Бобруйский новостной портал BOBRlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Бобруйский портал — Бобруйск новости — бобр лайф — бобрлайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — бж — bobrlife

Адкрыццё 79-га тэатральнага сезона прэм’ерай, або Нешта Несцерка прыпас і для нас, і для вас!

95 0

Адкрыццё 79-га тэатральнага сезона прэм’ерай, або Нешта Несцерка прыпас і для нас, і для вас!

Людзі добрыя!
Запрашаем да нас
На вясёлы кірмаш!
Нешта Несцерка прыпас!
І для нас! І для вас!
Гэта праўда! Гэта факт!
І для нас! І для вас!

Радасца вельмі дзіўным, але на кірмаш сваіх дарагіх сяброў запрашае бабруйскі тэатр! Так-так, завітаўшы 8 і 9 верасня а 18.00 да нас, вы ўбачыце незвычайнае відовішча, пачуеце прыемную музыку і галасы любімых артыстаў, паспяваеце і патанчыце, зробіце атмасферныя фотаздымкі – і тым самым разам з намі ўрачыста адкрыеце 79-ы тэатральны сезон, далучыўшыся да культурнай эліты горада!

Але на гэтым дзівосы толькі пачына­юцца: адмыслова да адкрыцця сезона рыхтуецца прэм’ера, а дакладней –  прэм’ера ў квадраце або нават у кубе! Наша рэжысёрска-пастановачная група вырашыла пайсці на смелы эксперымент. Але спачатку крыху гісторыі: у 1940 г. Заслужаны дзеяч БССР Віталь Вольскі напісаў камедыю «Несцерка», у 1979-м яго сын і паэт Артур Вольскі аздобіў камедыю вершамі, а знакаміты кампазітар Рыгор Сурус стварыў да яе музыку – і атрымалася аднайменная музычная камедыя. «У чым жа эксперымент?» – спытае цікаўны глядач. А мы адкажам: «Для пастаноўкі «Несцеркі» мы вызначылі арыгінальны жанр – мюзікл-эскапада». Прычым вызначэнне гэта прыйшло не адразу, а ў працэсе дынамічных рэпетыцый, запісу шматлікіх песень і аранжыроўкі музыкі, пастаноўкі энергічных танцаў, вырабу стыльных, арыгінальных дэкарацый і касцюмаў. Аб’яднаць усё гэта стала магчымым у мюзікл-эскападу – сучасную музычную экстравагантную выхадку, пабудаваную на беларускім народным матэрыяле.

Хто ж спрычыніўся да гэтай гісторыі? Як вядома, рэжысёр-пастаноўшчык ка­ардынуе ўсю працу над спектаклем. Так сталася і тут: пад прафесійным кіраўніц­твам Змітра Нуянзіна на працягу паўгода плённа працавала вялікая творчая міжнародная каманда. Аранжыроўку музычных нумароў выконваў Павел Бойка, запрошаны з Расіі. Саўнд-дызайн ажыццяўляў кіраўнік музычнай часткі нашага тэатра Аляксандр Пятруша. Аўтар сцэнаграфіі і касцюмаў – Андрэй Меранкоў, галоўны мастак Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Каб нашы артысты спявалі яшчэ лепш, з імі займалася хармайстар Ганна Паўлюкевіч. Прыдумваючы танцы пад мудрагелістую музыку, плённа папрацавалі балетмайстар Рыта Папруга і артыст тэатра Аляксандр Ціханаў.

Як кругі па вадзе, ад гэтых людзей праца разыходзілася па службах: шчыравалі сталярны, музычны, швейны, мастацкі, бутафорны, асвятляльны, радыё- і манціровачны цэхі. Дэкарацыі ў народнай тэхніцы выцінанкі (ды яшчэ велічэзныя, у маштабе сцэны!) для нас выраблялі на ТАА «ДП-тэхноладжы» ў Мінску. Што ўжо казаць пра артыстаў, якія рыхтуюцца да, бадай, самай важнай справы: выйсці на сцэну ў дзень прэм’еры і адыграць так, каб спадабалася гледачам!

Колькі б мы ні распавядалі пра тых файных творчых людзей, што падрыхтавалі для Бабруйска падарунак да новага тэатральнага сезона, убачыць на свае вочы вынік іх працы – гэта лепшае, што вы, дарагія сябры, можаце зрабіць для нас! А на свае вочы вы ўбачыце наш новы, арыгінальны погляд на беларускую нацыянальную класіку. Мы не спыняемся на 1940-1979 гадах ХХ стагоддзя, калі ствараўся «Несцерка», а глядзім на яго сёння, у ХХІ стагоддзі, калі імклівы час падганяе нас развівацца, быць сучаснымі, моднымі і цікавымі для гледачоў розных узростаў: няўрымслівых падлеткаў, іх разважлівых бацькоў і дасведчаных бабуль і дзядуль.

Падсумоўваючы, мы кажам вам, дарагія нашы сябры-гледачы: «Хочаце ўпершыню на нашай сцэне ўбачыць мюзікл-­эскападу ў стылі лепшых традыцый «Славянскага базару», адчуць узаемны абмен станоўчымі эмоцыямі падчас феерычнага, вясёлага, дынамічнага спектакля – тады прыходзьце да нас! Хочаце далучыцца да беларускай класікі, расказанай сучаснай тэатральнай мовай, разбурыць стэрэатып пра сумную, нецікавую беларускую літаратуру і пераканацца ў яе надзённасці, «моднасці» і яскравасці – завітвайце на нашу імпрэзу! А героі «Несцеркі» не пашкадуюць для вас пажаданняў:

«Няхай на радасць людзям
Заўжды ў вас шчасце будзе,
Хай гора ды нястача
Не знойдуць вас нідзе!»
Таццяна Мурманцава.