– Вера ў Бога падзяліла маё жыццё на да і пасля, перавярнула кардынальна свядомасць і дала сілы жыць і несці дабро на гэтай Зямлі, – так пачала аповед пра сябе бабруйская паэтка Лілія Cямёнаўна Касцян.
Нарадзілася яна ў 1960 годзе ў сям'і глуханямых і да шасці гадоў жыла з бацькамі ва Украіне пад Кіевам. Разумення паміж бацькамі не было, адсюль і дзяцінства было складаным. Бацька нядрэнна маляваў і быў добрым фатографам – дачцэ перадаліся яго творчыя гены. Але, на жаль, сям'я распалася, і выхаваннем Лілі і яе малодшай сястры Элы заняліся бабуля і дзядуля. Дзеці часта хварэлі, таму пажылым людзям прыйшлося праз многае прайсці, каб вырасціць дзяўчынак. Жылі яны ў вёсцы Сычкава, што пад Бабруйскам. У першы клас дзяўчынка пайшла ў Глуску (там быў кругласутачны інтэрнат), бо ў роднай вёсцы школа знаходзілася амаль за тры кіламетры ад дома. Бабуля вырашыла, што дзіця занадта малое, каб кожны дзень дабірацца да школы самастойна. У інтэрнаце дзяўчынка часта плакала і чакала прыезду родных,
седзячы на падаконніку і гледзячы ў акно. Тады на нервовай глебе ў дзіцяці знік сон. Неўзабаве яе маці выдзелілі пакой у Бабруйску (кватэра была разлічана на дзве сям'і), і тая забрала дзяцей да сябе. У другім пакоі жыла іншая сям'я – жонка і муж, яна – перакладчыца з грамадства глухіх, ён – просты рабочы (татарын па паходжанні). Аднойчы да мужчыны з яго радзімы прыехаў брат, які захапляўся паэзіяй і сам пісаў вершы. Сусед па кватэры расказаў брату, што дзяўчынка добра рыфмуе. Тады 12-гадоваму падлетку яны далі заданне – зарыфмаваць некалькі слоў. І атрымалася вось такое чатырохрадкоўе:
Умирает осенью природа…
Что поделаешь? Такое время года…
Не жалей, дружок, природы,
Пожалей свои младые годы…
Першыя яе слухачы ўхвалілі рыфму, пажартавалі паміж сабой і далі гасцінец дзяўчынцы. З тых часоў так было заўсёды: зарыфмаваць віншаванні на розныя святы – дзень нараджэння, вяселле, юбілеі – не складала для Лілі працы. Шмат вершаў у яе біяграфічных, некаторыя з іх напісаны ў пераломны момант жыцця, калі ў сэрцы з'яўлялася вера. У паэзіі ўспамінала мінулае – яе хвалявала дзяцінства, а калі гэта тэма вычарпалася, яна пісала пра сваіх продкаў – пра дзядоў, прадзедаў. Непакоіла тэма Вялікай Айчыннай вайны, бо з дзяцінства чула жудасныя расказы пра яе ад бабулі. Тая падчас вайны хацела пайсці ў партызаны, але яе не пусціла маці, сказаўшы, што не будзе даглядаць яе маленькую дачушку. Тады яна стала ўсяляк дапамагаць партызанам – кожны дзень прыносіла ім соль, ушытую ў падол спадніцы. Солі ў партызан не было, таму яна вельмі шанавалася. Бабуля была добрым апавядальнікам: расказвала, як пасля вайны хадзілі на «вячоркі» ў суседнюю вёску (туды ішлі басанож, а толькі потым апраналі лапці – шкадавалі па дарозе іх сапсаваць). Прыгадвае Лілія сямёнаўна, як бабуля гуляла з унучкамі ў старадаўнія гульні, а па вечарах да іх прыходзілі ў госці пажылыя жанчыны – распавядалі розныя гісторыі, пад трэск лучыны спявалі песні на беларускай мове. Тады ж ад гэтых жанчын-працаўніц дзяўчынка і пачула ўпершыню гукі пявучай беларускай мовы. Гэта мова чаравала сваімі меладычнасцю і своеасаблівасцю. З тых даўніх часоў напісанне ўласных вершаў на беларускай мове для дзяўчыны стала асаблівым, значным дзействам.
З трапяткім пачуццём і цеплынёй яна падыходзіць да напісання вершаў на роднай мове.
