
Кола часу зноў набліжае нас да навагодніх святаў. І калі нехта думае, што рана яшчэ рыхтавацца да святкавання Новага года, тэатр ужо напоўніцу займаецца пастаноўкай новай «зімовай» казкі.
Крыху захоўваючы таямніцу, дазвольце нагадаць, якія казкі мы прапаноўвалі падчас самага любімага свята дзяцей і дарослых цягам некалькіх апошніх гадоў. 2022 год бабруйчане сустракалі разам з класічнай «Папялушкай»: на сцэне ажыла мара Папялушкі – крыштальны туфлік знайшоў яе! Арыгінальным было рашэнне на новы 2023 год паставіць «Ну вельмі ўсходнюю казку!»: мудрасць і прыгажосць, музыка і танцы старажытнага ўсходу прыйшліся даспадобы гледачам розных узростаў. 2024 год здзівіў цікавым спалучэннем трох казак («Чырвоны каптурок», «Папялушка» і «Снежная каралева») у дэтэктыўным мюзікле «Следства вядзе Снегавік». Здаецца, зусім нядаўна працавалі над пастаноўкай сусветнай класікі – стылёвай музычнай казкі «Шчаўкунок», каб павіншаваць гледачоў з новым 2025 годам, а ўжо і гэты год адыходзіць пакрысе ў гісторыю.
Надыходзячы 2026-ы ў тэатры абяцае новы сюрпрыз. Гэтым разам маленькіх і дарослых гледачоў чакае «Марозка» – вядомы ўсім сюжэт усходнеславянскіх народных казак. Але не ўсё так проста. Па дадзеных даследнікаў, якія вывучалі запісы казкі «Марозка» ў розных рэгіёнах, існуе не менш за сорак яе рускіх разнавіднасцяў, каля трыццаці украінскіх варыянтаў і адзінаццаць – беларускіх! У розных варыянтах, пры наяўнасці агульнага сюжэта, – розныя героі, імёны, месцы дзеяння. Першапачаткова гэта былі вусныя апавяданні: сяляне, якія верылі ў звышнатуральныя магчымасці Мароза, аж да XIX стагоддзя імкнуліся задобрыць яго. Пазней, калі Мароз у народнай свядомасці пачаў губляць рысы міфалагічнага персанажа, гісторыя сустрэчы з ім набыла форму чароўнай казкі.
Які з мноства існуючых варыянтаў гэтай казкі ажыве на нашай сцэне, убачыць той, хто наведае тэатр пачынаючы з 20 снежня 2025 года і заканчваючы 7 студзеня 2026 года. Ведаем, што навагоднія святы ў тэатры – традыцыйная неад'емная частка святкавання Новага года ў многіх бабруйскіх сем’ях. Тым больш што нашы казкі заўсёды аздабляюцца імпрэзай каля вялікай упрыгожанай яліны, агеньчыкі на якой запальваюцца толькі па вашым жаданні!. А казачныя персанажы і Дзед Мароз са Снягуркай ужо гатовы танчыць карагоды, весяліць вас і здзяйсняць вашы жаданні! З нецярпеннем чакаем вас, шаноўныя гледачы, каб разам з героямі казкі «Марозка» пераадолець розныя перашкоды, сустрэць казачных персанажаў і павучыцца важным жыццёвым урокам, такім як сяброўства, дабрыня і ўзаемадапамога.
Спектакль «Марозка» – гэта выдатная магчымасць для сямейнага адпачынку, памяць пра які застанецца ў вас на доўгі час. Ён нагадае ўсім аб важнасці святкавання Новага года разам з блізкімі, аб тым, як цудоўна верыць у дабро і шчырасць, жыць у гармоніі са светам і рабіць добрыя справы. Не прапусціце магчымасць пагрузіцца ў гэты казачны свет. Да сустрэч у тэатры!
Таццяна Мурманцава





