Бобруйский новостной портал BOBRlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Бобруйский портал — Бобруйск новости — бобр лайф — бобрлайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — бж — bobrlife

Яна нарадзілася ў Казахстане, а знайшла свой голас у Беларусі. Лёс i вершы Галіны Вярыгінай з Бабруйска

39 0

Яна нарадзілася ў Казахстане, а знайшла свой голас у Беларусі. Лёс i вершы Галіны Вярыгінай з Бабруйска

Галіна Вярыгіна да дзесяці гадоў жыла ў казахстанскім пасёлку Ігісай. Менавіта там, сярод стэпаў, дзе летам пячэ гарачае сонца, а зімой такі мароз, што ў школу было не дайсці, яна напісала сваё першае чатырохрадкоўе. Пра вайну. Ёй самой тады здавалася дзіўным, чаму менавіта пра вайну, але побач была кітайская граніца, дарослыя ўсё часцей гаварылі пра напружаныя абставіны ў той час, і, уразіўшыся, дзяўчына напісала хвалюючыя яе радочкі верша. Потым быў напісаны верш пра касманаўта Шаталава: яна ўбачыла яго па тэлевізары, і словы самі склаліся ў радкі – такім было дзіцячае здзіўленне перад ­космасам.

Бацькі трымалі вялікую гаспадарку: кароў, курэй. Маці працавала загадчыцай склада, бацька: летам – на камбайне, зімой – на трактары.

У дзяцінстве было шмат прыгод, дзеці ў той час прыдумвалі сабе забавы самастойна. Так, па ўспамінах Галіны Леанідаўны, яны з сябрамі залівалі ваду ў суслічыя норкі, каб паглядзець, як з другога канца выскакваюць звяркі. Выкопвалі ў полі дзікі часнок: «зялёны хвосцік тырчыць, падкалупнеш – і елі». Яблык у Казахстане не было, толькі прывазныя ранеткі, затое кавуноў і дынь – колькі хочаш. Такім было яе жыццё да прыезду ў Беларусь, на радзіму бацькоў.

Бацькі – беларусы з Асіповіцкага раёна, з вёскі Вязаўніца. Ажаніўшыся, яны паехалі на асваенне цалінных зямель у Казахстан, там і засталіся на доўгія гады. А ў 1969-м вырашылі вяртацца на Радзіму. Для Галіны і яе братоў Беларусь была чужой. Прырода іншая, хаты іншыя, і галоўнае – мова. Яна не разумела па-беларуску. У класе пасябравала з дзяўчынкай, якая стала для яе своеасаблівым перакладчыкам – дапамагала ёй разумець беларускую спеўную мову.

 

У вёсцы, на Радзіме бацькоў, будучая паэтэса скончыла восем класаў. У дзявяты не пайшла – трэба было хадзіць у суседнюю вёску, а дома яшчэ было трое меншых братоў і сясцёр, якія нарадзіліся ўжо ў Беларусі, і патрэбна было дапамагаць бацькам. Спачатку яна працавала на ферме – дапамагала маці, а потым паступіла ў Мінскае будаўнічае вучылішча. Калі скончыла яго, накіравалі ў Бабруйск. Тут яна пайшла на стройку, потым пазнаёмілася з будучым мужам, нарадзіла дваіх дзяцей і ўладкавалася ў дзіцячы сад. Працавала з самымі маленькімі – ад года да трох. Адукацыі не хапала, але яна скончыла курсы і працавала з душой. «Дзеці мяне любілі, і я іх любіла», – кажа Галіна Леанідаўна.

А потым здарылася бяда – раптоўна памёр муж. Галіна засталася з маленькімі дзецьмі. Праз некаторы час яна выйшла замуж другі раз, нарадзіўся трэці сын. Здавалася, што жыццё наладжваецца, але сын захварэў і ў 25 гадоў памёр. Потым не стала і мужа. Гэта былі гады, калі хацелася проста застацца дома і нікуды не выходзіць.

