Бобруйский новостной портал BOBRlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Бобруйский портал — Бобруйск новости — бобр лайф — бобрлайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — бж — bobrlife

Прэзентацыя новай кнігі Міколы Давідовіча прайшла ў бібліятэцы №8

83 0

Прэзентацыя новай кнігі Міколы Давідовіча прайшла ў бібліятэцы №8

Светлы, шчыры чалавек Мікола Давідовіч – бабруйскі журналіст з багатым жыццёвым вопытам, прызнаны беларускі пісьменнік. Такімі жа добрымі, цікавымі і чулымі выходзяць і яго кнігі публіцыстыкі і мастацкай прозы, колькасць якіх ужо пайшла на другі дзясятак. Мікалай Уладзіміравіч – лаўрэат прэмій, адзначаны нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру».

28 лютага ў бібліятэцы №8 імя Ефрасінні Полацкай прайшла прэзентацыя новай кнігі бабруйскага аўтара «Новы дзень і старога цень…». Пад прывабнай вокладкай выдання сабраны больш за сотню артыкулаў, абразкоў, апавяданняў, роздумаў. Кніга змяшчае пяць частак, кожная прысвечана пэўнай тэме. Чытачы знойдуць тут разважанні аб жыцці і сучасніках, аб Радзіме, патрыятызме і беларускіх талентах, думкі пра тое, што такое шчасце і маральныя каштоўнасці, лірычныя замалёўкі пра родную прыроду, землякоў і любімыя мясціны, хвалюючыя і жартаўлівыя гісторыі. І ў кожным (нават маленькім – з паўстаронкі) артыкуле праглядваюць асоба аўтара, перажытае ім, пошук адказаў на важныя для яго пытанні. А якая ў яго мілагучная беларуская мова – л’ецца як з чыстай крынічкі.

Падчас літаратурнага вечара, на які сабраліся чытачы, бібліятэкары, землякі Міколы Давідовіча, аўтар зачытваў урыўкі і невялікія творы з новай кнігі і з папярэдняй «Падрэзанае крыло».

– Я люблю публіцыстыку, раней выпісваў часопісы, зачытваўся. Публіцыстыка – гэта наша рэальнае жыццё. Кніга «Падрэзанае крыло» мне самому да душы, таму што пісаў пра аднавяскоўцаў з Бортнікаў. Думаў: «Ну як я, журналіст, не напішу пра сваіх землякоў». Але я браў не тых, у каго вельмі хораша складвалася ў жыцці, каму, відаць, Бог сваю далонь падкладвае пад галоўку, пад спінку. А тых, у каго цяжкія лёсы, хто жыццёвыя выпрабаванні прайшоў, – расказаў пісьменнік. – Ёсць у кожнага чалавека мясціны, цёплыя ўспаміны, якія ён праносіць праз усё жыццё. У мяне гэта вёска Малыя Бортнікі, што на Бабруйшчыне, дзе адпачываю душой і набіраюся светлых уражанняў.

Мікола Давідовіч дзяліўся ўспамінамі пра людзей, з якімі давялося сустракацца,  сябраваць. Сярод іх паэт Мікола Аўрамчык, пісьменнік Георгій Марчук, падарожнік Фёдар Конюхаў, былы савецкі салдат Аляксей Скурлатаў, які ўвасобіў вобраз воіна-вызваліцеля ў мануменце ў балгарскім Плоўдзіве (апавяданне «Стаіць над гарою Алёша»). Закранулі ў размове і захапленні літаратара – рыбалка, пчалярства, аб гэтым таксама можна знайсці замалёўкі ў новай кнізе.

– Прачытала і мне здалося, што ведаю Мікалая Уладзіміравіча ўсё жыццё. Бо ўсё яго жыццё адлюстравана ў яго артыкулах. Пра што б ён ні пісаў, укладвае сваю душу, прапускае праз свае думкі і сэрца, – сказала загадчыца бібліятэкі №8 Наталля Каўгарэня. – Пісьменнікі, якія пішуць мастацкія творы, магчыма, штосьці аўтабіяграфічнае туды ўкладваюць, але мы не ведаем пра гэта. А ў журналіста-публіцыста гэта ўсё асабістае – яго думкі, пункт гледжання на нейкую з’яву. Таму, прачытаўшы кнігу, вы зразумееце душу, думкі, памкненні і погляды Мікалая Уладзіміравіча. Як на заканчэнні кнігі ён піша пажаданні сабе пад Новы год, так і мне хацелася б пажадаць ўсім «глядзець на жыццё праз ружовыя акуляры, думаць пра лепшае, цудоўнае, і яно абавязкова не абміне вас». Поспехаў, добрага настрою і ўсяго самага найлепшага.

Напрыканцы цёплай літаратурнай сустрэчы пісьменнік падпісаў кнігі аматарам сваёй творчасці.

Маргарыта Бушуева, фота Аляксандра Анташкевіча.