
Да родных вытокаў. Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў гандлёва-эканамічным каледжы
2 329 0
Тыдзень беларускай мовы і літаратуры праходзіць зараз у Бабруйскім гандлёва-эканамічным каледжы. Ініцыятарамі праведзення сталі выкладчыкі Вера Алегаўна Іваненка, Аксана Уладзіміраўна Парахневіч, Крысціна Сяргееўна Калінава.
Распачаліся мерапрыемствы 21 лютага, калі адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. У навучальнай установе ў гэты дзень адкрылі выставу “Спадчына”. Трэба сказаць, беларуская экспазіцыя атрымалася вельмі цудоўная, бо ў ёй паўдзельнічалі і педагогі, і навучэнцы. Яны прыносілі рэчы, якія захаваліся ў іх сем’ях і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. На выставе прадставілі старажытнае адзенне і посуд, тканыя посцілкі, вышытыя ручнікі, абрусы, побытавыя прыстасы і прылады працы, якімі карысталіся нашы продкі.
На працягу тэматычнага тыдня для навучэнцаў падрыхтавалі шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў. Віктарына і адкрытыя ўрокі, “Свята роднай мовы”, экскурсія ў бібліятэку імя Астроўскага, дзе размешчана экспазіцыя “Сялянская хата”, квэст па беларускай мове і знаёмства з “Вытокамі беларускай кухні”. Асаблівую цікавасць выклікаў майстар-клас “Выкачай бялізну”. Моладзі расказалі і паказалі, як раней у вёсках з дапамогай рубеля і качалкі прасавалі адзенне і іншыя рэчы. Падлеткі самі паспрабавалі качаць бялізну і пераканаліся, якая гэта была нялегкая справа.
“Нашым імкненнем было зрабіць беларускую мову больш папулярнай і прывабнай для моладзі, наблізіць да традыцый і культуры роднай зямлі, паказаць багатую спадчыну продкаў”, – сказалі выкладчыкі каледжа.

Маргарыта Бушуева