Наведваючы месца пахавання ахвяр бабруйскага гета, Лілія Сямёнаўна напісала верш «Рэквіем». Вось радкі,
народжаныя гэтымі жудаснымі ўспамінамі яе родных:
Чуеце? Рэквіем у небе гучыць –
Кожную восень плачуць дажджы…
Бо ў магіле, у Каменцы горкай,
Хто насіў на грудзях сваю зорку.
Пазганялі іх, зорных, ля ямы стаяці –
Усё гета, ды туляцца дзеці да маці,
Стрэлы, крыкі ды плач ва ўсім свеце,
Душы лісцем панёс у неба вецер...
Закружыў іх, у гета збірае,
Ды мацней страшны рэквіем грае...
Сціхла ўсё, захаваліся боль ды трывога,
Назаўсёды яны адляталі… Ляцелі да Бога…
Бабуля Вольга ведала шмат былін, павер'яў і ўсе свае жыццёвыя гісторыі расказвала ўнучцы – так фармаваўся кругагляд дзяўчынкі. Значную ролю ў яе жыцці адыграў дзядуля, хоць быў не родным па крыві. Бабуля, у якой была адна дачка, выйшла замуж за ўдаўца з трыма дзецьмі. Дзядуля паказаў названай унучцы прыклад бязмежнай любові. Гэта выяўлялася ў дробязях: прачынаючыся, Ліля кожны дзень бачыла на зэдліку ў шкляначцы кветкі. Увесну – пралескі, летам – незабудкі і іншыя палявыя кветачкі. Ён проста любіў сваю ўнучку – дзяўчынку з вялікімі чорнымі вачыма. Дзядуля дараваў Лілі ўсе яе дзіцячыя свавольствы, заступаўся, калі лаяла бабуля (часам па справе). Прыгадвае паэтка, як яны разам з дзедам лавілі ўюноў, а потым салілі іх і сушылі на печцы. Дзед Палікарп шмат укладваўся ў яе духоўна. Густ дзяцінства не перадаць… І ён, зразумела, у кожнага свой…
Да пераезду на новую кватэру (а ёй тады было гадоў 12-13) ў Лілі было больш вясковае выхаванне. У горадзе ж яна пазнаёмілася з суседскай дзяўчынкай Ядзяй, у бацькоў якой была вялікая бібліятэка. Дзеці бралі ў яе кнігі па чарзе, мяняліся, чыталі дзень і ноч (часам гэта нават перашкаджала вучобе). З паэтаў Лілі вельмі падабаліся Яўген Еўтушэнка, Юлія Друніна, Эдуард Асадаў, любіла Пушкіна і ствараемыя ім вобразы: «любовь, любовь, внемли моленьям, пошли мне вновь твои виденья». Шмат чытала з паэзіі Ясеніна, знаходзіла яго вершы, невядомыя шырокай публіцы, і захаплялася імі.
Зачароўвала дзяўчыну паэзія Уладзіміра сямёнавіча Высоцкага. На яе думку, паэт ствараў шыкоўныя радкі: «землю толкаю сапогами от себя», «когда вода всемирного потопа вернулась вдруг в границы берегов, из пены уходящего потока на землю тихо выбралась любовь...»
Такая высокая паэзія падахвочвала да напісання вершаў і саму Лілю. Па літаратуры ў дзяўчыны былі адны пяцёркі. Потым, праз гады, Лілія Сямёнаўна стала наведваць царкву, увайшла ў хрысціянскую літаратурную арганізацыю «Мілата», стала браць удзел у літаратурных канферэнцыях, дзе чытала і чытае да гэтага часу вершы ўласнага сачынення. Да іх далучыліся аднадумцы – паэты, скульптары – з розных гарадоў Беларусі і нават з іншых краін. Раней канферэнцыі праходзілі штомесяц у розных гарадах нашай рэспублікі – Мінску, Стоўбцах, Нясвіжы, Брэсце, Слоніме, Гарадзеі, а зараз, пасля пандэміі, раз у паўгода. Па словах паэткі, у той час ёю было напісана больш за ўсё вершаў. Аўтарка з захапленнем тлумачыць, што ў гэтым літаратурным грамадстве ніхто не парушае твае межы і правы, не кранае індывідуальнасць. Творчыя людзі дапамагаюць і вучаць пісаць вершы правільна, падказваюць, як лепш. Калегі «па цэху» – літаратары, філолагі, навукоўцы, паэты – накіроўвалі яе ў складальніцтве вершаў, і яе вершаваныя радкі зайгралі новымі фарбамі. Тады ўсё і пайшло-паехала… Асабліва раней паездкі былі цікавыя і духоўна насычаныя, але пандэмія ўнесла свае карэктывы. Прыгадваючы той перыяд у сваім жыцці, у бабруйскай паэткі ўзніклі такія вершаваныя радкі:
Нібы здаровы, моцны трактар,
Усе творы ўзараў рэдактар,
Падняў усё, перавярнуў,
У глыбіны верша заглянуў.
