Спектаклю «Несцерка» прысуджаны Спецыяльны дыплом журы Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М@рт-кантакт» з фармуліроўкай «За сучаснае ўвасабленне беларускай класікі»!
Традыцыйна ў сакавіку, напярэдадні Міжнароднага дня тэатра, у Магілёве адбыўся «М@рт-кантакт»: сямнаццаты раз гледачы насалоджваліся фестывальнымі спектаклямі разнастайных жанраў па п’есах класічных і сучасных аўтараў. Каб уяўляць маштаб форуму, трэба адзначыць, што на суд журы было прадстаўлена дваццаць тры спектаклі з шасці краін – Беларусі, Расіі, Балгарыі, Кыргызстана, Арменіі і Казахстана. У сваю чаргу ў форуме ўзялі ўдзел і шэсць беларускіх тэатраў: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек, Гомельскі абласны драматычны тэатр, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы і ваш пакорны слуга – тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча. І трэба надаць належнае – мы стварылі прэцэдэнт: наш мюзікл-эскапада «Несцерка» (аўтары – Р. Сурус, В. Вольскі і А. Вольскі, рэжысёр – Дз. Нуянзін, мастак – А. Меранкоў) быў адзіным ва ўсёй міжнароднай праграме форуму спектаклем беларускіх аўтараў на беларускай мове!
І менавіта з гэтай прычыны на нас звярнулі ўвагу і аглядальнік «Расійскай газеты» Святлана Рыгораўна Мазурава, і маладзёжнае журы форуму, якое складалася са студэнтак Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва. Як вы разумееце, яны не ведаюць беларускай мовы, а тым больш – асаблівасцяў галоўнага нацыянальнага фальклорнага героя Несцеркі. Але гэтыя «дробныя непрыемнасці» не змаглі сапсаваць уражанняў ад нашай экстравагантнай выхадкі. Бо мова музыкі, спеваў, танцаў, сцэнаграфіі і акцёрскага майстэрства міжнародная і міжнацыянальная. Доказам з’яўляецца тое, што нашы госці шчыра выказалі сваё захапленне ад маштабнасці і грандыёзнасці задумы, а яшчэ больш ад тэхнічнага выканання і стылёвага ўвасаблення, рэжысёрскага і мастацкага рашэння. Да спадобы аказаліся нашым гасцям і велічэзныя выцінанкі памерам са сцэну, якія лётаюць падчас спектакля, бы пушынкі; і бабуліны самаробныя палавікі; і энергічная сучасная аранжыроўка музыкі Рыгора Фёдаравіча Суруса саракагадовай даўніны; і адзіны стылёвы малюнак касцюмаў; і імклівая, безупынная харэаграфія; і душэўныя спевы ўжывую; і зладжаны акцёрскі ансамбль; і сучасны маладзёжны погляд на беларускую нацыянальную класіку. Таму і адзначылі нашы госці, што мы зацікавілі іх саміх паглыбіцца ў нашы культуру і літаратуру і, безумоўна, дасягнулі пастаўленай мэты – прыцягнулі ўвагу моладзі да галоўнага нацыянальнага героя Несцеркі, зрабілі яго сучасным, маладым, блізкім сённяшняму чалавеку.
Гледачы і журы падчас спектакля мелі гонар вітаць самога аўтара музыкі – Рыгора Фёдаравіча Суруса, які ўжо стаў нашым добрым сябрам і ледзь не самым адданым прыхільнікам нашай экстравагантнай выхадкі! Знакаміты кампазітар ад прэм’еры ў верасні не спыняе здзіўляцца і захапляцца, наколькі цікавы і сучасны наш варыянт неўміручага «Несцеркі». А як жа прыемна было яму (і нам таксама!) пасля спектакля пачуць шчырыя словы падзякі ад глядачкі з Краснаполля, якая набыла квіток менавіта на «Несцерку» яшчэ ў лютым, калі толькі з’явілася афіша «М@рт-кантакту»! Ці трэба дадаваць, што атмасфера ў глядзельнай зале адпавядала настрою на сцэне: шэсцьсот чалавек, здаецца, разам з героямі пакутавалі або радаваліся, захапляліся або асуджалі, смяяліся або спачувалі і ледзь не ўскоквалі з месцаў, каб падхапіць флэшмобаўскія танцы пад завадную музыку!
Агульную атмасферу свята перадае самы яскравы глядацкі каментар у сацсетках: «Дзякуй за «Несцерку! Наведаўшы сёння ваш мюзікл, я акунулася ў мора яскравых, добрых і самых светлых эмоцый, асабліва дзякуючы шкаляру Самахвальскаму. Гульня акцёраў была на вышыні, а кожны ваш рух быў вельмі лёгкім для гледача. Творчых поспехаў вам, артысты!»
Доўгага жыцця і творчых поспехаў нашаму «Несцерку»!
Таццяна Мурманцава.
Фота Алы Сказавай.





