
«Крок направа і паварот, а потым крок назад і ўзяліся за рукі, робім вялікае кола-карагод…» Простыя рухі і цёплыя ўсмешкі аб’ядноўваюць людзей рознага ўзросту, якія захапляюцца танцамі. Аднойчы давялося прысутнічаць на святочным вечары, калі ўдзельнікаў заахвочвалі танчыць народныя танцы. Гэта было так незвычайна, весела і азартна. Потым даведалася, што танцавальныя вечарыны ў тэатры ладзіць клуб бальных і гісторыка-побытавых танцаў «Сябрына». І тут няма абмежаванняў, калі ў чалавека душа танчыць: любы можа далучыцца, не ўмееш – хутка навучаць, самае важнае – шчырае жаданне. На заняткі прыходзяць і падлеткі, і сталыя людзі гадоў пад 80. Дарэчы, менавіта танцоры «Сябрыны» рыхтуюць бабруйчан элегантнага ўзросту да зімовага балю, які ўжо стаў традыцыйным падчас акцыі «От всей души».
Два гады таму на танцавальныя рэпетыцыі выпадкова трапіла і бабруйчанка Юлія Багдановіч. Сама вельмі хвалявалася першы раз ісці і паклікала дзвюх сябровак, а потым проста дзякавала сусвету, што танцы ўвайшлі ў яе жыццё, што можна дакрануцца да гэтай культуры. «Я не прапусціла за гэты час ніводнай рэпетыцыі. Пакуль рыхтаваліся перад балем у Жылічах, вывучылі больш за 20 танцаў. Столькі было ўражанняў, эмоцый, шчасця. і нават слёзы радасці. А калі штосьці вы маеце добрае, прыгожае, гэта немагчыма ўтрымаць у сабе, гэтым трэба дзяліцца, – упэўнена Юлія Уладзіміраўна. – Сталі цікавіцца, дзе ў наваколіцы яшчэ праводзяць балі. Былі ў Красным Беразе, Нясвіжы, Мінску, Крычаве. І такім чынам склалася суполка энтузіастаў, якім усё роўна дзе танчыць: у памяшканні, на вуліцы, пад дажджом… Мы збіраліся ў гарадскім парку, развучвалі новыя танцы. Ёсць у нас апантаны, вельмі таленавіты хлопец Канстанцін Мельнік, ён такі малайчынка, пачаў развівацца ў гэтым накірунку, нават атрымліваць адукацыю з харэаграфіяй. Так пад яго кіраўніцтвам з’явілася «Сябрына» пры Палацы мастацтваў. Калі Канстанцін адсутнічае, давярае мне праводзіць рэпетыцыі».


Паланэзы, вальсы і народныя танцы розных краін свету, «Брэтонскі контрданс», французскі «Турдзіён», італьянская «Тарантэла», карнавальны «Ронда Венецыяна»… – усё гэта паступова ўвайшло ў рэпертуар удзельнікаў «Сябрыны». Юлія расказала: «Самі новыя танцы мы не ставім, а вывучаем тыя, што былі калісьці, вельмі шмат усяго знаходзім на абшарах Інтэрнэту. Здаецца, развучыць штосьці новае, цікавае будзе складана, але дзякуючы Канстанціну ўсё разбіраецца па танцавальных схемах, па рухах. Раз-пораз у праграмах сустаракаюцца беларускія танцы, а іх увогуле лягчэй за ўсё развучыць і запомніць – гэта ж сваё роднае, усім падабаецца».

Да Міжнароднага дня роднай мовы ўсіх жадаючых запрасілі на вечар «Танцы да ўпаду», што прайшоў 21 лютага ў тэатры. Клуб «Сябрына» прысвяціў мерапрыемства беларускім народным танцам. Родная мова жыве ў нашых песнях і танцах, у нашых сэрцах. Каб гэта адчуць, часам дастаткова ўзяцца за рукі і стаць у адзінае кола, як нашы продкі, зрабіць некалькі лёгкіх і прыгожых рухаў у рытме беларускай мелодыі. Здаўна на святах, вячорках у карагодзе адны і тыя ж рухі паўтараліся, з некалькіх камбінацый атрымліваўся танец.
«Мы танчылі ўсе беларускія танцы, што ведаем на дадзены момант, бо нават «Лявоніхі», «Падыспану» існуе некалькі варынтаў. Некаторыя танцы, што паказваем, становяцца асабліва любімымі: людзі кажуць – давайце на паўтор, давайце яшчэ раз станчым. Так падчас мерапрыемства і адбываецца, што звычайна самыя ўдалыя нумары – нашы народныя танцы. Ёсць адаптаваныя, ёсць традыцыйныя. Напрыклад, вось «Маразулю» нашу, можа, у нейкім палацы ці замку танчылі ў старажытны час, калі яшчэ рыцары былі», – распавядае Юлія Багдановіч.
Філасофія «Сябрыны» – танчыць могуць усе, галоўнае – настрой. Чалавек можа не ведаць, баяцца, саромецца, але калі ўжо паспрабаваў, атрымаў асалоду проста ад таго, што спазнаў энергетыку і шчасце танцавальных рухаў.

– Ведаеце, як кажуць: «Калі ў чалавека ёсць голас размаўляць, ён мае магчымасць спяваць. Калі чалавек можа хадзіць, будзьце ўпэўнены, ён і танчыць таксама здолее». Адна жанчына, якая ўжо другі год займаецца, канечне, не заўсёды запамінае ўсе гэтыя рухі і схемы, але ж не можа не танчыць. Аднойчы яна так задуменна сказала: «Гэта ж трэба я патрапіла… Дзякуй Богу!» Танцы дапамагаюць узняцца над нашай рэчаіснасцю. Можна забыцца на ўсе жыццёвыя клопаты, узнёсла палётаць, бо ўсе ж мы крышачку летуценнікі. Спалучэнне рухаў, музыкі, захаплення – гэта яднае, і шчаслівых людзей становіцца больш, – такі вось няхітры танцавальны сакрэт адкрыла Юлія Багдановіч.

Маргарыта Бушуева
Фотаз архіва Юліі Багдановіч







