Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Цэнная сустрэча: Аляксей Дудараў у гiмназii №3

231 0

Цэнная сустрэча: Аляксей Дудараў у гiмназii №3

Аляксей Дудараў – вядомы драматург, сцэнарыст, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі. Аляксей Ануфрыевіч з тых, каго прынята зваць жывым класікам, хоць сам ён – аматар пажартаваць над гэтай мянушкай. Спектаклі паводле яго п'ес «Вечар», «Радавыя», «Чорная панна Нясвіжа», «У прыцемках», «Не пакідай мяне» не сыходзяць са сцэн беларускіх і замежных тэатраў. А фільмы, знятыя паводле яго сцэнарыяў, да гэтага часу прыцягваюць да экранаў гледачоў.

Зоркі сышліся добразычліва для вучняў гімназіі №3. Будучы ў журы фестывалю нацыянальнай драматургіі, пісьменнік знайшоў час для дыялога з моладдзю. Сустрэча была для гімназістаў каштоўнай, бо ў вучэбнай праграме старэйшых класаў вывучэнне твораў класіка.

Аляксей Ануфрыевіч з задавальненнем размаўляе з маладым пакаленнем, «калі клічуць у госці». Вось і на гэты раз ён адзначыў жывыя вочы, поўныя пытанняў, на якія быў атрыманы адказ. Гімназісты запытвалі пра творчы шлях, пра заробкі на «Белых росах», пра складанасці і планы на будучыню. Апошняе пытанне пісьменнік не любіць і адказвае прыказкай: «Хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы». Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што з Аляксеем Ануфрыевічам цёпла і проста размаўляць, яго хочацца слухаць.

У 1985 годзе за п'есу «Радавыя» Аляксей Дудараў атрымаў Дзяржаўную прэмію: «Гэта быў твор «на замову», за які мне спачатку ледзь галаву не знялі. Затое пазней узнагародзілі». Госць расказаў аб сям'і, аб стратах і пасляваенным дзяцінстве, аб сваім працоўным шляху, пачатку і канцы акцёрскай кар'еры і першых радках у раённай газеце, якія беражліва захоўваў у кішэні побач з сэрцам.

Пра натхненне пісьменнік не чуў: піша, калі час ёсць, працуе па сумленні. Часта гэта адбывалася на кухні, пакуль жонка і дзіця адпачывалі, таму не лічыць, што месца пісьменніка павінна быць неяк асабліва добраўпарадкавана. Сваё пакліканне лічыць дыягназам. Неяк яго сын казаў, што яму крыху не хапала бацькі ў дзяцінстве. Аляксей Ануфрыевіч прызнае, што, калі б не было ў яго дыягназу пісьменніка, бацькам ён мог бы быць крышачку лепшым.

За «Белыя росы» аўтар ніяк не хацеў брацца – гэта быў конкурс на лепшы сцэнарый. Але потым яго пераканалі 2 тысячы рублёў ганарара. Аўтар шэдэўра прызнаецца, што пісаў «Вёску» па начах, пасля працы ў тэатры, і яму гэта давалася фізічна складана: ён літаральна валіўся з ног. Вынік не сыходзіць сёння з нашых экранаў. Ігар Дабралюбаў увасобіў Фядоса і трох яго сыноў, якія блізкія і зразумелыя кожнаму.

Па традыцыі правядзення такіх сустрэч з маладым пакаленнем драматург вызначае аднаго вучня, хто яму асабліва спадабаўся ў гутарцы, і дорыць сваю кнігу з аўтографам. А на пытанне, якія кнігі ён бы рэкамендаваў да чытання, ідзе кароткі адказ: «Біблія, Купала і Колас».

Настасся Кастрыца,
фота Аляксандра Анташкевiча