Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Білі зброяй, білі словам. Беларускія мсціўцы і лістоўкі супраць фашыстаў

bobrlif.by 3 772 0

Білі зброяй, білі словам. Беларускія мсціўцы і лістоўкі супраць фашыстаў

Вельмі шкада, што прыгожую дату 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сёлета мы сустракаем са значна пара­дзелымі радамі франтавікоў, падпольшчыкаў і партызан. Калі мы не хочам забыць такую гераічную і трагічную старонку нашай гісторыі, як Вялікая Айчынная вайна, мы павінны ўстаць на месца нашых дзедаў, бацькоў, ро­дзічаў і суседзяў, што не вярнуліся з яе ці ўжо адышлі ў іншы свет. І памя­таць, што і як яны рабілі, каб мы жылі і радаваліся жыццю.

У свеце  і ў клічаўскім лесе

Не паспелі савецкія людзі як след запомніць велічную мелодыю новага Дзяржаўнага гімна СССР, што прагучаў па радыё ў навагоднюю ноч 1944-га, як падзеі на франтах пачалі мяняцца з хуткасцю мазаікі ў калейдаскопе. Ужо 3 і 4 студзеня былі вызвалены ўкраінскія Наваград-Валынскі і Белая Царква. Яшчэ праз тыдзень войскі 1-га Украінскага фронту пераможна ўвайшлі ў Сарны. А 13 студзеня ўбачыла святло пастанова Дзяржаўнага камітэта абароны аб расфарміраванні Цэнтральнага штаба партызанскага руху і перадачы кіраўніцтва ім ЦК камуністычных партый саюзных рэспублік, абкомам партыі і адпаведным штабам партызанскага руху.
Гэта ніяк не расхаладзіла дзейнасць беларускіх лясных змагароў, падпольшчыкаў у гарадах і вёсках. Хутчэй, наадварот. У адзіным парыве з войскамі рэгулярнай арміі партызаны набліжалі дні вызвалення роднай Беларусі і Баб­руйшчыны таксама. Менавіта ў першы дзень 1944 года праслаўлены камандзір 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады Віктар Лівенцаў указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Больш за паўтысячы яго паплечнікаў у нашым горадзе і раёне актывізавалі знішчэнне ворага на заключнай стадыі панавання фашыстаў на нашай зямлі.
Падпольныя групы на чале з В.І. Бутаравым, П.Ф. Маслёнкам, І.В. Стомавым, В.І. Баглаем, І.А. Хімічавым, С.З. Крамнёвым, А.К. Калеснікавым, Я.І. Саваце­евым, С.Р. Акулічам, П.С. Вашукевічам, А.В. Фальковічам і іншымі не давалі спакою захопнікам на лесакамбінаце і машынабудаўнічым заводзе, на суднарамонтным і хлебазаводзе. Яны не толькі збіралі патрэбную інфармацыю, распаўсюджвалі зводкі з Вялікай зямлі, а таксама арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагераў, перапраўку іх у лес. Даходзіла справа і да дыверсій на электрастанцыі, мясакамбінаце, у месцах размяшчэння акупантаў.
Значна дадавалі натхнення змагарам перамогі Чырвонай Арміі на франтах ад Чорнага мора да Балтыкі. І ўжо 14 сту­дзеня подых вызвалення адчулі на сабе бабруйчане, калі нашы войскі ўвайшлі ў Мазыр і Калінкавічы. Сагравалі душу, упэўнівалі ў непазбежнай перамозе над фашыстамі канчатковая ліквідацыя блакады Ленінграда, ачышчэнне ад гітлераўцаў Ноўгарада. А яшчэ пачутая па рацыі навіна аб тым, што Чэрчыль прызнаў абгрунтава­насць разлікаў СССР на тэрыторыі Заходніх Украіны і Беларусі. Доўгачаканы мір, да якога ішлі доўгіх тры гады, быў ужо адчувальна блізкі. Весткі Сав­інфармбюро толькі падцвярджалі гэта: пачала дзейнічаць чыгунка Масква-Ленінград, пленум ЦК ВКП(б) пашырыў правы саюзных рэс­публік у галінах абароны і знешніх зносін, 28 студзеня – 1 лютага сесія Вярхоўнага Савета Саюза ССР прыняла Закон аб дзяржаўным бюджэце на 1944 год, а 30 студзеня была вызвалена першая сталіца саюзнай рэспублікі – Кіеў.

