Бобруйский новостной портал BOBRlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Бобруйский портал — Бобруйск новости — бобр лайф — бобрлайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — бж — bobrlife

Раіса Багук з Бабруйска: «Пенсія – не прыгавор, а перыяд раскрываць таленты»

16 0

Раіса Багук з Бабруйска: «Пенсія – не прыгавор, а перыяд раскрываць таленты»

Жыццё Раісы Багук – самае пераканаўчае сведчанне таму, што творчасць не мае ні ўзросту, ні тэрміну прыдатнасці. Яна нара­дзілася ў ціхай вёсцы Харомцы, што на Гомельшчыне. Яе маці працавала ў былым панскім садзе – вырошчвала садавіну і гародніну. Бацька быў кузнец на ўсю мясцовасць, рабіў для людзей усе патрэбныя для таго часу прылады працы – ад малаткоў і рыдлёвак да простых, патрэбных у гаспадарцы дробязей. Па вечарах маці садзілася ткаць – не проста посцілкі, а сапраўдныя перабіранкі. Гэта калі на палатне нібы самі сабой расцвіталі кветкі, якімі ўпрыгожвалі іконы, ці з’яўляліся вытанчаныя ўзоры на ручніках. І абавязкова ўся гэта праца суправаджалася песнямі. А потым, адклаўшы чаўнок, маці брала ў рукі кніжку – вельмі любіла чытаць. У хаце стаяла кніжная шафа – галоўны скарб сям’і, дзе былі змешчаны творы такіх аўтараў, як Шамякін, Шолахаў, Чэхаў, Мележ, Купала, Колас, Крапіва. Маці скончыла толькі чатыры класы – сказаліся вайна, сіроцтва, але ведала на памяць шмат вершаў і баек Коласа і Крапівы, любіла іх дэкламаваць з выразам.

Вайна ніколі не была для гэтай сям'і тэмай гучных слоў. Бацька быў партызанам, маці была на фронце санітаркай. 9 Мая для бацькоў заўсёды заставаўся днём болю – яны не любілі ўспамі­наць падрабязнасці, толькі калі прыходзілі ­сябры-аднапалчане, ціха спявалі песню «Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры». Дзядзька, мамін брат Дзмітрый Круглоў, знік без вестак, пасля таго як яго параненага адправілі самалётам на Вялікую зямлю. Яго дзеці знайшлі магілу толькі праз дзесяцігоддзі пад Валгаградам. Вось усё, што засталося на памяць ад той вайны: фотаздымкі, невялічкія расказы, а яшчэ сціплы абеліск у роднай вёсцы Харомцы, дзе падчас вайны немцы сагналі і спалілі каля трохсот мірных жыхароў, бо тыя не паспелі схавацца. Цяпер каля вясковага магазіна на малой радзіме бабруйскай паэтэсы стаіць абеліск – у памяць аб спаленых. І гэты боль не сыхо­дзіць. Таму падчас і нараджаюцца вершы, прысвечаныя гэтай нагодзе, а таксама бацькам паэтэсы, якія змаглі перамагчы наступствы гэтай навалы сваёй працай, годнасцю і духоўным святлом.

Дачка пайшла па іншай дарозе. Пасля пераезду ў Бабруйск яна трапіла на прадпрыемства «Славянка». У той час камп’ютары толькі пачыналі з’яўляцца на вытворчасці. Раіса Іванаўна працавала з сістэмай аўтаматызаванага праектавання. У яе абавязкі ўваходзіла раскладка выкраек так, каб на адну рэч сыходзіла як мага менш тканіны. Гэта была сапраўдная галаваломка, але ж і вельмі цікавая праца.

Вершы ў яе жыццё прыйшлі пазней. Самы першы яна напісала ў сёмым класе, але паказала яго толькі сяброўцы. Тады, у дзяцінстве, у яе не хапіла смеласці падысці да настаўніцы, каб тая нешта параіла. І замоўкла надоўга, нават на некалькі дзесяцігоддзяў.

А пачала Раіса Багук сваю літаратурную творчасць з гумару – пісала байкі на нейкія падзеі, што адбываліся на працы, віншаванні калегам, дзе пра кожнага красамоўна магла падкрэсліць яго асабістыя чалавечыя рысы. А потым пайшла сур’ёзная паэзія. Акрамя газеты «Швейнік», першым друкаваным выданнем, дзе змяшчала свае вершы бабруйская паэтэса, быў альманах «Сузор'е». З 2018 года яна друкуецца ў міжнародных альманахах, ваенным зборніку «Пакуль звоніць звон», у «Бабруйскім почырку». Піша пра ўсё: вайну, каханне, прыроду, розныя сямейныя выпадкі. Ёсць у спіску ўласнай паэзіі Раісы Іванаўны пяць зборнікаў вершаў і дзве кніжкі для дзяцей.

