Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

У Бабруйску прэмію імя Міхася Лынькова прысудзілі Валянціне Максімавай

1 119 0

У Бабруйску прэмію імя Міхася Лынькова прысудзілі Валянціне Максімавай

Спецыяльную прэмію Баб­руйскага гарадскога выканаўчага камітэта імя
М. Лынькова прысудзілі загадчыку дзяржаўнай установы адукацыі «Яслі-сад №6 г. Бабруйска» Валянціне Максімавай. Варта сказаць, што спецыяльнай прэміяй з 2011 года ­ўзнагароджваюцца дзеячы культуры, мастацтва, адукацыі, прадстаўнікі СМІ за значны ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай мовы.

Валянціна Васільеўна амаль 20 год працуе загадчыкам у дзіцячай установе, з’яўляецца дэпутатам Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў. Яна адукаваны, прынцыповы і творчы кіраўнік. Усе яе крэатыўныя пачынанні падтрымліваюць і педагогі ў калектыве, якія актыўна ­ўдзельнічаюць у мерапрыемствах горада, раёна, вобласці. Трэба адзначыць, што ў дзіцячым садку эфектыўна нала­джана праца па далучэнні выхаванцаў да роднай мовы, беларускай нацыянальнай культуры, вывучэння радаслоўнай сям’і.

Валянціна Максімава з задавальненнем расказала аб вопыце працы ў гэтым накірунку.

– Валянціна Васільеўна, як далучаеце малых да беларускай мовы і традыцый роднага краю?

– У нашым садку дзейнічае міні-музей «Беларуская хата», у якім дзеці могуць убачыць саламяныя цацкі, калыску, верацяно, маленькія ткацкія станочкі, посуд, посцілкі і палавічкі… Тут прахо­дзяць пазнавальныя заняткі, народныя святы і іншыя мерапрыемствы па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці выхаванцаў. Фае, што вядзе да музея, мы аформілі лялькамі ў беларускіх воп­ратках, характэрных для шасці рэгіёнаў нашай краіны. У кожнай групе садка размешчаны таксама куточкі беларускай мовы і культуры з прадметамі побыту, глінянымі цацкамі. Далучаць дзетак да роднай мовы пачынаем ужо з ясельнага ўзросту. Малыя чуюць ад выхавацеля мілагучныя калыханкі, песенькі, забаўлянкі, кароткія вершыкі. Паступова знаёмім іх з назвамі прадметаў і з’яў па розным тэмам, каб правільна разумелі значэнне слоў. У старэйшых групах дзеці ўдзельнічаюць у тэатральных гульнях-драматызацыях «Воўк і авечка», «Гусі-гусі». Ім чытаюць казкі і вершы, іх вучаць народным прыказкам і прымаўкам, расказваюць пра прыгажосць і помнікі роднай зямлі, Бабруйска. Каб выхоўваць у дашкольнікаў зацікаўле­насць да традыцый беларускага народа, у нас арганізавана праца гуртка «Творчая майстэрня». А яшчэ ў садку шмат дыдактычных гульняў на беларускай мове.

– Якія мерапрыемствы на беларускай мове найбольш падабаюцца дзецям?

– Самая любімая форма – знаёмства з гісторыяй, традыцыямі і вобразамі народных святаў: Багач, Каляда, Масленіца, Купалле, Вячоркі. Далучаем нават бацькоў да іх правя­дзення. Дзеткам нашым падабаюцца беларускія спевы і танцы, падчас якіх яны апранаюць народныя касцюмы. Цудоўна атрымалася паставіць прыгожы танец «Ручнікі», спрытную «Лявоніху». Вельмі цікава праходзіць у садку конкурс чытача беларускіх вершаў, удзельнічаюць усе. Яшчэ ў нас вельмі папулярны праект «Беларускі тыдзень»: кожны дзень прысвечаны пэўнай тэматыцы. Напрыклад, аб’яўлена тэма «Мая сям’я – мая краіна», і дзеткі прыносяць беларускамоўныя насценныя газеты з фотаздымкамі сям’і, праводзяцца народныя гульні. У «Сямейнай гасцёўні» расказваюць пра бацькоў, бабуль, дзядуль, сямейныя традыцыі. Адзін дзень абавязкова прысвечаны беларускім казкам. Дзеці адчуваюць сябе артыстамі, гуляюць у казачнае лато, малююць казачных персанажаў. Увогуле за гэты тыдзень выхаванцы паспяваюць удзельнічаць у конкурсах і спартакіядах, гульнях-забавах, прыгатаваць беларус­кую ежу і пазнаць шмат цікавага пра родны край.

– Педагогі ўстановы адукацыі таксама зацікаўлены ў папулярызацыі беларускай мовы?

– Так. Я і мой намеснік шмат часу ­ўдзяляем працы па далучэнні педагогаў да беларускай мовы, нацыянальнай культуры, вучым маладых з павагай адносіцца да бацькаўшчыны і традыцый роднага краю. Некалькі гадоў я была кіраўніком метадычнага аб’яднання «Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці дашкольнікаў праз культурную спадчыну беларускага народа». І гэта прыносіць плён. Напрыклад, у красавіку мінулага года намеснік нашай установы адукацыі Алена Шулякевіч прыняла ўдзел у абласным этапе рэспуб­ліканскага фестывалю педагагічных ідэй «Каб мова родная гучала». Раней аўтарская распрацоўка на беларускай мове «Інсцэнізацыя вершаванай казкі «Разумны заяц» выхавацеля Таццяны Дзедушкінай была надрукавана ў рэспубліканскім часопісе «Пралеска». А метадычная распрацоўка нашага музычнага кіраўніка Кацярыны Ждановіч па далучэнні дзяцей да народных традыцый атрымала дыплом III ступені па выніках рэспубліканскай выставы-конкурсу ў рамках патрыятычнай акцыі «Я – грамадзянін Беларусі». Цяпер гэтай распрацоўкай карыстаюцца ўсе музычныя кіраўнікі краіны.

– Валянціна Васільеўна, а самі размаўляеце на беларускай мове? Творы якіх пісьменнікаў чытаеце?

– Наша мова прыгожая, мілагучная. Я люб­лю яе і імкнуся размаўляць па-беларуску, асабліва са старэйшымі людзьмі. Але, на жаль, у паўсядзённым жыцці гэта атрымліваецца не так часта, як хацелася б. У свой час скончыла беларускамоўную школу, таму добра валодаю роднай мовай і стараюся, каб выхаванцы таксама яе палюбілі. Кожную раніцу заходжу ў групы і вітаюся з дзеткамі «Добрай раніцы!». Аднаго разу матуля прывяла малога ў садок і спытала ў сына (яму тады было тры з паловай гады): «А ты ведаеш, як завуць гэту цёцю?» Ён адразу адказаў: «Добрай раніцы!»

Падабаюцца мне творы класікаў беларус­кай літаратуры – Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы. Вельмі люблю песні нашы, нават дзіцячыя. Хачу, каб мая ўнучка-першакласніца (яна, дарэчы, ужо ведае шмат беларускіх вершыкаў і песень) таксама з павагай і любоўю адносілася да роднай мовы, нашага краю. Я ўпэўнена, што прыгажэй за Беларусь няма краіны ў свеце.