
Што робіць любую экскурсію незабыўнай? Напэўна, майстэрства экскурсавода пераплятаць гістарычную фактуру з эмоцыямі і гумарам жыхара, каб атрымаліся падарожжа па стагоддзях і шчырая размова. Жывуць у Бабруйску людзі, для якіх гэта не толькі вуліцы і будынкі, гістарычныя славутасці. Яны бачаць характар, памяць і душу горада, якія адлюстроўваюцца ў асабістых адкрыццях і глыбокай любові да роднага месца. Гэта адчувае кожны, хто знаёміцца з Бабруйскам разам з Юліяй Багдановіч. Бабруйчанка стала экскурсаводам каля двух гадоў назад, кардынальна памяняўшы прафесію на буйным прадпрыемстве. І водгукі турыстаў пацвярджаюць, што зрабіла правільна. У яе цудоўна атрымоўваецца распавядаць і закахаць у Бабруйск нават чалавека, які ўпершыню сюды прыехаў. Юлія Уладзіміраўна такім чынам сваім асабістым укладам садзейнічае развіццю турызма і прывабнасці горада на Бярэзіне.
Юля нарадзілася ў сям’і настаўнікаў-гісторыкаў, таму з дзяцінства яе спадарожнікамі былі кніжкі-чытанкі з малюнкамі і рознымі аповедамі. Бацькі і літаратура паўплывалі на светапогляд, разнастайнасць інтарэсаў. Дзяўчынка добра вучылася ў школе. А паколькі яе мама была настаўнікам гісторыі, супрацоўнікам цэнтра краязнаўства і турызму, пашчасціла ўдзельнічаць у археалагічных раскопках. На той момант да працы былі запрошаны гісторыкі і археолагі з акадэміі навук. Хтосьці капаў Дзеднава, хтосьці – курганныя могільнікі вёсцы Маяк, хтосьці знайшоў першабытныя стаянкі эпохі неаліту.
– Канечне, гэта не вельмі паўплывала на выбар прафесіі, а проста былі фон і сумесны час разам з бацькамі, – прызнаецца Юлія Багдановіч. – Я ўсё сваё школьнае жыццё рыхтавалася па хіміі, фізіцы, гэтыя дысцыпліны цікавілі і здаваліся лёгкімі. І так атрымалася, што, будучы нават студэнткай хімічнага факультэта, я на вакацыях прымала ўдзел у археалагічных раскопках ужо не толькі ў Бабруйску. Гэта было такое хоббі. Калі прыязджалі на вучобу, усе дзяліліся, як правялі лета: хто на мора з’ездзіў, хто ў вёску, а ў мяне заўсёды былі раскопкі і самыя лепшыя і цікавыя расповеды пра гэты час.

Потым так склалася, што дзяўчына прыехала ў Бабруйск пасля працы па спецыяльнасці ў Мінску. І тут ёй хацелася куды-небудзь сябе накіраваць, акрамя працы. «Вольнага часу было не так шмат. і нават сяброў не вельмі вялікае кола. Але ж чалавек ідзе, і калі ёсць нейкая энергія, якая яго вядзе, заўсёды знойдуцца аднадумцы, паплечнікі, якія тым самым цікавяцца, – гаворыць бабруйчанка. – Трэба было самой сабе прызнацца, што пра свой уласны горад не ведала, хоць і пісала калісьці нейкія работы, сачыненні школьніцай, але ж гэта было проста для адзнакі. Не было глыбіннага стаўлення да гісторыі, не ведала я свой горад так, як трэба, мабыць, чалавеку, які тут жыве як грамадзянін, гараджанін. І таму старалася, калі ладзіліся нейкія экскурсіі па Бабруйску, прымаць удзел і слухаць. Гэта было так цікава! Чаму я раней пра гэта не ведала?»
Юлія бачыла, колькі ўсяго змяшчае наш горад, што сапраўды можа прывабіць і турыстаў, і сваіх жа бабруйчан. Калі прыязджалі да яе ў госці сябры ці аднакурснікі, спачатку было пытанне: а куды іх завесці, што паказаць у горадзе? А потым і маршрут складваўся, бо цікавых месцаў у нас вельмі шмат.

