Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Восеньскія навіны тэатра. 74-ы сезон абяцае быць цікавым

2 787 0

Восеньскія навіны тэатра. 74-ы сезон абяцае быць цікавым

Не паспелі ўсе азірнуцца, як верасень паступова мінае. Пасля летняга адпачынку поўны моцы і жадання працаваць творчы склад тэатра Дуніна-Марцінкевіча актыўна ўключыўся ў рабочы працэс. Аказалася, што тэатр чакае вельмі шмат падзей. Зараз я пазнаёмлю з імі.

Два спектаклі на чатыры дні ад’ехалі на міні-гастролі ў Бранск – «Гэта ўсё яна» А. Іванова і казка «Хто ходзіць у госці раніцай…» па знакамітай кніжцы пра Віні-Пуха.

20 верасня на міжнародны фестываль «Дні Астроўскага ў Кастраме» едзе спектакль па п’есе Астроўскага «Багна». Гэты спектакль не паказваўся гледачам у Бабруйску некалькі год, але не спісваўся з рэпертуара, таму што заўсёды карыстаўся ўвагай гледачоў. У Кастраме вельмі хацелі, каб мы прывезлі менавіта «Багну»: за час існавання гэтага фестываля ні адзін тэатр ніколі не прывозіў гэты твор Астроўскага. Так што на нас ляжыць вялікая адказ­насць, мы павінны вызваць цікаў­насць гледачоў. Спадзяёмся, што так і будзе, нягледзячы на тое што прыйшлося ўводзіць новых артыстаў на некаторыя ролі, штосьці ўспамінаць, мя­няць. Але спектакль падрыхтаваны. Пажадайце ўдачы!
Наперадзе ў тэатра ўдзел яшчэ ў некалькіх фестывалях да канца года з рознымі спектаклямі, але аб гэтым мы распавядзём пазней. Зараз галоўная па­дзея – адкрыццё новага сезона.

Прызначана яно на 5 кастрычніка. Рыхтуецца да адкрыцця прэм’ерны спектакль. Над ім працуе рэжысёр Таццяна Дарагабед. Хто бываў у тэатры, цікавіцца ім, той ведае спектак­лі, што пастаўлены Таццянай. Яна заўсёды бярэ ў працу цікавы літаратурны матэрыял, добрыя п’есы, незалежна ад таго, дзіцячы ці для дарослых ставіцца спектакль. Можна ўзгадаць яе «Жыццё чалавекаў… Нараджэнне», «Мэры Поппінс», «Чароўная лампа Аладзіна», «Уваходзьце, вы памыліліся дзвярыма», «Прымадоны», «Чароўны карабель», «Іван 7-ы» і іншыя. І вось зараз праца над сучаснай расійскай камедыяй Аляксандра Кароўкіна «Цёткі» (магчыма, назва ў нас будзе іншая). На нашым сайце ёсць магчымасць крыху пазнаёміцца з тым, што ж гэта будзе за камедыя такая. Скажу толькі, што пьеса добра напісана, ідзе ў шмат якіх тэатрах Расіі. У ёй мноства смешных сітуацый, у якіх апынаюцца героі камедыі – дзве сястры, цёткі знакамітага пра­дзюсара, сам прадзюсар, яго нявеста, брат, што збег з турмы, участковы міліцыянер і чыноўнік з дэпартамента. Зараз ідуць вельмі напружаныя рэпетыцыі з артыстамі, паступова ўводзяцца музычны і гукавы фон, мастацкае асвятленне. Адным словам, усё тое, што заставіць вас, даражэнькія гледачы, уважліва сачыць за ўсім, што адбываецца, спачуваць героям і шмат ад душы смяяцца.

Ідзе праца і над яшчэ адным спектаклем, які стане наступнай прэм’ерай у кастрычніку. Ставіць яго рэжысёр з Мінска Таццяна Траяновіч, надзейны сябра нашага тэатра. Хто цікавіцца тэатрам, той ведае яе як рэжысёра «Кропак на часовай восі» Дзмітрыя Багаслаўскага, спектакля, які атрымаў пяць узнагарод на апошнім фестывалі беларускай драматургіі Дуніна-Марцінкевіча.

Гэты рэжысёр, яе калегі – рэжысёр па працы з артыстамі Станіслаў Савосцін і харэограф Валерый Султанаў – унеслі нейкі новы творчы струмень у працу тэатра, артыстаў, што адразу выклікала цікаўнасць гледача. Спадзяёмся, што новы спектакль прыйдзецца па сэрцы кожнаму.

Гэта асноўныя звесткі аб творчай працы тэатра пасля адпачынку. Цяпер яшчэ колькі навін. Усе ведаюць, што тэатр працуе без галоўнага рэжысёра ўжо каторы час. Для дапамогі дырэктару тэатра ў творчай прасторы прызначаны выконваючым абавязкі галоўнага рэжысёра, гэта артыст, якога добра ведаюць у Бабруйску, які карыстаецца павагай трупы, – Павел Мікулік. Пажадаем яму плённай працы. Вось зараз ідзе актыўны пошук казкі для пастаноўкі на Новы год. Прапаноў шмат, трэба мудра зра­біць правільны выбар. Потым вызначыцца з планам пастановак на ўвесь новы сезон. І гэта толькі асноўныя пытанні, а колькі важных дробязей, з якіх складаецца творчая атмасфера. Так што працы ў Паўла вельмі шмат. Апроч таго, звольніліся некалькі артыстаў і чарговы рэжысёр Сяргей Карбоўскі. Пажадаем ім поспехаў на новых месцах працы.

Паважаныя жыхары Бабруйска, вам застаецца толькі ўважліва сачыць за ўсімі падзеямі, якія адбываюцца ў тэатры, і прымаць у іх самы непасрэдны ўдзел. 74-ы сезон абяцае быць вельмі цікавым.