Бобруйский новостной портал BOBRlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Бобруйский портал — Бобруйск новости — бобр лайф — бобрлайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — бж — bobrlife

Памяці класіка прысвячаецца

56 0

Памяці класіка прысвячаецца

Год таму, 27 лютага 2023 года, з жыцця пайшоў вялікі сябар нашага тэатра Аляксей Ануфрыевіч Дудараў.

У лістападзе 2022 года, падчас фестывалю нацыянальнай драматургіі, мне давялося назіраць цікавую карціну. У антракце спектакля «Чорная панна Нясвіжа» да аўтара аднайменнай п'есы, члена журы Аляксея Дударава падышла адна прыхільніца і ледзь не кінулася цалаваць яму рукі, дзякуючы за любімыя творы, за магчымасць ужывую ўбачыць творцу, які ўжо пры жыцці стаў класікам беларускай літаратуры. Аляксей Ануфрыевіч зніякавеў і, сарамліва азіраючыся вакол, пачаў супакойваць жанчыну, маўляў, не трэба, што вы робіце, я такі ж чалавек, як і ўсе.

А праз тры месяцы, напрыканцы лютага 2023 года, прыйшла зусім нечаканая сумная навіна: Аляксея Дударава не стала...

Такі, як усе, ды зусім не такі... Тут да­зволю сабе крыху асабістых успамінаў з мінулага настаўніцкага жыцця. Калі з вучнямі восьмага класа чыталі п'есу «Вечар», штораз звярталіся да асобы Аляксея Ануфрыевіча, нашага сучасніка, годнага чалавека, выбітнага суайчынніка. Першае, што з павагай да яго мы адзначалі: далёка не ўсім сучаснікам шанцуе, каб іх творы месціліся ў школьнай праграме. Гэта своеасаблівы знак якасці. Калі ў нашым тэатры ў 2018 годзе паставілі яго ­п'есу «Вечар», мы проста пабеглі на прэм'еру, каб на свае вочы ўбачыць увасабленне знаёмых герояў на сцэне. Вялікая заслуга Аляксея Ануфрыевіча ў тым, што ўзнімаў такія тэмы і праблемы, якія адгукаліся і адгукаюцца кожнаму. Не буду расказваць-пераказваць – лепш завітайце ў тэатр 16 сакавіка, у суботу, і паразважайце разам з любімымі артыстамі пра бацькоў і дзяцей, пра вёску і горад, пра мінулае і будучае... Адчуйце атмасферу тых хвілін, калі ў глядзельнай зале бываў наш герой, разам з вамі гля­дзеў спектаклі па сваіх п'есах, ацэньваў іх і быў задаволены, што не ляжаць яны на паліцах, а актыўна ўвасабляюцца ў розных тэатрах. І не толькі ў Беларусі.

Пра тэатр Дудараў ведаў не па чутках: ён жа сам быў мастацкім кіраўніком тэат­ра беларускай арміі і старшынёй Саюза беларускіх тэатральных дзеячаў. Ён хацеў, каб тыя, хто працуе ў беларускім тэатры, адчувалі сябе шчаслівымі, і прыкладаў для гэтага намаганні. Быў нязменным членам журы на нашым, Рэс­публіканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча, прыязджаў на прэм'еры, удзельнічаў у творчых сустрэчах з гледачамі. Мы з гонарам можам адзначыць, што Аляксей Ануфрыевіч быў добрым сябрам нашага тэатра і паважаным бабруйскай публікай пісьменнікам. У перапісцы (па службовых абавязках кіраўніка літаратурнай часткі) з дачкой Аляксея Ануфрыевіча Алесяй Аляксееўнай я з прыемнасцю адзначаю ў яе словах цеплыню і павагу, з якімі драматург узгадваў пра наш тэатр.

Так, зараз мы адмыслова прысвячаем гэтыя словы Творцу, Сучасніку, Драматургу, Пісьменніку, Грамадзяніну, Чалавеку з нагоды гадавіны яго сыходу ў лепшы свет. Такія публічныя ўспаміны – паказчык узроўню нас як годных людзей, здольных памятаць і шанаваць. Бо гэта патрэбна менавіта нам, тым, хто жыве, памятае і працягвае такім чынам жыццё памерлых. Цяпер нам усім застаецца асвойваць, пераглядаць, перачытваць спадчыну, якая яшчэ пры жыцці творцы была прызнаная класікай. І мы будзем гэта рабіць. І тады адкрытая ўсмешка Аляксея Дударава, ідэі яго твораў і прыклад уласнага годнага жыцця застануцца з нашчадкамі.

Хочацца, каб гэтымі днямі прыхільнікі творчасці Аляксея Дударава перагле­дзелі «Белыя Росы», перачыталі яго кнігі, паглядзелі спектаклі па яго п'есах.

У адным інтэрв'ю на пытанне, чаго б ён пажадаў сучаснаму чалавеку, Аляксей Ануфрыевіч адказаў: «Веры. Яна дае надзею. А калі верыш і спадзяешся, здабудзеш любоў. А калі побач любоў, няма беднасці, няма хваробы. І смерці няма».

Таццяна Мурманцава, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск).