
Водгулле Міжнароднага дня тэатра гучыць да гэтага часу! Напярэдадні мы прымалі з гастролямі Палескі драматычны тэатр са спектаклем “Вій” і Магілёўскі абласны драматычны тэатр са спектаклем “Тарцюф”. У святочны дзень, 27 сакавіка, віталі сваіх прыхільнікаў прэм’ерай “Маленькія камедыі” па Чэхаву. Святочная атмасфера падштурхнула гэтымі днямі ўзгадаць пачынальніка беларускага нацыянальнага тэатра — Вінцэнта Іванавіча Дуніна-Марцінкевіча, — і тым самым яшчэ раз павіншаваць усіх неабыякавых да тэатральнага мастацтва з Міжнародным днём тэатра!
Вельмі прадбачлівы быў наш продак: быццам ведаў, што ўпісвае нас у міжнародную суполку людзей, якія ў 1961 годзе пачнуць святкаваць Міжнародны дзень тэатра. Як у ваду глядзеў Уладзіслаў Сыракомля, суайчыннік і сучаснік Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, паэт, драматург, перакладчык, літаратурны крытык і краязнаўца, калі пісаў пра яго: “Вы стварылі аснову для будоўлі беларускага тэатра. Пасля вас беларусы могуць сказаць: “У нас ёсць беларускі нацыянальны тэатр. Ён па справядлівасці павінен называцца “Тэатр Марцінкевіча”.
Праляцеўшы праз час і прастору, гэтыя словы спраўдзіліся: мы, беларусы ўвогуле і бабруйчане ў прыватнасці, з гонарам і ўдзячнасцю кажам: “Тэатр Марцінкевіча ёсць!” Ганарымся тым, што ў 1977 тэатру, у якім мы працуем, прысвоілі імя знакамітага земляка. Тым, што праз 20 год, у 1997 годзе, непасрэдна каля будынку тэатра ўстаноўлены бюст Дуніну-Марцінкевічу з белага мармуру. У людзей, нават калі яны проста ідуць міма тэатра, узнікае жаданне прыгледзецца да выявы класіка, падумаць, задаць сабе пытанні наконт прыналежнасці сябе да нацыі, якую Дунін-Марцінкевіч 200 год таму пачаў узнімаць на новыя вяршыні. Ганарымся тым, што наш тэатр — адзіны ў Беларусі, дзе пастаўлены ўсе яго п’есы, тым, што ў нас ёсць свой адметны здабытак — Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Іванавіча Дуніна-Марцінкевіча! Ёсць слушныя спадзяванні, што мы годныя нашчадкі вялікага продка-земляка.
Узгадваючы зараз, у 214-ую гадавіну з дня нараджэння, пра знакамітага земляка, мы дзякуем яму за магчымасць быць культурнай нацыяй: менавіта такія вельмі шануюць памяць выбітных сыноў сваіх і ў гадавіну нараджэння ўспамінаюць іх заслугі. Такія нацыянальныя ўспаміны маюць вялікае значэнне: асвятляюць перад народам жыццё і працу лепшых грамадзян, паказваюць моц і сілу ўсяе нацыі, каторая такіх сыноў узгадавала, развіваюць у народзе павагу да сябе самога, будзяць нацыянальную свядомасць, а разам з гэтым заахвочваюць кожнага да працы для грамадства.
І слова «подзвіг» тут зусім не перабольшанне. Сапраўды, у часы Дуніна- Марцінкевіча адкрыта ў друку заявіць, што селянін такі ж чалавек, як пан або царскі чыноўнік, а яго мова такая ж людская, як польская або руская, што «нямаш зямелькі, як Беларусь родна!» – на гэта ўсё патрэбна была не толькі прадбачлівасць, але і вялікая мужнасць. Пісьменніку ўдалося ўжыцца ў душу простага селяніна, зразумець яго думкі, яго гора, яго таемныя душэўныя жаданні, палюбіць яго горача і ўвесь свой літаратурны талент прысвяціць падняццю яго да лепшага, людскага жыцця.
