Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Як песня, жыве яго імя ў народзе. Да 140-й гадавіны з дня нараджэння Янкі Купалы

177 0

Як песня, жыве яго імя ў народзе. Да 140-й гадавіны з дня нараджэння Янкі Купалы

Пясняр не раз перасякаўся ў жыцці з баб­руйчанамі, а таксама з людзьмі, што доб­ра ведалі наш горад на Бярэзіне. Паспрабуем прасачыць пуцявіны, якімі сапраўды народны паэт спасцігаў гісторыю і сучаснае яму жыццё Бабруйска ў адпушчаны яму лёсам нядоўгі век.

Не загаснуць зоркі ў небе…

Яшчэ ў 1915 годзе Янка Купала пад крыптанімам «К-а» ў газеце «Наша ніва» адгукнуўся на «Залёты», як ён тады пазначыў, – «аперэтку Вінцука Дуніна-­Марцінкевіча». Рэцэнзія была напісана з нагоды пастаноўкі аперэты нашага земляка-­драматурга, убачыўшай святло ў 1870-м, а надрукаванай аж у 1918-м. Больш таго, паколькі, па словах Купалы, «Залёты» ў арыгінале напісаны мешанай мовай – беларускай і польскай, паэт пераклаў польскі тэкст на беларускую.

А ў 1921 годзе дэлегацыя 1-й Бабруйскай беларускай школы другой ступені, дырэктарам якой быў будучы вядомы ­географ-эканаміст Мікалай Азбукін, пры­ехала да народнага паэта, каб папрасіць да­зволу прысвоіць іх адукацыйнай установе яго імя. Вучні і настаўнік былі цёпла сустрэты Янкам Купалам і Змітраком Бядулем, мелі з імі цікавую гутарку і нават атрымалі на добры ўспамін першы купалаўскі паэтычны зборнік «Жалейка» з аўтографам.

Адным з першых пасля рэвалюцыі ў маладой БССР узяўся за пастаноўку п’есы «Паўлінка» драматычны гурток педагагічных курсаў «Крыніца», што працавалі ў нашым горадзе. І трэба сказаць, спектакль атрымаўся і меў вялікі поспех у гледачоў. Пра яго нават напісалі ў рэс­публіканскай прэсе. Акрыленыя ўдалым вынікам удзель­нікі прэм’еры сфатаграфаваліся і адправілі здымкі Янку Купалу з надпісамі на іх: «У памяць аб «Паўлінцы» ў Бабруйску на Бярэзінскім фарштаце ў Народным доме».

Але ўсе гэтыя кантакты песняра з баб­руйчанамі былі па-за межамі горада, часцей, як бы сказалі сёння, дыстанцыйныя, «на ўдалёнцы». Тым не менш, і ў Мінску ён сустракаўся з нашымі землякамі, міжволі даведваўся ад іх аб жыцці прыбярэзінскай сталіцы. Адным з калег пісьменніка быў ураджэнец Бабруйска Сямён Вальфсон – прафесар Беларускага дзяржаўнага універсытэта, пазней дырэктар Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР і аўтар першага ў Савецкім Саюзе падручніка для вышэйшай школы «Дыялектычны матэрыялізм».

Менавіта з ім і іншымі вядомымі дзеячамі навукі, культуры і мастацтва Янка Купала ў канцы 1920-х выступаў супраць

дэспатызму польскіх улад у Заходняй Беларусі, звяртаўся да працоўных і культурных дзеячоў усяго свету з заклікам згуртавацца вакол міжнароднай арганізацыі дапамогі палітвязням. У прыватнасці, калі ў 1928 годзе на сходзе літаратараў і вучоных Мінска быў створаны Камітэт работнікаў і пісьменнікаў БССР па абароне «Беларускай сялянска-работніцкай грамады», які ўзначаліў Янка Купала, дык намеснікамі ў яго былі Якуб Колас і Сямён Вальфсон. Плённа супрацоўнічалі яны і ў Інстытуце беларускай культуры, права­дзейнымі членамі якога з’яўляліся.

Думак дар, сэрца жар…

Упершыню ж непасрэдна наведаў наш горад на Бярэзіне народны паэт у лютым 1930-га, калі ў час трохмесячніка беларускай культуры выступаў на літаратурных вечарах, сустракаўся з ­бабруйчанамі. Акурат у той год з Баб­руйска ў беларускую сталіцу пераехаў нядаўні рэдактар акруговай газеты «Камуніст» Міхась Лынькоў. Там ён уліўся ў шэрагі пісьменніцкага актыву і даволі часта сустракаўся з Янкам Купалам, працаваў з іншымі беларускімі празаікамі і паэтамі. Напрыклад, у тым жа годзе яны абодва падпісалі пратэст супраць польскага фашызма, у якім былі і такія словы: «…мы ўпэўнены, што толькі адзіны фронт працоўных Польшчы, Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі можа спы­ніць злачынствы польскага фашызму і паскорыць канец яго панавання».

