
Прадаваць праз «Лясны домік» болей, паслугу аказваць якасна. На базе Бабруйскага лясгасу прайшоў рэспубліканскі семінар
134 0

Такі пасыл рэспубліканскага семінара на тэму “Павышэнне эфектыўнасці работы гандлёвай сеткі “Лясны домік”, які сёння прайшоў на базе Бабруйскага лясгаса з удзелам міністра лясной гаспадаркі Аляксандра Куліка.
Месца правядзення семінара было выбрана незнарок — па аб’ёму атрыманай за май выручкі, як было заўважана, бабруйскі “Лясны домік” заняў другую пазіцыю ў рэспубліцы.
— Мэта нашага мерапрыемства — зрабіць прамежкавы аналіз работы ў раскручванні брэнда па рэалізацыі прадукцыі лясгасаў краіны “Лясны домік”. Гандлёвая пляцоўка Бабруйскага лясгаса станоўча зарэкамендавала сябе па аб’ёмах рэалізацыі прадукцыі і ў колькасным, і ў грашовым выражэнні, па прадстаўленні нашага тавару, шырыні асартыменту. На іх прыкладзе сёння пакажам іншым, як трэба працаваць у дадзеным накірунку, каб заўтра спытаць, чаму так не робяць. Прынцып павінен быць адзін: рабі, як я, рабі лепей за мяне, — адзначыў Аляксандр Кулік.
Пасля вывучэння на гадлёвай пляцоўцы асартыментнага пераліку рэалізуемай прадукцыі, што вырабляецца лясгасамі вобласці і пастаўляецца староннімі арганізацыямі, дырэктар Бабруйскага лясгаса Андрэй Цвірко распавёў аб арганізацыі работы гандлёвай пляцоўкі і дасягнутых за два гады яе існавання выніках — сярэднемесячная выручка ад рэалізацыі прадукцыі вырасла з 79 тысяч рублёў у 2023 годзе да 156 тысяч у 2025-м.
Аб рабоце сеткі магазінаў “Лясны домік” у цэлым па краіне (іх створана 19) распавёў начальнік аддзела рэалізацыі лесапрадукцыі і выкарыстання дзяржаўнай маёмасці Мінлясгаса Андрэй Мацкевіч.
— Апошнія некалькі месяцаў выручка гандлёвых пляцовак складае не меней за 3 млн. рублёў. У маі, да прыкладу, “Лясныя домікі” прынеслі галіне 3,6 млн. рублёў, — заўважыў ён.
Падчас семінара была засяроджана ўвага на пытаннях цэнаўтварэння, пастаўлена задача — пераняць вопыт Міншчыны па выпрацоўцы адзінай цаны на кожны від рэалізуемай праз гандлёвыя пляцоўкі вобласці прадукцыі. Не абыйшлі іншыя актуальныя пытанні, у прыватнасці, — рэкламавання “Лясных домікаў”, узмацнення дадзенай работы. Як да гэтага падыходзяць у Бабруйскім лясгасе, удзельнікам прадэманстравалі пасродкам відэафільма.
Алена Карпенка
Фота Вiктара Шэйкiна