Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Гледачоў чакае навагодні цуд-падарунак

Bobrlife.by 1 767 0

Гледачоў чакае навагодні цуд-падарунак

Прыйшоў снежань, а зна­чыць, зусім хутка школьныя канікулы, свята Божага Нараджэння і Новы год! Гэта самыя любімыя святы, самыя прыгожыя і… самыя таямнічыя, бо ўсе з даўніх часоў кажуць і пішуць, што ў такія дні здараецца шмат цудаў. Іншая справа, ці ўмеем мы разглядзець сапраўдны цуд. Але ёсць такое месца ў Бабруйску, дзе з цудам сустракаецца кожны, прычым датычыцца гэта як дзяцей, так і дарослых. Чарадзейнае тое месца – тэатр. І я ў чарговы раз запрашаю ўсіх жыхароў Бабруйска часцей прыходзіць да нас, бо ў тэатры вы сапраўды сустрэнеце тое, з чым ніколі не сустракаецеся ў штодзённым жыцці.

Зараз я раскажу аб цудзе, якое вы ўбачыце, калі прыйдзеце да нас у святочныя дні. Падарункаў у святы чакаюць усе, і мы рыхтуем цуд-падарунак. Дзед Мароз і Снягурка традыцыйна будуць вітаць вас ля ёлкі, весяліцца, вадзіць з вамі карагоды, слухаць вашы песні, вершы і г.д. А потым тэатральны занавес адкрыецца, і пачнецца казка пра незвычайнага Канька-Гарбунка, якую раскажуць і пакажуць усім са сцэны. Спачатку вы ўбачыце вандроўных артыстаў-скамарохаў (жанр казкі так і вызначаны – скамарошына), яны паступова будуць пераўтварацца ў розных дзеючых асоб.

//www.bobrlif.by/wp-content/uploads/2018/12/SV7_4774.jpg

А распачнецца дзеянне з таго, што Іван едзе на базар у горад і сніцца яму сон пра пяро Жар-птушкі, яно і аказваецца ў руках Івана. Адсюль пачнуцца ўжо самыя сапраўдныя дзівосы. На сцэне ўзнікаюць то поле з пшаніцай, дзе гуляе чароўная Кабыліца (якая і падарыць Івану Канька-Гарбунка, што становіцца верным памочнікам ва ўсіх яго нялёгкіх прыгодах), то гарадскі базар, то царскія пакоі, адкуль цар выпраўляе Івана выконваць розныя цяжкія царскія загады, напрыклад, прынесці цару Жар-птушку (і Канёк дапамагае Івану выканаць царскі загад). То пачынае на сцэне пералівацца мора-акіян з Цуда-юда Рыбай-кітом, які праглынуў шмат караблёў і цяпер пакутуе ад таго, і толькі Іван (з Каньком) здолен Кіту дапамагчы. А потым перад намі ўзнікае Цар-дзявіца, Месяцу родная дачка, а Сонейку сястрыца, з якой задумаў ажаніцца цар.
Словам, дзівос у нашай казцы-падарунку для маленькіх (і вялікіх таксама) бабруйчан будзе столькі, што ўспамінаць іх можна будзе ўвесь наступны год. Тэатр прыкладае ўсе намаганні, каб гледачам запомніліся гэтыя святы і прынеслі шмат пазітыву.
Хачу яшчэ дадаць, што рэжысёрам «Канька-Гарбунка» з’яўляецца Ларыса Пакрэўская, яна ж і прыдумала яе мастацкае афармленне, а таксама музычнае аздабленне казкі. Будзе гучаць шмат прыгожай, лёгкай для ўспрыймання класічнай музыкі, якая дапаможа адчуванню цуда на сцэне. Яркія казачныя сцэнічныя строі для выканаўцаў стварыла Надзея Кручыніна. Гэты творчы дуэт працуе разам другі раз, першай была «Казка пра цара Салтана», якую, напэўна, многія з вас бачылі. Трэба сказаць, што водгукі гледачоў аб спектаклі «Казка пра цара Салтана» былі толькі прыемныя, і тое вельмі радасна, таму што іх праца над «Салтанам» каштоўная, на высокім прафесійным і культурным узроўні. І гэта дае надзею, што сёлетняя праца дуэта таксама будзе на вышыні. Яны абе­дзьве лёгкія, пазітыўныя, светлыя творцы з вялікімі фантазіяй і жаданнем ствараць, ствараць і ствараць.
Даражэнькія гледачы, вам застаецца зусім крышачку – прыйсці ў тэатр і ўба­чыць той цуд сваімі вачыма. Пачнецца ён ужо 21 снежня і будзе ўзнікаць перад вамі без перапынку да канца 2018 года ў 11, 14 і некаторымі днямі ў 16 гадзін. А як прыйдзе 2019-ы, з 2 студзеня паказ дзівосаў у тэатры пачнецца ізноў і будзе працягвацца да 7 студзеня.
Чакаем сустрэчы з вамі, паважаныя гледачы, незалежна ад вашага ўзросту!