– Мае вершы не заўсёды аўтабіяграфічныя, – тлумачыць яна. – Напрыклад, пагля­дзела фільм, пачула нейкае слова, убачыла чужую гісторыю – і, калі гэта чымсьці мяне ўразіла, нараджаецца верш.

Перад пенсіяй жанчына моцна задумалася: а што далей? Стаяць ля пліты, паліваць агарод? Не, яе душа прасіла іншага. Яна з дзяцінства марыла пра сцэну, быць артысткай – ціха, недзе глыбока ў сабе. Пра гэта яна нават напіша верш праз гады:

Артисткой быть хотела в детстве,
Мечту хранила ото всех,
Не передашь ее в наследство,
Сейчас играю – есть успех.
Стихи писать недавно стала,
Друзей хороших обрела,
А это, я скажу, немало,
Жизнь интересней потекла…

І вось напярэдадні пенсіі яна ўбачыла аб'яву ў газеце «Бабруйскае жыццё»: рэжысёр народнага тэатра Сяргей Карбоўскі набірае акцёраў. Адправілася разам з калегамі – для падтрымкі, і іх узялі. Так пачаўся яе акцёрскі ўдзел у народным тэатры.

Прыкладна ў гэты ж час жанчына пачала хадзіць на сустрэчы з мясцовымі паэтамі ў літаратурнае аб’яднанне «Сонечныя нівы». Спачатку – проста паслухаць, бо гэта творчасць яе таксама вабіла. Першым настаўнікам у станаўленні яе як паэтэсы была Тамара Кавальчук, якая з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.

– Мне прапанавалі прачытаць свае вершы – і адразу прынялі. Так я стала пісаць сур’ёзна, – прыгадвае паэтэса сваё станаўленне ў гэтым накірунку. – І зараз кожную нядзелю – спачатку літаб'яднанне «Сонечныя Нівы», потым рэпетыцыя ў тэатры. Мы паставілі спектакль «Трыбунал», выступалі ў парках, на гарадскіх святах.

Потым тэатр перайшоў да рэжысёра Мікульскага, рэпетыцыі праходзілі ў санаторыі імя Леніна, а пасля Наталля Тарэлка стварыла свой тэатр-студыю «Дзівакі», дзе Раіса Іванаўна іграе і сёння. Яна не стамілася ад жыцця і гаворыць: «Я знайшла сваё прызначэнне ў жыцці, і гэта шчасце».

– Мне вельмі шанцуе на добрых людзей, – працягвае свой аповед бабруйская паэ­тэса і актрыса народнага тэатра. – Калі мы з мужам у пачатку свайго сумеснага жыцця прыйшлі ў пустую кватэру, калегі са «Славянкі» сказалі: «Дай грошы, а ўвечары ўсё ў вас ужо будзе». Трэба заўважыць, што раней не было ў такой даступнасці ні мэблі, ні іншага тавару, быў дэфіцыт. Так сапраўды і атрымалася: калі мы з мужам вярнуліся з працы, дома ўжо стаялі стол, табурэткі і іншыя патрэбныя ў быце рэчы. Добрыя лю­дзі – гэта і ёсць мая апора ў жыцці.

Цяпер мы жывем на Фарштаце, за авіягарадком, маем уласны дом, свой агарод, дзе ўжо паспелі памідоры і перцы. Муж і я – жывем удвух. Двое нашых дзяцей ужо выраслі: дачка Вольга жыве ў Бабруйску, Таццяна – у Мар’інай Горцы. Ужо маем траіх унукаў: старэйшаму 23 гады, сярэдняя – унучка, ёй 20 год, а малодшаму – 8. Гэты наш маленькі Данік – сапраўдны энерджайзер. Ён хо­дзіць у першы клас, мы з дзедам забіраем яго са школы, таму што бацькі ў гэты час яшчэ на працы. Унук з ахвотай дапамагае нам па гаспадарцы: і падмяце, і дровы складзе, і прынясе што трэба. Але за ім патрэбна вока ды вока. Мы вельмі шчаслівыя, што ў нас ёсць дзеці і ўнукі – гэта наша будучыня, наша надзея і апора ў жыцці. Нядаўна ў мяне выйшлі дзве невялічкія кніжачкі для дзяцей – вершы, натхнёныя назіраннямі за малодшым унукам. А яшчэ я пішу акравершы. Гэта захапляльна: па першых літарах кожнага радка чытаецца назва твора. А галоўнае – у тэксце нельга выкарыстоўваць словы з загалоўка. Гэта такая паэтычная галаваломка, якая трымае мозг у тонусе.

Жыццё Раісы Багук пераконвае: пенсія – не прыгавор, а перыяд раскрываць таленты, якія чакалі свайго часу. Вось яе ўласныя радкі, у якіх, здаецца, змясцілася ўся жыццёвая філасофія нашай гераіні:

Я к возрасту привыкнуть не могу,
Но и грустить нет повода, считаю,
Хорошее, что было, берегу
И в настоящем счастье обретаю…

Таццяна Пацёмкiна
Фота Аляксандра Анташкевiча