Шаноўнае спадарства! Нязменна працягваем здзіўляць вас прыемнымі культурна-тэатральнымі навінамі! Раскажам зараз ці не пра самыя значныя і цікавыя!
Ці чулі вы, што ў госці да Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі ім. В.І. Дуніна-Марцінкевіча едзе Магілёўскі абласны драматычны тэатр? Так-так, нашы калегі з Магілёва завітаюць да нас у Бабруйск 28 лютага з камедыяй А.П. Чэхава "Кіраўніцтва для жадаючых ажаніцца". Тых, для каго гэта тэма актуальная ці хто проста хоча пасмяяцца, чакаем у гэты дзень у тэатры!
Наступныя два дні – асалода для аматараў нашай роднай трупы: на сцэну пасля некалькіх гадоў адсутнасці вяртаецца бліскучая камедыя “Прымадонны” К. Людвіга ў пастаноўцы Т. Дарагабед! 1 і 2 сакавіка а 18.00 камедыя палажэнняў з пераапрананнямі і недарэчнымі сітуацыямі ў выкананні лепшых артыстаў нашага тэатра напоўніцу пасмяшыць і разнастаіць пачатак вясны. Паспейце набыць квіткі!
Працягне рабіць гэта і радаваць жанчын акурат у Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха канцэртам “Іграй, музыкант!” Запрашаем усіх прыхільніц спевака, віншуем з надыходзячым святам і зычым прыемнага вечара ў тэатры!
Працягнуць святкаванне праглядам спектакля можна і на наступны дзень. 9 сакавіка а 18.00 вечная праблема і асалода для чалавецтва — каханне — становіцца галоўным героем на сцэне тэатра вясновым вечарам. “Каханне маё права!” А. Астроўскага ўступіць у свае правы і пакліча вас за сабой.
Канешне, мы не забываем пра дзіцячую аўдыторыю. Казка “Бураціна” на вялікай сцэне 1 сакавіка а 12.00 – цудоўная магчымасць адзначыць першы вясновы дзень усёй сям’ёй: усе пакаленні гледачоў у гэтым спектаклі знойдуць цікавыя моманты, знаёмыя мелодыі, а галоўнае – апынуцца ў казцы!
Да сустрэч у тэатры!