Не шкадавалі жыцця, набліжалі перамогу

Прыкладна васьмю месяцамі раней падпольная газета «Звязда» пісала пра наш горад: «Насельніцтва горада ся­дзіць на галодным пайку – атрымлівае ўсяго 200 г хлеба толькі той, хто працуе. Па 70 г хлеба выдаюць на дзяцей. З таго часу, як немцы захапілі Бабруйск, насельніцтва не бачыць у вочы ні мяса, ні тлушчаў. Галодных людзей немцы прымушаюць працаваць па 16-18 гадзін у суткі. Нярэдкія выпадкі, калі знясіленыя рабочыя без прытомнасці падаюць каля сваіх варштатаў». Ведаючы пра гэта, лясныя мсціўцы нарошчвалі намаганні па набліжэнні фіяс­ка акупантаў. У адным з нумароў свайго выдання «Бобруйский партизан» яны падводзілі вынікі дзейнасці за два гады вайны. Баявы лік змагароў Бабруйшчыны быў наступны: на тэрыторыі прыгараднага і памежных з ім раёнаў было знішчана каля 5500 нямецкіх салдат і афіцэраў, пушчаны пад адхон 51 эшалон з тэхнікай і жывой сілай ворага, узарваны 17 кіламет­раў чыгуначнага палатна, 42 шашэйныя і 17 чыгуначных мастоў, узарваны і спалены 4 танкі, 7 бронемашын, 179 аўтамабіляў і 14 трактараў.
Акрамя таго, у баях з праціўнікам былі захоплены нядрэнныя трафеі, якія былі павернуты супраць захопнікаў. А гэта 2 мінамёты, 5 аўтаматаў, 22 станковыя і ручныя кулямёты, 26 пісталетаў, 207 вінтовак, 98 тысяч патронаў, коні, павозкі, іншая ваенная маёмасць. Узгадваю, як гадоў трыццаць таму, калі былі жывыя легендарныя партызанскі камісар і рэдактар Сяргей Зіноўевіч Крамнёў і падпольшчык Пётр Максімавіч Сцяржанаў, яны расказвалі нават аб цэлай калекцыі жалезных крыжоў, іншых нямецкіх ордэнаў, што захоўвалася ў атрадзе. І абавязковым быў у тыя гады іх аповед, як грамілі ваенныя ды паліцэйскія гарнізоны, як супрацьстаялі атрадам карнікаў. Цікава, што субяседнікі заўсёды падкрэслівалі значэнне ва ўзброенай барацьбе не толькі кулямётаў з аўтаматамі, а і палымянага, хлёсткага слова ў той жа газеце, рукапісным часопісе ці лістоўцы.

Не горш палітрука клікалі на бой

Лясныя публіцысты, вядома, былі далёкія ад правілаў класічнага вершаскладання, не вельмі прытрымліваліся кампазіцыі і стылістыкі памфлетаў. І гэтым, на маю думку, бралі за жывое чытачоў як з аднаго боку, так і з супраць­леглага. Але ж наколькі дасціпнай і выніковай была партызанская творчасць! Уяўленне аб ёй дае, напрыклад, лістоўка «Верховному командованию немецкой армии. Фрицам, гансам, их прислужникам и прочей сволочи из шайки арийских куроцапов». Напісаная ці то прозай у вершах, ці то вершамі ў прозе, змест яе вельмі востра і ёмка дахо­дзіць да адрасата: «…Некогда нам долго с вами разговаривать, с такими суками говорить, так надо язык наварить. В ходе вой­ны ваш дурак Гитлер наклал в штаны. Он еще храбрится, продолжает хвалиться. Но, как говорится, волк охотника боится. В своем Берлине днем и в ночную пору он залезает в звериную нору. В норе прохвост не отсидится, скоро мы дадим ему напиться, подсыплем в пирог маку и засунем палку в с…»
Але не толькі выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі забяспечвалася даходлівасць зварота да захопнікаў і акупантаў нашай зямлі. Вельмі пранізлівай, пранікаючай у сэрца абаронцаў Радзімы накшталт эрэнбургаўскага «Забі!» альбо сіманаўскага «Забі яго!» стала лістоўка «Углядзіся ў гэты партрэт. Гэта крывавы Гітлер! Смерць Гітлеру і яго разбойніцкай зграі». Людзі, што пакутавалі ад зняваг і прыгнёту гітлераўцаў, не маглі не зразумець простых і шчырых слоў: «…Уважліва ўглядзіся. На гэтым твары ты ўбачыш палаючыя гарады і вёскі роднай Беларусі. Углядзіся, і ты ўбачыш павешаных братоў, сваякоў і блізкіх. Углядзіся, і ты ўбачыш згвалтаваных жанчын, знявечаных дзяцей. Паглядзі ў гэтыя жудасныя вочы людаеда, і ты ўбачыш смерць».
Не горш за пісьмовыя крыніцы працавала на вызваленне, на перамогу вусная народная творчасць. У Бабруйску жыве Васіль Пятровіч Шумілаў, як прынята казаць, – дзіця вайны. Акрамя летапісу будаўнічай галіны нашага горада, края­знавец захапляецца гісторыяй сваёй малой радзімы – Рагачоўшчыны. Шмат публікуецца, склаў радавод сям’і. А яшчэ ён збірае частушкі даваенных і ваенных часоў, і нават сам выконвае іх перад рабятамі, якія запрашаюць яго ў школы. Ёсць у яго зборы і гэткія, партызанскія.

Ты, фашист, голодный волк!
Ты куда торопишься?
К партизану попадешь,
Больше не воротишься!

Партизаны-коммунисты
Не дают вздохнуть фашистам,
С Беларуси день и ночь
Гонят сброд фашистский прочь.

Ночка темная настала,
На полях стоит туман.
Гитлер смазывает пятки
От бобруйских партизан.

Лес шумливый, лес дремучий,
Лес зеленою каймой.
С партизанами в отряде
Бьет фашистов милый мой.