Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

У раёне прайшлі “Засеўкі-2024”

48 0

У раёне прайшлі “Засеўкі-2024”

Традыцыйнае абрадавае дзейства, якім нашыя продкі ва ўсе часы суправа­джалі пачатак унясення ў глебу насення збажыны, прайшло ў Бабруйскім раёне сёння.

Месцам “Засевак” стала поле паблізу в. Баяры ААТ “Саўгас Кісялевічы”, куды сабраліся прадстаўнікі кіруючага складу раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Сухадольскім, кіраўнікі і працаўнікі сельгасарганізацый, прадстаўнікі духавенства, культуры, службаў раёна — усе, хто ўсведамляе значнасць пасяўной кампаніі, ад каго залежыць вага сёлетняга раённага каравая.

Віншуючы аграрыяў з пачаткам сяўбы, Аляксандр Сухадольскі пажадаў хлебаробам і тым, у чыіх абавязках — арганізацыя і суправаджэнне работ на полі, моцнага здароўя, выдатнага настрою, плённай працы і поспехаў. А разам засяродзіў увагу на аб’ёмах сёлетняй пасяўной кампаніі і тым, наколькі важна правесці яе якасна.

— Фронт работ увесну чакае нас немалы. Толькі каля 6 тысяч гектараў трэба пасеяць збожжавых культур, каля 7 тысяч — кукурузы, 2600 гектараў траў. Будзем сеяць адналетнія сумясі на падкормку жывёле, перазалужваць пашу… Упэўнены, што ўжо на днях да сяўбы прыступяць, па магчымасці, усе раённыя сельгасарганізацыі. Для гэтага ў нас маецца ўсё неабходнае: адрамантаваная тэхніка, якаснае насенне, угнаенні і, галоўнае, — працавітыя людзі, якія разумеюць пастаўленую задачу і гатовы яе выконваць.

Поспехаў і выдатнага настрою на сяўбу пажадаў аграрыям таксама дырэктар ААТ “Саўгас Кісялевічы” Валерый Сяргейчык. На Божую ласку ў адказнай рабоце хлебаробаў блаславіў пратаіерэй Генадзь Вейга, благачынны Бабруйска-Глускай акругі.

Права ўнесці ў глебу першае насенне збажыны на трактары “Беларус-3522” з пасяўным агрэгатам АКПМ-6 было дадзена аднаму з перадавых механізатараў — Аліхану Кантаеву з “Саўгаса Кісялевічы”. Сонечнае надвор’е, узнёслы настрой людзей, жыццесцвярджальны народны абрад, цудоўнае выкананне засеўных песень артыстамі раённага Цэнтра культуры — усё гэта давала моцны зарад на працу, а разам і спа­дзеў, што яна прынясе чаканы вынік.   

Алена КАРПЕНКА. Віктара ШЭЙКІНА, "Трыбуна Працы"