
Людміла Уланава з Бабруйска: пакуль спявае душа, жыццё працягваецца
172 0
Яе гісторыя – дзіўны прыклад таго, як любоў да мастацтва праходзіць праз усё жыццё, пераадольваючы дзесяцігоддзі і знаходзячы водгук у сэрцах людзей. Людміла Уланава – жанчына, якая зрабіла вельмі шмат для развіцця культурнага жыцця Бабруйска. Нягледзячы на пажылы ўзрост (нядаўна яна адзначыла 80-гадовы юбілей), яна працягвае працаваць, натхняць і выводзіць на сцэну тых, для каго раманс – не проста песня, а адлюстраванне душы.
Лёс прывёў Людмілу Уланаву ў Бабруйск, калі ёй было ўсяго 6 гадоў. Сюды пераехала іх сям’я з Расіі, дзе бацька быў вайскоўцам. Менавіта гэты горад стаў для яе родным на ўсё жыццё. Цяга да музыкі выявілася рана. Яшчэ дзіцём яна імкнулася да прыгожага, і воляй лёсу насупраць іх дома знаходзілася музычная школа. Маці, якая працавала фельчарам, хутка заўважыла схільнасць дачкі да музыкі і падтрымала яе жаданне вучыцца.
«У медработнікі табе нельга, – жартавала маці, ведаючы яе безуважлівасць, – яшчэ не той укол паставіш». І Людміла паступіла ў музычную школу, а пазней – у Мінскае музычнае вучылішча на харавое аддзяленне. Пасля вучобы было размеркаванне ў Плешчаніцы Мінскай вобласці, але неўзабаве яна вярнулася ў Бабруйск. Тут стартаваў яе працоўны шлях настаўніцы спеваў у некалькіх бабруйскіх школах. Але сапраўдны творчы перыяд пачаўся з адкрыццём школы з музычна-харавым ухілам. Менавіта Людміла Барысаўна была адміністратарам, завучам і хормайстрам, яна стварала гэты ўнікальны напрамак.
Вяршыняй яе кар’еры як харавога дырыжора стаў узорны канцэртны хор «Крынічка». Гэта быў сапраўдны феномен. У лепшыя часы ў хоры налічвалася да 80 чалавек. Яны выступалі на сцэнах Мінска, Магілёва, Жодзіна, удзельнічалі ў фестывалях і конкурсах. Рэпертуар быў разнастайны – ад духоўнай музыкі да твораў пра Хатынь, але ён заўсёды кранаў патаемныя струны душы.
Людміла Уланава ўзгадвае, як іх выступленні зачароўвалі залу. Дастаткова было хору выйсці і пачаць спевы, як у зале ўсталёўвалася мёртвая цішыня. Аднойчы ў іх школу прывялі спартсменаў, каб накарміць і крыху забавіць. Дзяцей пасадзілі ў зале слухаць хор. Спачатку яны шушукаліся, але пад канец выступлення сядзелі нібы зачараваныя. Трэнер, звяртаючыся да сваіх выхаванцаў, сказаў: «Яны прымусілі вас сябе слухаць. Яны перамаглі вас. Трэба, каб вы таксама перамагалі, як яны, толькі ў сваёй справе».
Сакрэт поспеху «Крынічкі» Людміла Барысаўна тлумачыць не толькі сваім прафесіяналізмам, але і дзіцячымі талентамі. Яе бацька, мардвін па паходжанні, быў выхадцам з вёскі, дзе ўсе былі надзвычай музычнымі.
«Вось застолле, і ўсе спяваюць адразу на тры галасы рускія народныя песні. Я была ўражана: я ўжо скончыла вучылішча, а там спявалі проста на слых», – дзеліцца жанчына ўспамінамі.
Выйшаўшы на пенсію, Людміла Уланава не змагла сядзець без справы. Яна працягнула працаваць у Цэнтры культуры і вольнага часу Ленінскага раёна. Там яна стварыла вакальны ансамбль лірычнай песні «Натхненне». З часам прыйшло захапленне рамансам.
Цяпер Людміла Барысаўна кіруе вакальнай студыяй «Натхненне» на базе Цэнтра вольнага часу і творчасці Бабруйска. Гэта не проста гурток па інтарэсах, а ўнікальны для Беларусі калектыў, які спявае выключна рамансы і толькі пад жывую музыку: фартэпіяна і ансамбль народных інструментаў. У студыі займаюцца пяць чалавек – сапраўдныя аматары і знаўцы жанру. Сярод іх ёсць самародкі. Адзін з удзельнікаў, якому за 70, спявае італьянскую класіку. А адна з жанчын, па словах кіраўніцы, валодае рэдкім дарам перадаваць настрой раманса так, што моцна бярэ за душу.
Асаблівы гонар Людмілы Барысаўны – яе вучні. Яна з цеплынёй узгадвае, як да яе ў «Крынічку» быўшыя вучні прыводзілі спачатку сваіх дзяцей, а потым і ўнукаў. Многія з яе выхаванцаў сталі прафесійнымі музыкамі. Самая яркая зорка – Сяргей Аграновіч, які з’яўляецца хормайстрам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ў Мінску.
«Калі я прыходжу да яго ў тэатр, Сярожа заўсёды мяне сустракае. Для мяне ён назаўсёды застанецца тым хлопчыкам са школы», – усміхаецца Людміла Барысаўна.
Сёння яе самая вялікая радасць – канцэрты. Тая асаблівая хвіліна, калі пасля выступлення людзі выходзяць з залы з чырвонымі тварамі і палаючымі вачыма. «Яны ідуць дадому натхнёныя, зусім не такія, як прыйшлі. Іх падзяка – вось што самае галоўнае», – кажа яна.
Азіраючыся на свой доўгі і яркі шлях, Людміла Барысаўна не шкадуе ні аб чым. Яна ведае, што яе прызванне – хормайстар. І самая вялікая мара не толькі яе, але і аднадумцаў – каб у Бабруйску з’явілася невялікая канцэртная зала для камернай музыкі, дзе можна было б выступаць у жывым суправаджэнні, без фанаграмы.
Пакуль жа такой пляцоўкі няма, але ёсць яна – Людміла Уланава, якая сваім прыкладам натхняе і паказвае: пакуль спявае душа, жыццё працягваецца.
Таццяна Пацёмкіна
Фота Аляксандра Анташкевіча







