Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

“Творчаму духу народу майго ахвярую…”

4 359 0

“Творчаму духу народу майго ахвярую…”

130 гадоў таму, 17 (н. стыль 29) верасня 1891-га, у вёсцы Бацэвічы Бабруйскага павета нарадзіўся Аркадзь Смоліч – сябар Максіма Багдановіча, а таксама вядомы  грамадска-палітычны дзеяч, вучоны ў галіне эканомікі, геаграфіі і сельскай гаспадаркі, прафесар, член прэзідыума Беларускай акадэміі навук.

Да юбілею таленавітай асобы ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Беларуская хатка” (Мінск) прымеркавалі адкрыццё экспазіцыі “Аркадзь Смоліч: Творчаму духу народу майго ахвярую…”. Выстава будзе працаваць з 17 верасня па 15 кастрычніка. На ёй будуць прадстаўлены ўнікальныя графічныя матэрыялы і кнігі, фота і эпісталярый,  рукапісы і дакументы.

Смолічу давялося сустракаць і праводзіць Максіма Багдановіча ў яго апошні прыезд у Мінск, да таго ж ён дапамог паэту ўладкавацца працаваць у Губернскі харчовы камітэт. Аркадзь Антонавіч быў частым госцем дома Савы Рэдзькі, у якім сёння знаходзіцца музей “Беларуская хатка” і ў якім пяць месяцаў у адным з пакояў жыў Максім.

У сваіх успамінах пісьменніца Зоська Верас распавядала, што Смоліч са сваёй чуткай, добрай душой не мог не прывязацца да Багдановіча і наадварот. У гонар Максіма Аркадзь назваў свайго сына.

Дарэчы, Смоліч разам з Фларыянам Ждановічам, Усеваладам Фальскім і іншымі вядомымі беларускімі дзеячамі стварыў першую Беларускую тэатральную трупу, а потым Беларускі хор.

Смоліч многа і натхнёна працаваў на ніве навукі. Акрамя складання першай «Геаграфіі Беларусі», Аркадзь Антонавіч стаў аўтарам больш дзясятка кніг, даследаванняў і манаграфій.

З яго дапамогай адбылося адкрыццё сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках і Навукова-даследчага інстытуту сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Мінску. Смоліча можна лічыць першым ландшафтазнаўцам на тэрыторыі нашай краіны.  Дзякуючы яму, а таксама Вацлаву Ластоўскаму, Усеваладу Ігнатоўскаму і Сцяпану Некрашэвічу пачала сваю дзейнасць Акадэмія навук Беларусі.

Невыпадкова за сваю дзейнасць Смоліч быў адзначаны Дзяржаўным геаграфічным таварыствам РСФСР – атрымаў Малы залаты медаль.