– Ходзім цэлы дзень – і не надакучыла, а мая сяброўка кажа: «Ведаеш, мы з дзецьмі вандравалі і ў Магілёў, Гомель, Гродна, Брэст, але больш за ўсё нам спадабаўся Бабруйск. Дзякуючы табе мы закахаліся ў яго». Вось тады напэўна быў штуршок: ты можаш так зрабіць, што людзі бачаць твой горад закаханымі вачамі, – успамінае Юлія Уладзіміраўна той момант, калі прыйшло ўсведамленне змяніць прафесію. – Паспрабаваць стаць прафесійным экскурсаводам, канечне, было страшна. Трэба было падрыхтавацца, здаць іспыт, цяжка было адважыцца. Але як я кажу: «Дорогу осилит идущий». Так усё склалася, што і сябры, і аўтарытэтныя для мяне людзі, якія ў гэтай прафесіі ўжо даўно, ведаюць і любяць горад, падтрымалі і крышачку накіравалі, замацавалі гэтую ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца. Ну а як даведацца, калі не паспрабуеш? І калі атрымалася, калі пачаліся першыя групы з турыстамі, канечне, хвалявалася. Нават былі складаныя групы – выкладчыкі з кансерваторыі, навучэнцы і выкладчыкі з Гомельскага медыцынскага ўніверсітэту, супрацоўнікі адной з мінскіх бальніц, даволі разнастайныя людзі. Калі пайшлі ўжо групы з расійскімі турыстамі, з Масквы, Санкт-Пецярбурга, я спачатку думала, чым жа мы можам іх тут здзіўляць, калі яны жывуць у самых велізарных гарадах свету, а тут наш невялічкі Бабруйск. Але праўду сказаў адзін вельмі мудры чалавек, што па гораду мусіць вадзіць і знаёміць чалавек, які яго любіць. І гэта не толькі наконт Бабруйска, а пра любы горад. Бярыце такого чалавека, і ў вас атрымаецца лепшая экскурсія».
Як у кожнага экскурсавода і проста жыхара, у Юліі Багдановіч ёсць любімыя мясціны, куды водзіць турыстаў, дзе любіць гуляць і адпачываць. Затон на рацэ, крэпасць-люнэт, станцыя Бярэзіна, маляўнічыя краявіды горада... Адно з такіх месцаў, дзе звычайна прыпыняюцца турысты, – паблізу гімназіі №3: тут быў дом сям’і Варанцовых-Вельямінавых, тут знаходзіцца Алея Праведнікаў. «У нашым сучасным жыцці столькі рознай мітусні, столькі розных канфліктаў паміж людзьмі, а тут месца памяці, дзе ты можаш узгадаць, што хтосьці рызыкаваў уласным і жыццём сваёй сям’і, каб у Вялікую Айчынную вайну выратаваць, можна сказаць, чужога чалавека, нават не сваяка, іншай нацыянальнасці. Калі б даведаліся фашысты, што хтосьці не трапіў у гетта, гэта была б яшчэ большая бяда. Вось такія моманты нагадваюць, што спрэчкі нейкія, мітусня – усё гэта дробязі, а ёсць пэўныя маральныя каштоўнасці, нешта большае, што нас аб’ядноўвае з усім чалавецтвам», – разважае Юлія Уладзіміраўна.

Каб адчуць атмасферу старога Бабруйска, экскурсавод раіць пачытаць «Легенды Інваліднай вуліцы» Эфраіма Севелы, «Вниз по Шоссейной» Абрама Рабкіна і іншых бабруйскіх пісьменнікаў. Гісторыі майстроў слова дапамаюць распавядаць пра той даўні час, пра людзей, што калісьці хадзілі па вуліцах нашага горада.
– Калі маскоўскія турысты перапытваюць у мяне назвы кніг, якія я ўзгадвала падчас экскурсіі, гэта ўсё так шчыра, так пранікнёна… І гэта вельмі даходзіць да душы, натхняе яшчэ больш развівацца ў гэтай сферы, – дзеліцца Юлія. – Канечне, даволі цяжка, калі з людзьмі ўвесь час, бо разнастайныя турысты ёсць. Бывае, не адчуваеш адразу, ці цікава ім тое, што ты распавядаеш, ці не. А потым бачыш іх зацікаўленыя, неабыякавыя вочы. Напрыканцы экскурсіі яны пачынаюць абдымацца і дзякаваць за тое, што ўжо закаханыя ў наш горад і не чакалі, што так атрымаецца. Думалі: ну паглядзім, калі ўжо тут адпачываем у санаторыі ці наведвалі бліжэйшыя мястэчкі, чаму б не заехаць у Бабруйск. А потым з зусім іншымі думкамі, пачуццямі кажуць: «Мы яшчэ прыедзем». І гэта лічу на свой уласны гонар, што таксама дакранулася да душ людзей прыгажосцю і самабытнасцю нашага горада.


Вось такія ў Бабруйску жывуць цудоўныя гараджанкі з адкрытым добрым сэрцам і жаданнем праслаўляць родны горад. У Год беларускай жанчыны папрасілі Юлію Багдановіч намаляваць вобраз бабруйчанкі, і ў яе атрымаўся даволі паэтычны партрэт: «Нашы бабруйскія жанчыны спачатку сціплыя, але калі вы здолееце і адважыцеся з імі пазнаёміцца, зразумееце, якія яны ўсмешлівыя, вельмі шчырыя, неабыякавыя, жаноцкія і самыя прыгожыя. Вось такія мы – бабруйчанкі».
Маргарыта Бушуева
Фота з архіва Юліі Багдановіч





