
Шлях да сябе. Як паэзія і выратаванне людзей сталі адным цэлым у жыцці Аляксандры Лескавец
98 0
Ведаеце, бываюць такія людзі, з якімі пагаворыш – і на душы святлей становіцца. Аляксандра Лескавец менавіта такая. Яна з тых, хто не скардзіцца на лёс, а проста жыве на поўную. І жыве цікава: піша вершы, вучыцца ў медыцынскім каледжы, рыхтуецца стаць фельчарам-акушэрам. І ўсё гэта – нягледзячы ні на што.
Аляксандра нарадзілася ў вёсцы Коўбча Клічаўскага раёна ў сям’і настаўнікаў. Маці выкладала гісторыю, а пасля геаграфію, бацька – фізкультуру. Менавіта бацька Аляксандр Міхайлавіч стаў першым і самым важным чытачом яе дзіцячых вершаў.
«Пахваліў, сказаў, што ў будучыні ў мяне атрымаюцца вельмі добрыя вершы», – прыгадвае яна. Гэтыя словы сталі тым зернем, якое прарасло ў сур’ёзнае захапленне на ўсё жыццё.
Сёння Аляксандра – прызнаны аўтар. Яна пераможца міжнародных конкурсаў, сярод якіх літаратурны конкурс імя Канстанціна Сіманава «Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым», у якім яна атрымала дыплом першай ступені, а таксама ўдзельнік і прызёр конкурсу «Славянская ліра». Яе творы друкаваліся ў беларускіх і расійскіх часопісах і альманахах. У 2019 годзе выйшаў яе невялікі зборнік «Маё жыццё намалюе восень», у якім адлюстраваліся яе любоў да гэтай пары года, яе меланхалічнасць і ўменне бачыць хараство ў простых рэчах.
Адкуль жа яна, такая далікатная жанчына, чэрпае натхненне? І тлумачыць: «Галоўная крыніца – жыццё. Звычайнае жыццё, людзі, уражанні, гістарычныя падзеі. Усё, што адбываецца вакол». І гэта адкрытасць свету знаходзіць водгук у чытачоў: «Кажуць, ты чытаеш мае думкі. Можаш прыгожа перадаць тое, з чым я цалкам згодны», – разважае паэтка.
Нягледзячы на філалагічныя і творчыя поспехі і ўжо наяўную вышэйшую адукацыю эканаміста, Аляксандра вырашыла кардынальна змяніць сваё жыццё: ва ўсвядомленым узросце, у 34 гады, яна паступіла ў Бабруйскі дзяржаўны медыцынскі каледж.
І гэта не было выпадковасцю. У дзяцінстве яна марыла стаць урачом. Пэўны час працавала справаводам у паліклініцы, і менавіта гэта асяроддзе дапамагло вярнуцца дзяўчыне да мары. Вучоба аказалася складанай, але неверагодна цікавай. «Я нават не думала, што мне будзе так цікава», – прызнаецца Аляксандра.
Дарэчы, паэзія нечакана прыйшла на дапамогу і тут. Выкладчыца анатоміі заўважыла, што ў Аляксандры вобразнае, мастацкае мысленне, і параіла вучыць будову цела як мастаку. «Яна навучыла мяне ўяўляць анатомію так, каб гэта было зразумела. І гэта вельмі дапамагло мне ў вучобе», – дзеліцца навучэнка.
Аляксандра часта хварэе і ў такія хвіліны не любіць, калі да яе ставяцца з паблажкай або з празмерным шкадаваннем. Але ж сама выбрала шлях у медыцыну – дапамагаць людзям.
Яе дэвіз па жыцці – «Ніколі не здавацца». І гэта не проста словы. Гэта прынцып, які дазваляе жанчыне спалучаць напружаную вучобу і творчасць. Ці лёгка ёй у гэтым свядома абраным шляху? Не, бо часта даводзіцца ахвяраваць сном і вольным часам. Але яна ні разу не пашкадавала пра свой выбар.
Аляксандра шчыра ўдзячная сваім бацькам, сястры-двайнятцы Вользе і родным за падтрымку. Асаблівае месца ў яе сэрцы займае бацька – «пасечнік, якога любяць пчолы». Менавіта яны, блізкія людзі, даюць ёй сілы рухацца далей. І сама дзяўчына прызнаецца, што яна «бацькава дачка».
Гадоў праз пяць Аляксандра бачыць сябе дыпламаваным медыцынскім работнікам, які працуе па спецыяльнасці. Яна спадзяецца, што побач будуць яе блізкія, падрастаючыя пляменнікі. Не выключае яна і стварэння ўласнай сям’і. Але адно застаецца нязменным – паэзія. Нават калі час на яе абмежаваны, яна застанецца часткай жыцця.
А яшчэ ў жанчыны ёсць смелая мара – пераадолець страх і паляцець на самалёце. Не дзеля падарожжа, а каб даказаць сабе: я магу.
Гэта мара, як і ўсё яе жыццё, – пра пераадоленне і рух наперад.
Аляксандра любіць восень, можа яшчэ і таму, што яна сама рыжая, трохі меланхалічная, але па-добраму. У яе нават выйшаў маленькі зборнік вершаў з такой назвай – «Маё жыццё намалюе восень». Пра што яна марыць? Каб усе блізкія былі жывыя і здаровыя, каб атрымаць дыплом і пайсці працаваць па прафесіі. І калі атрымаецца – стварыць сям’ю.
Мы пагаварылі з паэткай і пра жаночае шчасце. Аляксандра ўпэўнена: яно не бывае для ўсіх аднолькавым. Для адной гэта дзеці, для другой – работа. Паэтка прыводзіць у прыклад сваю даўнюю знаёмую, аднакурсніцу, якая гадуе шасцёра хлопчыкаў і вельмі шчаслівая. А іншая знаходзіць сябе ў кар’еры.
«Трэба любіць сябе і слухаць сябе. Жанчына можа змяняць свет да лепшага, калі яна шчаслівая. А шчасце – гэта проста стан душы», – упэўнена Аляксандра.
І гледзячы на яе, верыш, таму што стан душы ў яе сапраўды прыгожы.
Таццяна Пацёмкіна
Фота Аляксандра Анташкевіча