Але Галіна Леанідаўна знайшла ў сабе сілы. Менавіта тады, у самыя цяжкія моманты жыцця, побач апынуліся дзеці. Як кажа сама паэтэса, без іх дапамогі яна б не справілася. Дзякуючы ім яна змагла вярнуцца да любімай справы – пісаць вершы. Дзеці сталі яе першымі слухачамі і крытыкамі. Дачка і ўнучка таксама пішуць вершы, пакуль што для сябе, але гэта значыць, што ­паэтычная жылка перадаецца далей. А яшчэ Галіна Вярыгіна – шчаслівая бабуля шасці ўнукаў. «Ёсць дзеля каго жыць, пісаць вершы і радавацца таму, што мяне акружае», – гаворыць яна.

Гэта падтрымка дала ёй сілы шукаць сябе далей. Яна заўсёды любіла спяваць – гэта ў іх сямейнае, дома гучалі песні: спявалі і бацька, і мама. Галіна Леанідаўна даведалася, што ў горадзе ёсць хор «Бабруйскія зоры», і прыйшла туды. Стала выступаць разам з хорам у санаторыях, парках, на розных канцэртах. І працягвала пі­саць. Першы верш пасля доўгага перапынку быў пра сам хор. Потым з’явіліся іншыя – пра жыццё, пра прыроду, пра каханне. Аднойчы яна напісала верш пра пажылую пару, якую заўважыла на вуліцы. Гэтыя блізкія людзі вельмі яе ўразілі: яны ішлі з палачкамі, падтрымліваючы адзін аднаго пад руку. Бабруйская паэтэса спынілася і доўга глядзела ім услед. «Гэта ж цэлая гісторыя... – думала яна. – Столькі гадоў разам, а дагэтуль трымаюцца адзін за аднаго».

Гады два таму знаёмая запрасіла яе ў літаб’яднанне «Сонечныя нівы». Галіна Вярыгіна дагэтуль ніколі не чула пра такое. Яна прыйшла і спачатку баялася нават адкрываць рот: «Мае вершы ніхто не чуў, нідзе не друкаваліся». Але там яе сустрэлі вельмі цёпла, падказвалі пра рыфму і памер пры напісанні вершаў, падтрымлівалі ва ўсім. Цяпер яна ходзіць туды ўжо трэці год. За гэты час напісала каля пяцідзесяці вершаў. Бабруйская паэтэса пачала друкаваць свае вершы ў часопісе «Эшлі» літаб’яднання і ў газеце «Бабруйскае жыццё». Яна стала частым удзельнікам творчых вечароў у школах, гімназіях, бібліятэках.

 

«Калі я іду на сустрэчу са сваімі аднадумцамі па літаратурным аб’яднанні, мне здаецца, што я лячу, – смяецца Галіна Леанідаўна. – Там такія людзі: хто спявае, хто на гармоніку грае, хто сцэнкі ставіць. Мы п’ём гарбату, чытаем вершы і не заўважаем, як праходзіць час. І ўзрост забываеш».

Паэтэса лічыць, што кожны чалавек – гэта маленькі сусвет са сваёй гісторыяй, сумнай ці вясёлай.

Цяпер Галіна Вярыгіна марыць выдаць зборнік. Няхай невялікі, але свой. «Я прачынаюся раніцай і ведаю, што мяне чакаюць, што я камусьці патрэбная, – гаворыць яна. – На пенсіі жыццё не спыняецца, яно набірае новыя абароты. Дзякуй Богу, што ён даў мне гэты дар – пісаць вершы, каб людзі чулі і бачылі іх».

…Пора начать мне жизнь сначала,
Пора ее пересмотреть,
Ведь столько лет уж миновало,
Плохое с памяти стереть.
Ослабь на миг свои оковы,
Пойми меня и отпусти,
Ведь я готова к жизни новой,
А ты – прими, за всё прости…
Я шла, дорогой спотыкалась,
Вставала, гордо помолясь,
Бог шептал: «Чуть-чуть осталось…
Верши свой путь живя, смеясь…»

І гэта не пра мінулае – гэта пра тое, што будзе. Гэтыя радкі сталі яе творчым маніфестам. Гісторыя жыцця Галіны Вярыгінай расказвае пра тое, што талент не згасае нават пасля самых цёмных дзён. І калі побач ёсць дзеці, аднадумцы, вершы, песні і проста жаданне ўсміхацца раніцы – жыццё абавязкова працягнецца.

Таццяна Пацёмкіна
Фота Аляксандра Анташкевіча