Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

У індыйскіх танцах знайшлі прыгажосць

Bobrlife.by 1 806 0

У індыйскіх танцах знайшлі прыгажосць

На свеце шмат людзей цікавых, таленавітых, апантаных сваёй працай, прыгожых сэрцам і думкамі сваімі. У нашым Бабруйску такіх мноства. Яны робяць наш горад святлейшым энергетычна, больш прывабным для ўсіх і больш вядомым усяму свету. На жаль, мы рэдка бываем знаёмымі, таму не заўсёды ведаем, чым хто займаецца, што каго цікавіць, ад чаго ў чалавека робіцца лягчэй на душы, што каго трывожыць. Думаю, трэба часцей знаёміцца з людзьмі, што жывуць побач, каб лепей ведаць, разумець адзін аднаго. І хачу пазнаёміць вас з цудоўнай парай, не, не парай – яны ж ужо ўтрох!

Маргарыта Марахоўка, Марго, Маргоша – дзівосная, прывабная маладая жанчына. Працуе ў нашым тэатры артысткай з 2015 года. Студэнтка ўніверсітэта культуры, факультэт тэатральнай рэжысуры. Маладая мама. У тэатры яшчэ не паспела амаль нічога сыграць, але… уладальніца шматлікіх узнагарод у выніку ўдзелу ў спаборніцтвах, фестывалях, конкурсах па танцавальнаму мастацтву.

Марыяна Марахоўка, Маняша, Маня, два з паловай гады – чароўная, абаяльная дзяўчынка, якая з задавальненнем удзельнічае ў рэпетыцыях і выступленнях любімых мамы і таты.
Андрэй Марахоўка, артыст нашага тэатра з 2014 года. Яркая індывідуаль­насць, цікавы чалавек. Нарадзіўся ў Данбасе, потым жыў у Алушце, служыў у войску ў Тамбове. Далей – вучоба ў Севастопалі, дзе ўпершыню зацікавіўся тэатрам (скончыў тэатральную студыю пры драматычным тэатры). Потым быў Санкт-Пецярбург, дзяржаўная прафесійная школа артыстаў шоу-мадэляў. Паспрабаваў сябе ў розных прафесіях, быў артыстам шоу-групы, артыстам балета, здымаўся ў кіно. У рэпертуары тэатра пакуль заняты няшмат, можна ўзгадаць спектаклі «Вось такое тра-ля-ля..», «Вечар». У гэтыя святочныя дні Андрэй пераўвасобіўся… у Дзеда Мароза. Лёс артыстаў – то густа, то пуста. Так што ролі на сцэне ў герояў артыкула наперадзе.

Чаму я захацела напісаць пра іх? Напэўна, мяне скарыла іх годнае стаўленне да жыцця, іх прыгожыя, трапяткія адносіны між сабой і… апантанасць танцамі, прычым індыйскімі!
Пазнаёміліся Марго і Андрэй у Салігорску, куды ён прыехаў жыць у сувязі з рознымі жыццёвымі абставінамі. Маргарыта там нарадзілася, жыла, з маленства займалася ўсходнімі танцамі. Андрэю прапанавалі заняцца педагагічнай дзейнасцю – рытміка, танец, харэаграфія, асновы акцёрскага майстэрства ў школе з тэат­ральным напрамкам. Апроч таго, творчы чалавек Андрэй стварыў тэатральную студыю. Шмат ездзілі з канцэртнымі праграмамі. На адной з такіх паездак сустрэ­ліся нашы героі, зацікавіліся. Ён запрасіў яе ў сваю студыю, а яна прапанавала стварыць парны танец. Вось так агульная справа і зблізіла іх. Але Марго яшчэ не было 18 год, таму бацькі былі катэгарычна супраць іх сустрэч, нават прафесійных, так што танец паспелі зрэпеціраваць і пака­заць на канцэрце толькі адзін, цыганскі, да індыйскага не дайшло.

//www.bobrlif.by/wp-content/uploads/2019/01/foto-mara-6.jpg

Шмат гісторый пра каханне ведаем мы з літаратуры, але ў жыцці іх не менш. Вось і наша гісторыя такая. Дачакаліся закаханыя 18-цігоддзя Маргарыты, распісаліся і з’ехалі з Салігорска. Спачатку быў Санкт-Пецярбург, потым Севастопаль, але прывеціла іх Беларусь – спачатку Магілёў, а потым Бабруйск. Самае цудоўнае – нягледзячы на ўсе складанасці, праблемы (а іх хапае), у іх жыцці не было цемры – так яны лічаць. Выйсце заўсёды знаходзіцца, вочы гараць, і… хочацца танцаваць. Гэты занятак можна назваць хобі, можна – любімай працай, можна – неабходнасцю, але як бы мы яе ні назвалі, ясна адно – гэта тое, без чаго жыццё для іх не мае сэнсу. Як гаворыць Марго: «Дзень без танца – дзень, пражыты дарэмна».


У індыйскіх танцах яны знайшлі прыгажосць, магчымасць размаўляць з лю­дзь­­­мі, нешта ім распавядаць, спосаб лепш зразумець іншых і даць ім здоль­насць разу­мення. Здавалася б, ну што там – проста танец, а якая вялікая моц яго па ўздзеянню на чалавека! Танцы Марго з Андрэем прыдумляюць самі, прычым правіла такое – ніколі нічога не паўта­раць, не пераймаць, а ўсё, што ўбачыў, змагчы перапрацаваць, дадаць сваё бачанне, каб вылілася тое ў менавіта іх асабісты погляд. Бывае цяжка, але правіла тое ніколі не парушаецца, яно ўжо стала законам. А ў выніку атрымліваецца настолькі асабіс­ты, менавіта ім уласцівы танец, што гледачу застаецца толькі ахнуць. Іх выступленні – гэта заўсёды невялічкі спектакль са сваім сюжэтам. Андрэй кажа, што калі яны ствараюць свой танец, прыкладаюць усе намаганні, каб там быў сэнс, прыгажосць і каб танец быў непаўторным, індывідуальным, і пераймаць іншаму яго было немагчыма.

Дарэчы, музыку яны падбіраюць самі, строі да кожнага танца майструюць самі, рэпетыцыі кожны дзень. Вось такія жосткія правілы.
Яны ўступілі ў Беларускую лігу танца і ўдзельнічаюць ва ўсіх конкурсах, чэмпіянатах па ўсходніх танцах. За невялікі час пара заваявала 14 залатых медалёў і выйграла Кубак Беларусі. Каб выйсці на сусветныя спаборніцтвы, ім трэба перамагчы ў чэмпіянаце Беларусі па ўсходніх танцах, які адбудзецца ў сакавіку. Рыхтуюцца да яго Маргарыта і Андрэй са ўсёй адказнасцю. Нам вельмі хацелася б, каб яны сталі найлепшымі, і застаецца толькі пажадаць ім перамогі.