Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Жыццё яго не ўмясціць у дылогію… Мінуў год, як няма з намі Міхаіла Сяргеевіча Кузьміча

1 642 0

Жыццё яго не ўмясціць у дылогію… Мінуў год, як няма з намі Міхаіла Сяргеевіча Кузьміча

Мінуў год, як няма з намі Міхаіла Сяргеевіча Кузьміча

Яго бабруйчане ведалі не толькі як дырэктара гарбарнага камбіната, а затым аднаго з лідараў клуба «Кіраўнік», але і як таленавітага паэта. Гэта яго паэма «Дзед Базыль» зрабіла ў свой час сапраўдны фурор, выклікала параўнанні ледзь не са знакамітай «Новай зямлёй» Якуба Коласа. Распавёўшы яркай паэтычнай мовай пра гісторыю рода, сваёй сям’і, Міхаіл Сяргеевіч не спыніўся ў творчым развіцці, працягваў працаваць над вершаваным аповедам пра сваіх родзічаў і пра сябе. І толькі каварная смерць, напаткаўшая аўтара, не дазволіла нам усім убачыць працяг аўтабіяграфічнага твора, амаль падрыхтаванага да друку. Дзякуючы намаганням пляменніка Аляксандра Пахалка, які прынёс набраны рукапіс дзядзькі Міхася ў рэдакцыю «БЖ», сёння мы маем магчымасць пазнаёміцца з урыўкамі новай паэмы М.С. Кузьміча пад назвай «Унук Міхась».

«Не маглі назваць іначай…»

Твор пачынаецца главой «Малая ра­дзіма», якая распавядае пра родную вёску з гаворачай назвай Любанічы, якая не магла звацца іначай, «бо ўсё ў ёй прыгожа». Як і ва ўсёй паэме, аўтар раз-­пораз праводзіць паралелі, звязаныя з «Дзедам Базылём». Ён расказвае, як з Налібокскай пушчы дзед з аднавяскоўцамі, што вярталіся з бежанства, перавезлі ў Любанічы царкву:

Усё рабілась асцярожна –

Былі здзекі, здрада.

Цэркву нельга, касцёл можна…

Польскай была ўлада.

Дарослыя марылі аб уз'яднанні з Беларуссю, а малыя яшчэ не разумелі, як жывецца пад пэўным нацыянальным уціскам. Таму і чатырохгадовы Міхаська быў заняты звычайнымі хлапчуковымі справамі.

Колькі раз на ліпу гэту

Лазіў да макушкі.

Каб убачыць канец свету,

Во! Каб быць, як птушкі!

Але ж на яго вачах адбываліся сапраўды гістарычныя падзеі.

Помню вуліцу: да свету

Прыбраная да ладу.

Бачу, вунь ідуць Саветы:

«Далоў польску ўладу!»

У другой главе «З дзяцінства» паэт прызнаецца, што не паспеў зразумець, лепш ці горш стала жыццё пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з яго Карэліччынай у адзіную краіну, бо за які год яго дзіцячыя абавязкі не вельмі змяніліся. Як і раней, хлапчук «выганяў скаціну пас­віць на росну палянку».

«Быў, не быў шчаслівым…»

Віхур далейшага жыцця закруціў маленькага Міхася. У 1940-м пайшоў у школу, што адразу зрабіла яго больш  дарослым. Але зусім усё памянялася, калі пачалася вайна, вёску акупіравалі немцы.

Бачу, едуць ў матацыклах,

Па трое на кожным.

Немцы! Зразу стала прыкра –

На ваўкоў падобны.

І хаця ён па-ранейшаму пасвіў кароў, гэта справа была ўжо далёкая ад даваеннай пастаралі. Адзін з эпізодаў той пары, калі даглядаў статак ля моста, прыгадвае наш паэт:

А сцярвятнікі кружылі,

Ўсё кідалі бомбы.

Буронак пабіла, крыві лужы,

У вушах жа як бы тромбы.

Нарэшце іх вёску аслабанілі байцы Чыр­вонай Арміі. Ім, малым, таксама хацелася адпомсціць захопнікам за ­смерць­ родных і за разбурэнні на роднай зямлі. Але далей на захад пайшлі бацькі і старэйшыя браты. Яны ж пачалі авалоданне ваеннай справай на месцах былых баёў. Ох і жудасная гэта была справа!

Хлапчукам якія гульні?

Снарады, патроны.

І калечыліся ж дурні,

Былі і пахароны.

Тым часам пайшоў у салдаты і Міхасёў бацька.

Нейкім цудам – фронт, гарматы,

Аж зямля траслася –

Вёска наша, гумны, хаты

Цэлай засталася.

Яшчэ больш стала трывожна падлетку.

Гітлер год яшчэ трымаўся,

Пакуль Берлін узялі.

Мала хто жывым застаўся

З тых, хто ваявалі.

«Няхай сам сабе дарогу ў жыцці выбірае…»

І якое ж было шчасце, калі скончылася вайна, вярнуўся дамоў бацька, ды яшчэ гармонік і ровар у падарунак сыну прывёз! Ён жа быў ужо вучнем сярэдняй школы – пехам, на лыжах хадзіў і на веласіпеде ездзіў за дзесяць кіламетраў на заняткі ў любое надвор'е. Хутка, як ва ўсіх маладых, пряляцелі школьныя гады, але не скончылася вучоба. Лепшай пары студэнтства Міхаіл Сяргеевіч прысвяціў ажно тры главы сваёй паэмы – «Абітурыент», «Уступныя экзамены», «Студэнтства». У вершаванай форме перад чытачом адкрываюцца такія факты з біяграфіі галоўнага героя, як заканчэнне Цырынскай сярэдняй школы, паступленне і вучоба ў Мінскім інстытуце народнай гаспадаркі, накіраванне на работу ў Гродзенскі аблвыканкам, вучоба ў аспірантуры.

Наступныя часткі твора – «Дырэктар», «Праз гады, праз расставанні», «Дачнік» – маюць непасрэднае дачыненне да жыцця і работы М.С. Кузьміча ў нашым горадзе на Бярэзіне.

Кіраваць мне давялося

Гарбарнаю справай.

Меў награды, паважаны

Людзьмі і дзяржавай.

Прызнаўшы Бабруйск лепшым горадам для жыцця, Міхаіл Сяргеевіч шмат сіл аддаў удасканаленню вытворчых працэсаў на гарбарным камбінаце, інтэнсіўнымі метадамі вырашаў жыллёвую праблему для яго працаўнікоў, актыўна ўдзельнічаў у грамадскай дзейнасці і самадзейнай творчасці ў нашым горадзе. Прынцыпова выказваўся ветэран працы і ардэнаносец аб палітычных падзеях у краіне і свеце.

Шмат было ў жыцці загадак,

Хто толькі не гадзіў?!

А ці быў хоць раз выпадак,

Беларус каб здрадзіў?

Ён дзяліўся куском хлеба

З рускім чалавекам.

Бараніў Маскву як трэба,

Як сваю, спрадвеку.

А калі вельмі паважаны ўзрост, ня­ўмольная хвароба і ўласнае абвостранае пачуццё адказнасці прасігналізавалі аб неабходнасці змены пакаленняў, Міхаіл Сяргеевіч здаў справы на кіраўніцкім пасту клуба «Кіраўнік», застаўшыся яго актыўным удзельнікам; перамясціў свой рабочы кабінет на садовы участак насуп­раць «Бабруйскаграмаша» і, нарэш­це, аддаўся цалкам творчай рабоце там жа – пад гуд пчол, шолах чарэшань и яблынь ды посвіст драздоў. Рэаліст па жыцці, ён і ў новай паэме прадстае абсалютна шчырым:

Бо такі ўжо лёс жывога –

Паміраць і… баста.

Не шкадуе смерць нікога –

Ды не ў пору часта.

Вось і яго – Міхаіла Сяргеевіча Кузьміча – спякотным днем 24 ліпеня летась не стала. Але засталася дылогія яго паэтычнага адлюстравання ўласнага і нашага агульнага жыцця, яго і нашай любові да роднага краю.

Жылі тут спрадвеку ў згодзе

Іваны, Абрамы, Настусі.

Дзяцей гадавалі, цярпелі нягоды

У мілым куточку Белае Русі.

У пойме ракі тут баброў былі хаткі,

Прытокі, кустарнік – раздолле.

Цяпер тут заводы, масты, камбінаты,

Машыны снуюць ў наваколлі.

Для МАЗаў абутак мы тут вырабляем,

Прылады, што ў полі шчыруюць.

З вайскоўцамі цесную дружбу трымаем,

Сяброў у нас дужа шануюць.

Мы голавы нізка заўсёды схіляем,

Дзе стэлы стаяць ці хоць крыжык жалезны.

Мы імя і прозвішча кожнага знаем,

Хто згінуў за край незалежны.

Прыгожыя вуліцы, людзі ў працы…

Штодня бы «Дажынкі» рыхтуюць.

Старадаўнія храмы, гарадскія палацы

Ніколі ў нас не пустуюць.

Квітнее Бабруйск у небывалай красе,

Яго прыгажосць мы шануем усе.

Няхай назаўжды, на гады і вякі,

Шчаслівымі будуць мае землякі!

Аляксандр Казак. Фота аўтара.