Праз два гады разам з Янкам Купалам і Міхасём Лыньковым у дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў наведаў Днепра­гэс яшчэ адзін наш зямляк – Платон Галавач. І ў тым жа годзе да літаратараў, што падпісалі пратэст супроць «фашыстоўскага суда над тав. Б. Тарашкевічам» далучыўся другі бабруйскі пакутнік – Барыс Мікуліч. Увогуле, з’яўляючыся членамі адной пісьменніцкай арганізацыі, і народны паэт, і выхадцы з Бабруйска даволі часта разам выступалі са зваротамі, рознымі дэкларацыямі. Так, у 1933 годзе Купала, Лынькоў, Мікуліч і Галавач разам з іншымі калегамі далі адказ камсамольцам Случчыны, якія праз газету «Чырвоная змена» патрабавалі ад беларускіх майстроў мастацкага слова новых п'ес, песеннікаў, дэкламатараў, інсцэніровак, зборнікаў апавяданняў. «Так, гэта рахунак, які мы, савецкія пісьменнікі, прымаем і абавязваемся аплаціць. Аплаціць мы яго павінны разам з Народным камісарыятам асветы і Дзяржаўным выдавецтвам Беларусі. Мы ўпэўнены, што пры напружанай нашай працы пад не­пасрэдным кіраўніцтвам ЦК КП(б)Б адсталы ўчастак на фронце культмасавай работы ў калгасах, а менавіта самадзейнае мастацтва – будзе ўзнята на належную вышыню…» – гаварылася ў лісце.

Яшчэ праз два гады Галавач і першы ў Беларусі народны паэт разам былі на адкрыцці помніка Тарасу Шаўчэнку ў Харкаве. У наступным, 1936, годзе наш Платон Галавач ставіў подпіс побач з Янкам Купалам і яго паплечнікамі ў віншаванні Рамэну Ралану, які прымаў удзел у рабоце міжнароднага антыфашысцкага кан­грэса ў СССР. Ён жа і Міхась Лынькоў разам з песняром віталі працоўны калектыў Магілёўскай фабрыкі штучнага шоўку з нагоды яе пяцігоддзя. У сваіх успамінах пазней Міхась Ціханавіч узгадваў пра паездкі з Янкам Купалам на адкрыццё Асінаўскай электрастанцыі і Беламорскага канала, на Руставелеўскія чытанні ў Тбілісі і на пісьменніцкі пленум у Кіеве – «…ніякі час не сатрэ з памяці воблік гэтага незвычайнага чалавека-жыццялюба і вялікага паэта. Ніякія гады не сатруць з памяці яго цудоўную ўсмешку. Купалаўскую ўсмешку».

Як ніва сонечнай вясны… 

Тройчы наведваў наш горад на Бярэзіне Янка Купала ў 1936 годзе. У студзені ён прымаў удзел у вечарыне, прысвечанай маючаму адбыцца ў Мінску чарговаму пленуму Саюза пісьменнікаў СССР. У маі па запрашэнні артыстаў Другога Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра, які як раз тады гастраляваў у ­Бабруйску, прыехаў дапамагчы ў падрыхтоўцы прэм’еры спектакля па яго п’есе «Паўлінка». А ў чэрвені пясняр прысутнічаў на яе пастаноўцы ў праграме вечара беларускіх вадэвіляў.

Наконт апошняга эпізоду ёсць успамін рэжысёра Паўла Малчанава: «…Аднойчы ў разгар работы над спектаклем у ­Бабруйск прыехалі Янка Купала, Уладзіслава Францаўна (жонка паэта – А.К.) і Пятрусь Броўка. І адразу да нас. Паглядзелі рэпетыцыю і, відаць, былі задаволены, таму што Купала пажадаў сфатаграфавацца з калектывам тэатра. Вось з таго часу і ­застаўся фота­здымак, што цяпер выстаўлен у музеі: Янка Купала і побач з ім хлопец у касаваротцы. Хлопец той – гэта я».

У перадваенныя гады Іван Дамінікавіч (сапраўднае імя Купалы – А.К.) па-ранейшаму захоўваў актыўную грамадзянскую пазіцыю. Раўняліся на яго і таварышы з пісьменніцкага саюза, чый лёс быў звязаны з нашым горадам. У адным з лістоў да Сталіна, які накіравалі разам з Купалам Міхась Лынькоў, Платон Галавач і Барыс Мікуліч, напрыклад, гаварылася: «Пачуццё вялікага болю, нянавісці да ворагаў агарнула нас, калі даведаліся мы, што тройчы прэзрэнныя Троцкі, Зіноўеў і Каменеў адабралі ад народа палкага правадыра, чалавека вялікага сэрца Сяргея Міронавіча Кірава.

