Бобруйский новостной портал BOBRlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Бобруйский портал — Бобруйск новости — бобр лайф — бобрлайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — бж — bobrlife

Бабруйчанка Святлана Комар: «Беларусь дала мне другую Радзіму, а паэзія – другое дыханне»

16 0

Бабруйчанка Святлана Комар: «Беларусь дала мне другую Радзіму, а паэзія – другое дыханне»

Яна ўсё жыццё лічыць сябе савецкім чалавекам, нара­дзілася на Камчатцы, вырасла і працавала ў Ташкенце, але менавіта Беларусь стала ёй другой Радзімай. Святлана Комар – паэтэса, перакладчыца, турыстка, чалавек з незвычайным лёсам. Яна, як і многія іншыя прадстаўнікі яе пакалення, прайшла праз развал Савецкага Саюза, пераезд і пошук новага жыцця.

Нарадзілася будучая паэтэса на Далёкім Усходзе, куды яе бацькоў закінула вайна з Японіяй. Яе маці паходзіла з сялян, у Ташкент яна трапіла з Сібіры пасля раскулачвання. Бацька – ураджэнец Украіны. Усё свядомае жыццё Святланы Львоўны прайшло ў Ташкенце: там яна скончыла школу, інстытут замежных моў, атрымала спецыяльнасць настаўніцы англійскай мовы. Але доўгі час яна рабіла не па спецыяльнасці, толькі незадоўга да пенсіі давялося папрацаваць у школе гадоў пяць. Праца з дзецьмі была цікавай і насычанай на падзеі. Большую частку жыцця яна працавала ў закрытым касмічным бюро перакладчыцай патэнтнага аддзела.

– Гэта быў Ташкенцкі філіял Касмічнага канструктарскага бюро агульнага машынабудавання, – успамінае Святлана Львоўна. – Мы былі моцна засакрэчаны, але валодалі вялікай колькасцю інфармацыі пра касмічныя дасягненні іншых краін. Менавіта ў гэтым бюро была сканструявана грунтазаборная прылада, якая паляцела на Месяц на савецкім касмічным апараце і даставіла адтуль грунт.

У маладосці Святлана захаплялася астраноміяй. Пасля палёту Гагарына ёй захацелася стаць касманаўтам. Гэта было настолькі нерэальна, але ў той жа час яна зацікавілася космасам. Дзякуючы гэтым інта­рэсам і трапіла ў філіял касмічнага бюро.

– Там быў вельмі добры калектыў, былі і свае паэты, – расказвае яна. – Мы складалі вершы для вечароў. У нашай газеце я таксама пісала вершы.

Але не толькі космас займаў яе жыццё. У Ташкенце быў вельмі развіты турызм, і Святлана Комар захапілася горным турызмам. Хадзіла ў паходы з начоўкамі каля вогнішча, у палатках, а пасля апісвала гэтыя паходы ў сваіх вершах. Яна заслужыла значок «Турыст СССР».

– Гэта патрабавала вялікіх фізічных намаганняў і пэўнай вынослівасці, але я ўсё роўна хадзіла ў паходы, – з узнёсласцю расказвае паэтэса.

Было ў яе і яшчэ адно захапленне – конны спорт.

– Я так захаплялася коньмі, – прыгадвае Святлана Львоўна. – Я іх і цяпер не магу раўнадушна бачыць.

Калі пачаўся развал Саюза, Святлана Комар вырашыла пераехаць у Беларусь. Тут ужо жыла яе дачка, жыў брат з жонкай і дзецьмі. І яна пераехала, будучы ўжо ўдавой, у 64 гады.

– Было вельмі цяжка, – прызнаецца яна. – Але душой я прывыкла. Тут я сустрэла добрых людзей, пазнаёмілася, пасябравала. Але ўсё роўна ў Ташкент рвецца мая душа, бо там прайшлі лепшыя гады майго жыцця. Там я вучылася, працавала, развівалася як чалавек, як асоба.