Нібыта заглянуў у душу,
Дык вось сяджу і зноў пішу…
Асабліва запомнілася аўтарцы паездка на радзіму Якуба Коласа. Экскурсію праводзіў пляменнік знакамітага паэта, які так віртуозна валодаў роднай мовай, што беларуская гаворка з яго вуснаў набывала нейкую адметную мілагучнасць.
Успамінаючы ўвесь свой жыццёвы шлях, Лілія Сямёнаўна шкадуе, што з прафесіяй неяк не склалася – не было каму дапамагчы накіраваць у патрэбнае рэчышча, таму і не змагла атрымаць прафесію па душы. Маці гадавала дачок адна, і было вельмі цяжкае матэрыяльнае становішча, таму яна хацела як мага хутчэй адправіць дзяцей на працу. Калі б тады была магчымасць у дзяўчыны выбраць сабе будучую прафесію па душы і вывучыцца на яе, жыццё склалася б інакш. Лёс быў перакручаны, і жыццё пайшло не ў тым кірунку, як хацелася б. Яна адчувала сябе птушкай з падрэзанымі крыламі. Працавала ў розных арганізацыях горада: на заводзе табельшчыцай, на абутковай фабрыцы, у друкарні, ва ўпраўленні статыстыкі, але належнай радасці і задавальнення нідзе не знайшла. Паэтка прыгадвае той час, калі працавала на заводзе. Там прадавалі мастацкую літаратуру. Лепшыя кнігі людзі куплялі, а ў нагрузку ім давалі зборнікі вершаў розных паэтаў. За непатрэбнасцю некаторыя людзі пакідалі зборнікі там жа, а забіралі іх тыя, хто цікавіўся паэзіяй, каму яна была блізкая. Тады ж Лілія Касцян пазнаёмілася з творчасцю такіх паэтаў, як Людміла Шчэпахіна, Яўген Еўтушэнка.
Цяпер, як ніколі раней, яна вельмі задаволена сваім жыццём: жыве ў сваім доме, вырошчвае кветкі, займаецца вышыўкай, дызайнам і азеляненнем, захапляецца фатаграфіяй, любіць збіраць грыбы, ягады, служыць пры царкве сурдаперакладчыцай, там жа набыла шмат сяброў. Доўгі час (па просьбе валанцёраў) прыглядала за анкахворым хлопцам у Бараўлянах. Зараз у якасці выхавальніцы ў Каменецкім рэабілітацыйным цэнтры дапамагае людзям, якія спатыкнуліся ў жыцці, вярнуцца на правільны шлях. У цэнтры паэтка разам з людзьмі, якія там пражываюць, вывучае Біблію, слова Божае, а дапамагаюць ім у гэтай добрай справе хрысціянскія арганізацыі.
Толькі ў рэабілітацыйным цэнтры Лілія сямёнаўна стала аналізаваць, як многія па-рознаму прыходзяць да Бога, як ён іх памяняў. Людзі, якія апусціліся, алкаголікі, наркаманы, прыходзяць да Бога праз негатыўнае мінулае. Але і знешне, здаецца, шчаслівыя людзі, у якіх адбыліся якія-небудзь псіхалагічныя траўмы, па розных прычынах прыходзяць да веры: у каго ў душы пустата, і яе трэба чымсьці запоўніць, калі здаецца, што смерць – гэта і ёсць збавенне ад усіх бед і пакут, чалавек запаўняе гэту пустату верай.
Прыходзіць усведамленне таго, што душа маладая незалежна ад узросту. Яна вечная, а таму трэба паспець тут, на Зямлі, зрабіць як мага больш добрых спраў, бо за ўсё зробленае калісьці будзе справаздача перад Богам.
І калі мы звяртаемся да Усявышняга, ён чуе нашы малітвы, але дае нам не тое, што мы просім, а тое, што нам трэба. Да такой жыццёвай філасофіі прыйшла бабруйская паэтка Лілія Сямёнаўна Касцян.
На яе думку, вера ў Бога дапамагае будаваць адносіны з людзьмі, разумець іх, вучыць бачыць свае памылкі, праяўляць ласку да людзей, дараваць ім многія агрэхі. Чалавек павінен працаваць над сабой, карэкціраваць свае пачуцці і паводзіны, каб не пакрыўдзіць кагосьці…
Таццяна Пацёмкіна