Верш, паэма, вершаваная аповесць, камедыя, фарс-вадэвіль, опернае лібрэта, публіцыстыка, паэтычны пераклад – далёка не ўсім літаратурам пашанцавала, каб ля самых іх вытокаў адразу сталі такія мастацкія віды і жанры, як гэта здарылася з нашай літаратурай, дзякуючы Беларускаму Дудару. А да чыста літаратурнага таленту Дуніна-Марцінкевіча дадаюцца ж яшчэ і іншыя яго выдатныя здольнасці – як артыста, спевака, кампазітара, рэжысёра, стваральніка і мастацкага кіраўніка першага нацыянальнага тэатральнага калектыву.
Бацька беларускага музычна-драматычнага тэатра ўзяў на сябе надзвычай складаную задачу – стварыць менавіта сінтэтычны тэатр, які б арганічна аб’яднаў, увабраў усе віды сцэнічнага мастацтва: драматычнага, музычнага, вакальнага, танцавальнага. Нашы пастаянныя гледачы могуць ацаніць, наколькі мы працягваем традыцыі Дуніна-Марцінкевіча: большасць пастановак рэпертуару і з’яўляюцца такімі, рознабаковымі: ёсць у нас драмы і камедыі, вершы і музыка, танцы і спевы. І хоць у цяперашні момант няма ні адной пастаноўкі па п’есах Дуніна-Марцінкевіча, нашы творчыя планы і задумкі актыўна накіраваны менавіта ў гэты бок.
Магчыма, некаторыя скажуць: “Што яшчэ нам невядома пра Дуніна-Марцінкевіча? У школе вывучалі, “Пінскую шляхту” чыталі” . Але, насамрэч, імя класіка да гэтага часу лічыцца адным з самых перспектыўных для даследаванняў: вельмі шмат яшчэ загадак звязана з яго асобай. І хрэстаматыйны вобраз Беларускага Дудара з курса школьнай праграмы ўсё менш супадае з тым Вінцэнтам Марцінкевічам, пра жыццё якога расказваюць архіўныя дакументы. Зараз ужо не так важна, што праўда, а што — не, што было, а што — легенда. Гісторыя стварае асобу, або наадварот, асоба стварае легенду, гісторыю?

Шматлікія матэрыялы даследаванняў друкаваліся ў перыядычных выданнях, інтэрнэт-рэсурсы таксама змяшчаюць шмат інфармацыі на гэты конт — ушануйце памяць вялікага земляка, перачытайце п’есу або прачытайце ўпершыню вершы Вінцэнта. Магчыма, у каго-небудзь з’явіцца жаданне наведаць памятныя месцы ў горадзе? Давайце сустрэнемся ў гарадскім парку культуры і адпачынку, дзе знаходзіцца помнік Дуніну-Марцінкевічу. Або ў касцёле Беззаганнага зачацця Святой Дзевы Марыі, дзе месціцца мемарыяльная дошка: “Году гасподняга 1808 дня 4 лютага ў Бабруйску быў ахрышчаны Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”. Незалежна ад веравызнання, мы можам запаліць там свечку і падумаць пра яго, пра сябе. Самыя смелыя і лёгкія на пад’ём могуць наведаць Бабруйскі раённы краязнаўчы музей у вёсцы Сычкава, дзе знаходзіцца мемарыяльная дошка ў гонар класіка, і месца былога фальварка Панюшкавічы, якое пазначана знакам у выглядзе альтанкі і камня з надпісам: “На гэтым месцы знаходзілася сядзіба, дзе ў 1808 годзе нарадзіўся В.І. Дунін-Марцінкевіч, класік беларускай драматургіі”.
Мы не можам сказаць, ці трэба гэта тым, хто на нябёсах, але гэта трэба нам, сучасным беларусам: разумець якасць закладзенага культурнага падмурку, не згубіць традыцыі і здабыткі сёння і перадаць наступным пакаленням развітымі, удасканаленымі і прымножанымі.
Шлю, браты, вам прывітанне,
Помніце павек спяванне
Дудара, што к вам імкнуўся.
Ад цнатлівай Беларусі
Дар прыміце — вершаў ношку;
Ёсць тут усяго патрошку.
В.Дунін-Марцінкевіч. Да пачцівых беларусаў