…Беларускія савецкія пісьменнікі выказваюць Вам сваю гарачую любоў і адданасць і заканчваюць словамі з ліста беларускага народа да Вас:

Хай смутак вачэй тваіх добрых не росіць,

Ці сонейка захад, ці сонейка ўсход.

Прымі прывітанне, якое прыносіць

Табе, правадыр, беларускі народ!»

Тыя ж падпісанты з прыбаўленнем яшчэ аднаго добра вядомага ў Бабруйску празаіка Хвядоса Шынклера пазначаны пад зваротамі да гераічнага народа Іспаніі і да «Правадыра народаў вялікага Сталіна» з нагоды ўстанаўлення фашысцкай дыктатуры ў гэтай еўрапейскай краіне. Адгукваліся пісьменнікі, да шэрагаў якіх далучаліся і новыя, пачынаўшыя ў свой час у прыбярэзінскай сталіцы, на па­дзеі ўнутранага жыцця – ад будаўніцтва Дома Чырвонай Арміі ў Мінску да віншаванняў знакамітых юбіляраў і некралогаў лепшых людзей Беларусі і ўсёй савецкай краіны. Архівы захавалі дакументы, дзе побач з прозвішчам Купалы і вядомых ужо нам Лынькова, Галавача, Мікуліча, Шынклера стаяць подпісы Пімена Панчанкі, Алеся Жаўрука і некаторых іншых літаратараў, што пачыналі ў Бабруйску.

Душою, сэрцам я між вас…

Да творчасці першага народнага паэта Беларусі не раз звярталіся самыя вядомыя дзеячы літаратуры і мастацтва, і ў іх ліку нашы землякі. Яны проста не маглі не захапіцца талентам жывога класіка, бо той жа Міхась Лынькоў ведаў Купалу з 1930-га, а Пімен Панчанка – з 1938-га. Заснавальнік першай у Бабруйску музычнай школы Яўген Цікоцкі, які таксама быў знаёмы з песняром, яшчэ да Вялікай Айчыннай напісаў ­музыку да спектакляў «Паўлінка» і «Прымакі», араторыю «Вызваленне» на словы Купалы. Народны артыст СССР Уладзімір Уладамірскі, дзяцінства і юнацтва якога прайшлі ў нашым горадзе, у спектаклі па купалаўскай п’есе «Прымакі» выконваў ролю Максіма Кутаса, а яго сын Барыс, што нарадзіўся ў Бабруйску, іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы». Яшчэ адзін ураджэнец горада на Бярэзіне – заснавальнік Нацыянальнай бібліятэкі Іосіф Сіманоўскі – спасылаўся ў сваіх артыкулах на аўтарытэтную думку Купалы наконт кніг і бібліятэк.

Не менш павагі і ўвагі выказвалі асобе Янкі Купалы прадстаўнікі дзяржаўнай улады, прыхільнікі яго талента, простыя лю­дзі. Мы ўжо згадвалі, што адна з бабруйскіх школ насіла імя знакамітага песняра.

Яшчэ ў 1925-м адна з вуліц Бабруйска атрымала імя Янкі Купалы, а сёння ў нашым горадзе ёсць і аднайменны завулак. У многіх беларускіх і расійскіх гарадах у гонар народнага паэта названы плошчы і вуліцы, установы культуры і адукацыі. Нават у ізраільскім Ашдодзе, дзе нямала асела нашых суайчыннікаў і землякоў, ёсць плошча імя беларускага песняра.

…Да вайны з Бабруйска ўніз па Бярэзіне хадзіў параход «Янка Купала». Калі фашысты акупавалі нашу зямлю, сталі выкарыстоўваць яго пад назвай «Бабруйск» у сваіх захопніцкіх мэтах. Аднойчы ён дастаўляў груз боепрыпасаў у Парычы і раптам на сярэдзіне ракі ўзарваўся. Гэтак выканала заданне камандавання дыверсійная група на чале з Паўлам Кажушкам з 751-га партызанскага атрада 1-й Бабруйскай брыгады. Судна ўзнялі з бярэзінскага дна і ў 1947 го­дзе, аднавілі, вярнуўшы былое імя «Янка Купала». На ўрачыстым спуску парахода на ваду прысутнічала ўдава народнага паэта Уладзіслава Францаўна, якая падарыла бабруйскім рачнікам вялікі партрэт Янкі Купалы і бібліятэчку яго твораў.

Аляксандр Казак.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэта.