Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Такія розныя прэм’еры…ў тэатры Дуніна-Марцінкевіча

1 360 0

Такія розныя прэм’еры…ў тэатры Дуніна-Марцінкевіча

Невялікі тэрмін аддзяляе адну ад другой прэм’еры, што адбыліся ў тэатры Дуніна-Марцінкевіча. Здавалася б, у невялікім горадзе, як наш, у якім тэатральны будынак упрыгожвае горад з пачатку 30-х гадоў, у якім тэатр існуе больш за 70 год, жыхары Бабруйска павінны былі б любіць свой тэатр, артыстаў, цікавіцца ўсім, што адбываецца ў тэатральным асяроддзі, спяшацца ўба­чыць прэм’еры…

На жаль, усё не так. Роздум і гаворка на гэту тэму ўзнікае ўжо не першы раз. Але не хочацца ўзнімаць тое складанае пытанне менавіта зараз, лепей давайце пагаворым аб нашых прэм’ерных спектаклях, якія вельмі розныя, прадвызначаны кожны для свайго гледача. У тым і сэнс, каб кожны наш глядач знайшоў свой спектакль, на які адгукнулася б менавіта яго душа. Рэпертуар у тэатра даволі разнастайны, знайсці тое, што табе цікава, заўсёды можна. Тым больш што апісанне ўсіх спектакляў ёсць на нашым сайце, інфармацыю можна знайсці ў інтэрнэце, у СМІ... Галоўнае – мець жаданне. Тыя, хто не цікавіліся апошнімі прэм’ерамі, магчыма зацікавяцца, прачытаўшы артыкул, і яшчэ змогуць прыйсці ў тэатр да закрыцця сезона ў чэрвені. Альбо з нецярплівасцю будуць чакаць, калі адкрыецца новы сезон увосень. Тады тэатр будзе забяспечаны паўнюткімі заламі! Мы маем такія спадзяванні, бо цяжка ўя­віць, як Бабруйск будзе жыць чатыры месяцы без свайго тэатра! Але ўбок жарты, лепш я раскажу зараз крыху аб новых спектаклях.


На Малой сцэне адбылася напрыканцы красавіка такая прэм’ера – «Фестываль цішыні» па п’есе вядомай, папулярнай беларускай пісьменніцы Д. Балыка. Рэжысёр – С. Савосцін. Аўтар прыязджала спецыяльна на прэм’еру, пасля якой адбылася размова з гледачамі, бо паразмаўляць было аб чым: матэрыял сучасны, цікавы, і спектакль атрымаўся шчыры, моцны па ўздзеянню і адначасова трапяткі. Галоўны герой гэтай адкрытай размовы з гледачом – Начны Нік, вядучы праграмы «Няспячы горад» на радыё. У гэту ноч ён развітваецца з усімі, таму што са стыльным маладым чалавекам, вядомым дыджэем нешта здарылася: ён больш не можа быць тым, кім з’яўляецца зараз. Чаму не можа? Што адбылося? Што будзе пасля гэтай начы? Пытанні ўзнікаюць і ўзнікаюць. І перад гледачамі разгортваецца лёс чалавека, які ў нейкі момант стаў баяцца маўчання, цішыні, адзіноты, што паслужыла штуршком для працы ў якасці дыджэя, дзе ён заўсёды з кімсьці размаўляў, адказваў на пытанні, жартаваў... Дык вось, напярэдадні Нік у пошуках матэрыялу для сваёй праграмы аказаўся на гарадскім «Фестывалі цішыні».


Тое мерапрыемства давала магчымасць людзям, што жывуць у сучасным вялікім горадзе, які ні на хвіліну не заціхае, хоць колькі часу не чуць ніякіх гукаў, адчуць асалоду цішыні.
Можна было нават слухаць цішыню… са свежавырытай магілы. Нік расказвае аб тым гледачам, адначасова разбіраючыся ў самім сабе, услухоўваючыся ў свае думкі, пачуцці, эмоцыі. Ён пачынае аналізаваць сваё жыццё і раптам разумее, што жыве не сапраўдным, а нейкім выдуманым, хаваецца ад праўды. Выканаўца ролі Ніка – артыст Павел Хаджаеў – вельмі пераканаўча вядзе адкрытую размову, якая дае яму магчымасць «вывер­нуць навыварат» душу, прыйсці да адчаю, з якога і паўстане новы Нік. Фінал спектакля нараджае менавіта такую думку: ён не згіне ад усяго таго, што зразумеў пра сябе, аб тым, як не скарыстаў той шанец, які давала яму жыццё, а наадварот, знойдзе сілы, каб ­стаць іншым.
Гэтаму пасадзейнічае і з’яўленне маладзенькай дзяўчыны, якую Нік, можна сказаць, выратуе. Трэба адзначыць шчырасць і артыстычнасць зусім нядаўна прыйшоўшай у наш калектыў Я. Брагінай, што выконвае ролю дзяўчыны. Хочацца сказаць і аб тым, што П. Хаджаеў годны павагі за яго выбар такога складанага матэрыялу, за жаданне дайсці да сутнасці, зразумець штосьці важнае, данесці да гледача, хоць усе мы добра разумеем, што больш лёгкі для ўспрымання матэрыял прынёс бы і больш лёгкі поспех у гледачоў. Але тым большую каштоўнасць сваёй прафесіі і прадвызначэння тэатра наогул мы можам адзначыць.
Цяпер некалькі слоў зусім аб іншай прэм’еры, яна адбылася ў пятніцу і суботу, 18 і 19 мая.


Цудоўную назву дала спектаклю рэжысёр Н. Кашпур – «Вось такое тра-ля-ля…». П’есу «Чалавек і джэнтльмен», поўную яркага італьянскага гумару, знакаміты Э. дэ Філіпа напісаў на пачатку 30-х гадоў і дапрацаваў у 60-х. Яе даволі часта ставілі ў тэатрах (у 1987-м – у Бабруйску, рэжысёр – М. Кавальчык). І вось камедыя зноў у нашым тэатры пад назвай, якая гаворыць сама за сябе. «Тра-ля-ля» ў нашым жыцці здараецца вельмі часта, таму што і само жыццё крыху абсурднае, калі глядзець на яго па-філасофску і з гумарам. У спектаклі «тра-ля-ля» пачынаецца з першых хвілін – маленькі тэатрык, курортны горад, асвістанне публікай, цяжарная прыма, прыгатаванне ежы ў нумары гасцініцы, адстойванне гонару сястры вельмі падазроным братам, хлусня палюбоўніцы, якая прывяла менэджэра тэатрыку да выбару – ці расказаць усё мужу, ці прытварыцца вар’ятам, у рэшце рэшт – аддзяленне паліцыі, дзе ўсё вырашаецца тым ці іншым чынам. І ўсю гэту крыху вар’яцкую сітуацыю фонам суправаджае тарантэла, якую з задавальненнем танцу­юць усе дзеючыя асобы. Рэжысёр ра­зам з выканаўцамі пастараліся кожнаму персанажу знайсці характар, які ўпісваецца ва ўсё дзеянне. Прыемна, калі бачыш, з якой асалодай усе працуюць. Вось, здавалася б, невялікія ролі правінцыйных артыстаў выконваюць А. Марахоўка і А. Ціханаў, а якія яркія індывідуальнасці, якія яны абаяльныя, каларытныя і запамінальныя!
І, зразумела, годная асобай увагі роля Альберта ў выкананні П. Мікуліка, выкананая густоўна, з пачуццём гумару, хоць прыходзіцца яму іграць ролю вар’ята.
Адным словам, «тра-ля-ля» атрымалася лёгкае і смешнае. І гэта трэба ўбачыць.
А цяпер колькі слоў яшчэ пра адну прэм’еру.
Адбудзецца яна на пачатку чэрвеня. Прадвызначана для паказу ў Малой зале і ў асноўным для моладзі.


«Москаў Дрімін», аўтар В. Каралёў (з новых беларускіх аўтараў). Рэжысёр – А. Кузьміцкі (з новых маладых рэжысёраў, ён толькі што скончыў Акадэмію мастацт­ваў). Заняты ў спектаклі тры маладыя артысты – А. Чарнабылаў, Я. Брагіна і М. Дарагабед. На апошнім фестывалі беларускай драматургіі Дуніна-Марцінкевіча ў Малой зале адбываліся чыткі п’ес новай беларускай драмы, якая не вельмі падобная на традыцыйную. Узяць хоць бы той самы «Лондан», з якім наш тэатр ужо пабываў на некалькіх фестывалях. Сярод новых – цікавых, крыху незвычайных – была і п’еса «Москаў Дрімін». Яна выклікала вялікую цікаўнасць, таму і лагічна, што папала ў наш рэпертуар. Такія спектаклі патрэбны мола­дзі, бо выклікаюць мноства асацыяцый, праекцый на сваё жыццё, без усялякага прымусу актывізуюць працу душы і мозгу. У гэтай «маскоўскай мары» пачынаецца ўсё з таго, што чалавек стаіць на даху будынку і пачынае распавядаць сваю гісторыю.
Чым скончыцца тая гісторыя, вы не ведаеце. А заканчэнне яе… нечаканае.
Спектакль пра пошукі сябе ў жыцці, аб надзеі і адчаю, аб веры і здрадзе, аб моцы і слабасці, аб каханні і яго згубе, аб мроях, летуценнях і рэальнасці.
Мне «Москаў Дрімін» падаецца спектаклем глыбокім, кранальным і пяшчотным. Прэм’ера зусім хутка – 6, 7 чэрвеня. Пажадаем калегам поспеху, а гледачам – моц­ных уражанняў.
Вось такі расповяд пра тры абсалютна розныя спектаклі, кожны з каторых, спадзяемся, знойдзе свайго гледача.
Проста ніколі не праходзьце міма тэатра, не пацікавіўшыся, што ж там новага. Не падумаўшы, мо, пайсці на спектакль? А потым ажыццявіць гэты свой намер. Любіце свой тэатр, паважаныя жыхары Бабруйска, толькі ваша любоў зробіць яго самым лепшым атмасферным месцам у горадзе.