Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Сяброўка дала параду: «Не пішы пра Чылі, пішы пра Беларусь»

879 0

Сяброўка дала параду: «Не пішы пра Чылі, пішы пра Беларусь»

Бабруйчанка напісала і выдала кнігу, у якой Мінск (і не толькі) апісаны ў магічна-рэалістычных апавяданнях.

Шолах белых старонак новенькай кнігі, своеасаблівы, але прыемны драўляна-чарнільны пах... Многія адвыклі ад яго, чытаючы безгустоўныя электронныя літары, а пах газеты, на жаль, ветрыцца разам з ранішняй кавай. Янiна Пінчук не думала, што ў свае 25 гадоў зможа напісаць кнігу, вы­даць яе і прадстаўляць на кніжных выставах сталіцы. Яна пачала пісаць для сябе, каб падняць настрой.

– Калі чалавека сустракаюць па вопратцы, то з кнігай пачынаюць знаёміцца з вокладкі, – так лічыць мая гераіня.

Вокладку сваёй кнігі «Горад Мрой» Янiна шукала доўга, вынік апынуўся казачным – чараўніца ў капялюшы на фоне Мінска, па дзяўчыне ходзiць малюсенькі кот, справа кубачак кавы, – шмат дэталяў і дух чарадзейства, звярніце ўвагу на зморшчыны тканіны плашча гераіні. Назва карцiны: «Вечар. Кубак кавы». Вокладку афармляў мастак-прафесіянал. Гле­дзячы на карцінку, можна сказаць, што гісторыя будзе чароўнай, як мінімум, фантастычнай, але...

– Мяне пытаюць: раман гэта ці зборнік апавяданняў, фантастычны або рэалістычны сюжэт? На самой справе, кожны вырашае сам, – упэўнена аўтар твора. – Можа, вы знойдзеце, што кніга падобная на «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Баршчэўскага, можа, убачыце і іншыя паралелі, скажам, з лацінаамерыканскімі творамi.

Дзеянне кнігі адбываецца ў фантастычным горадзе, ад яго да Бабруйска амаль 148 кіламетраў, а можа, яшчэ бліжэй. У горадзе шмат магічных месцаў, шмат візіцёраў з таго свету і ёсць тыя, хто здольны іх бачыць. Раней іх называлі чараўнікамі. Аўтарам падабрана тактоўнае слова «спецыяліст».

– Пісала я не ў вельмi пэўным настроi. Вучылася тады на факультэце міжнародных адносін БДУ і адчувала гiпер­адказнасць за ўсе свае дзеянні, гэта мяне душыла, – распавядае Янiна. – У той жа час я захапілася лацінаамерыканскай літаратурай: Маркес, Борхес і Картасар... Пад іх уплывам я села за свой раман. Але нешта ішло не так, вялікага і эпахальнага рамана ў мяне не атрымлівалася. Мая сяброўка пачытала і дала параду: «Пішы не пра Чылі, пішы пра Беларусь». І я вырашыла: а няхай! У нас багатая гісторыя, у Мінску я ўжо жыла не першы год. Пачала з апавяданняў-настрояў, якія пазней стварылі сюжэтную лінію. Праз год усё было гатова.

Каб не выдаваць усіх таямніц кнігі, скажам толькі, што ў ёй ёсць дзве галоўныя гераіні: Алеся і Уладзіслава. Яны і з’яўляюцца вашымі правадырамі ў фантастычны свет города Мроя, дзе вы можаце апынуцца ў зусім выпадковым часе і прасторы.

Галоўныя героі часценька збіраюцца за кубачкам кавы, каб падумаць, абмеркаваць нешта, памарыць.

Зараз Яна ўжо выпускніца свайго ўніверсітэта і працуе перакладчыкам з англійскай і іспанскай моў. Раней яна друкавалася ў часопісах «Маладосць» і «Верасень», першыя крокі ў літаратуры рабіла яшчэ ў 13-14 гадоў.

Думаю, што ў чытачоў паўстане цалкам справядлівае пытанне: як выпускніца БДУ змагла выдаць уласную кнігу? І на яго яна адказвае проста: «Мне вельмі пашанцавала».

– Я адправіла сваю кнігу ў некалькі беларускіх выдавецтваў, – распавядае Янiна. – З аднаго прыйшоў адказ: у кнізе зацікаўлены, можна было б яе выдаць, засталося прайсці рэдактуру і карэктуру. На самой справе, выпраўленняў было шмат, я не змагалася за кожнае слова, бо гэта мая першая кніга. Перагледзеўшы ўсё яшчэ раз, я прыйшла да высновы, што праўкі былі па справе – яны не закранулі сюжэтную лінію і глабальных змен не было.

Дарэчы, выдаць кнігу ў мяккай вокладцы на 260-270 старонак, па словах Янiны, каштуе каля 5-6 тыс. рублёў. Твор нашай зямлячкі выйшаў тыражом у 500 асобнікаў, набыць адзін з іх можна за 12 рублёў у кнігарнях сталіцы і за 14 – у кніжных інтэрнэт-крамах.

Застаецца адно пытанне да вас, дарагія чытачы: ці гатовыя вы да падарожжа ў горад Мрой?