Бобруйский новостной портал BOBRlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Бобруйский портал — Бобруйск новости — бобр лайф — бобрлайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — бж — bobrlife

Бабруйск запрашае: дзеля якіх спектакляў iншагароднiя аматары тэатра едуць у наш горад

42 0

Бабруйск запрашае: дзеля якіх спектакляў iншагароднiя аматары тэатра едуць у наш горад

Прыемна ўсведамляць, атрымліваючы водгукі пра працу тэатра, што гледачы прыязджаюць на спектаклі ў Бабруйск з іншых гарадоў Беларусі. Бабруйчане, пэўна, усміхнуцца і не павераць. Але ж гэта вядома ўсім: няма прарока ў сваёй айчыне. Па-добраму здзіўленымі і ўражанымі ­пасля нашых спектакляў выходзяць аматары тэатра з Мінска і Магілёва, Глуска і Асіповічаў, Жлобіна і Клічава.

З маленькімі гарадамі ўсё зразумела: там няма тэатраў. А што з Мінскам і Магілёвам, якія маюць па некалькі тэатраў і могуць забяспечыць культурны адпачынак на любы густ? Але ж і з вобласці, і са сталіцы людзі спецыяльна прыяз­джаюць да нас ці то на пэўны спектакль, ці то на артыста, ці то на рэжысёра. Адзін з апошніх водгукаў пра нашу працу менавіта з Мінска. Так, Наталля Шыцько з сям’ёй спецыяльна наведвае нашы спектаклі і мае меркаванне пра дзеючы рэпертуар. Вось што яна адзначае: «Амаль кожны спектакль суправаджаецца, нібы другой назвай, «мудрагелістым» жанравым азначэннем. Адназначна, гэта доб­рая інтрыга для гледача!».

Інтрыгу гэту стварае для вас, шаноўныя гледачы, галоўны рэжысёр Зміцер Нуянзін – прафесіянал найвышэйшага ўзроўню, за плячыма якога больш за 150 пастановак у розных краінах, цікавы суразмоўца, чалавек энцыклапедычных ведаў у галіне тэатразнаўства і не толькі. Працуючы над пастаноўкай, Зміцер Анатольевіч задумваецца, каб да жанравага азначэння свайго спектакля дадаць нейкі слоган, які б адлюстроўваў ідэю. Напрыклад, трагедыя «У спісах не значыўся» (Б. Васільеў) атрымала слоган «Дзень, калі пачалася вайна»; мюзікл «Несцерка» (аўтары – Р. Сурус, В. Вольскі, А. Вольскі) – дадатак у выглядзе слова «эскапада», што значыць «экстравагантная выхадка»; музычная казка «Шчаўкунок» – «Цуды на Раство»; «Следства вядзе Снегавік» (музыка – Е. Шашын, пь’еса – Н. Кузьміных) не проста казка, а навагодні мюзікл-­перапалох! Зміцер Анатольевіч не толькі свае спектаклі аздабляе такім чынам, але і запрошаным рэжысёрам прапаноўвае гэта зрабіць. Вольга Барысавец прыслухалася – і ў нашым рэпертуары есць не проста спектакль, а разважанні «Нюрнберг. Лава падсудных» (А. Ігнашоў).

З’яўляючыся ідэйным натхняльнікам, Зміцер Анатольевіч атрымаў заслужаную ўзнагароду: на ІХ Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча ў 2024 го­дзе журы прысудзіла яму Спецыяльны дыплом «За ідэю творчай лабараторыі «Святло майстра», прысвечанай памяці Аляксея Дударава.

Неўзабаве яшчэ два спектаклі атрымаюць сакавітыя азначэнні ад стваральніка Змітра Нуянзіна. А нам, бабруйчанам, пэўна, трэба задумацца, каб не спраўдзілася яшчэ адна народная муд­расць: «Зняўшы галаву, па валасах не плачуць».

Да сустрэч у тэатры!