі ж яны, даруй Божа думку такую, прапалі, як жа тады мы дамоў пакажамся?..
– І не кажы, чалавеча. З нас жа тады не толькі дарослыя, але і немаўляты смяяцца стануць. Праходу нідзе не будзе. Усе толькі і рабіць пачнуць, што на нас пальцамі паказваць.
– Ну, ты ж ведаеш, як навіны ў вёсцы нараджаюцца і як цяжка потым яны змяняюцца. Папачэшуць языкамі, папаздзекваюцца з нас...
– І не гавары, і да таго часу гэта рабіць будуць, пакуль хто-небудзь іншы з вяскоўцаў у нешта не ўляпаецца...
– Ага, такое ў нас часта здаралася. Ужо на нашым вяку колькі гісторый усялякіх адбывалася.
– Страшна ці не вельмі, але, братачка, нам назад вярнуцца абавязкова давядзецца... Перавядзём неяк дух і падамося... Можа, хоць ужо супакоіўшыся ды зноў вярнуўшыся да тых могілак, зразумеем, што ж там здарылася на самой справе...
– Так... Што б ужо не здарылася, толькі пёрлі мы з табою, нібы тыя дзясяткі кіламетраў за дзень і не прайшлі... Адно пыл вышэй дрэў уздымаўся ды зямля тугацела...
– Ты яшчэ і прыслухоўваўся... Я проста лупіў нагамі, не задумваючыся і ні ў што не ўглядаючыся... Імкнуўся як мага хутчэй адбегчыся ад таго страшнага месца, дзе нас так налякала невядомая сіла...
– Калі на такое пойдзе, нам потым ніхто не пазайздросціць...
– Ага, хіба што дурань які, ды і то толькі той, які папярэдне нічога ведаць не будзе.
– Так, нешта не тое здарылася.
– Але ж і пёрлі! Ніводнага разу, ві­даць, не азірнуліся! Во што значыць страх! Баяліся прыпыніцца, каб ненарокам тая сіла не дагнала!
– Сіла сілаю, але ж мы свае новенькія кепкі на той бярэзіне пакінулі... Цяпер хочаш не хочаш, а давядзецца вяртацца... І добра яшчэ, каб іх за гэты час ніхто не забраў...
– Ага, трэба вяртацца, каб пераканацца, што ж там за сіла такая нас налякала дазвання і прымусіла ганебна ўцякаць, кінуўшы пакупкі...
...Паціху, паціху хлопцы пракраліся да могілкавай агароджы. Усё баяліся, што тут іх зноў будзе чакаць нейкая неспа­дзяванка. Раптоўна Пятро зарагатаў, ажно заходзіўся:
– Ой, Божачкі! Трымайце мяне!
– Чаго ты? – не зразумеў Васіль. – Што з табою такое? Растлумач, а то рагочаш так, што гатовы па зямлі пакаціцца.
– Пабач, ад чаго мы ўцякалі...
– Што, дзе? – закруціўся на месцы сябрук.
– Ды вунь... Старая калода – «лавушка» для пчол – з дуба абарвалася і грохнулася, а мы ўжо перадумалі тут усялякае... Вунь яна і ляжыць... На кавалкі ад удару і ад старасці рассыпалася...
– Вось табе і нячыстая сіла, – толькі і знайшоўся прамовіць Васіль. – Мы ж ужо думалі, што і беглі за намі, і стралялі па нас... Адным словам, самі з сябе смех склалі... Забіраем, лепей, кепкі ды пайшлі ўжо дамоў...