У Беларусі Святлана Львоўна знайшла сябе ў літаратурным аб'яднанні «Сонечныя нівы» пад кіраўніцтвам цудоўнай жанчыны Надзеі Акушкі. А прывяла яе туды паэтэса і проста вельмі добры чалавек Кацярына Собалева.

Ужо ў Бабруйску Святлана Комар выдала некалькі кніг: «Поры года», «Мы дзеці зямлі», «Тры тыдні спякоты», апошняя з якіх прысвечана Ташкенту. Шмат візітак з вершамі паэтаў літаб’яднання «Сонечныя нівы» выпус­калася з дапамогай рэдактара Уладзіміра Лявонцьева.

– У нашым літаб'яднанні выдаюцца візіткі, у якіх сабраны творы аднаго аўтара, – тлумачыць яна. – І  калі праходзіць наш фестываль, прысвечаны Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну, гэтыя візіткі мы выстаўляем у месцах адкрыцця фестывалю. І жадаючыя могуць купіць там зборнічак.

Святлана Львоўна не спыняецца на дасягнутым. Яна выкладвае свае вершы на YouTube і атрымлівае ў каментарыях станоўчыя водгукі.

– Мне гэта вельмі падабаецца, – кажа яна. – Бо прыемна, калі твае вершы камусьці патрэбны.

Акрамя літаратурнай творчасці, Святлана Комар займаецца спортам. Яе любімы – веласіпед. Яна ездзіць за горад, у бок Туголіцы, дзе ёсць прыгожыя азёры.

– Я шмат пішу вершаў, прысвечаных менавіта беларускай прыродзе, – кажа яна.

На працягу чатырнаццаці гадоў паэтэса наведвала фітнес-клуб, дзе займалася аквааэробікай.

– У летні сезон, пакуль ёсць магчымасць купацца ў натуральных вадаёмах, я аддаю перавагу адкласці фітнес-клуб да больш халоднай пары, – расказвае паэтэса.

Святлана Львоўна – аптыміст, яна ўмее радавацца таму, што дае ёй навакольная прырода, само жыццё, яе творчасць.

– Усе мы родам з дзяцінства… Я расла даволі хваравітым дзіцём, – прыгадвае яна.– Але калісьці на ўроку літаратуры я прачытала апавяданне пра тое, што Сувораў таксама рос вельмі кволым і хваравітым, але загартоўваў сябе з самага ранняга дзяцінства. Прык­ладна тое ж самае адбылосяі са мной. Для таго каб паправіць сваё здароўе, я стала займацца спортам.

Святлана Львоўна займалася спартыўнай гімнастыкай, лёгкай атлетыкай, нават уваходзіла ў склад зборнай горада Ташкента і прымала ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах. Яна таксама займалася лепкай, зрабіла скульптурныя партрэты сваіх бацькоў.

– Я многімі рэчамі цікавілася, – з захапленнем прыгадвае яна сваё жыццё.

Святлана Комар лічыць сябе рускай, але ганарыцца тым, што проста савецкі чалавек. Яна палюбіла Беларусь, бо гэта краіна дала ёй прытулак.

– Я тут знайшла сяброў, набыла другую Радзіму. І таму на сённяшні дзень я ўжо лічу сябе беларускай, – з павагай гаворыць паэтэса.

Святлана Львоўна ўдзячная беларусам за тое, што яе прытулілі і прынялі як родную. Яна знайшла сябе ў новай краіне, у новым жыцці, у творчасці. Менавіта Беларусь дала ёй другое дыханне, пра якое яна кажа: «Тут у мяне адбылося другое нараджэнне паэта». Аб гэтым сцвярджаюць радкі паэтэсы, напісаныя сэрцам і душой:

Спасибо Господу за всё,
Что здесь, на свете, я имею,
Надеюсь, жизнь преподнесет
Мне то, о чем мечтать не смею…

Святлана Комар – прыклад таго, як можна знайсці сябе ў новым жыцці, нягледзячы на ўсе цяжкасці.

Таццяна Пацёмкіна
Фота Аляксандра Анташкевіча