Месяц таму, напярэдадні прэм’еры драмы «Жывыя», я гутарыла з аўтарам п’есы Таццянай Сівец – старшынёй секцыі драматургіі Саюза піьменнікаў Беларусі, галоўным рэдактарам газеты «Медыцынскі веснік». Акрамя гэтага, Таццяна Мікалаеўна працуе ў рэчышчы паэзіі, прозы, крытыкі, драматургіі, паэтычнага перакладу. Нагадаю некаторыя яе словы з таго інтэрв’ю: «Я жадаю, каб як мага больш людзей прыходзілі ў тэатр, каб тэатр мяняў нас да лепшага, каб добрыя творы дапамагалі думаць і рабіць выбар на карысць будучыні... Ведаеце, пакуль мы жывыя, усё яшчэ можна паправіць, здзейсніць, змяніць. І трэба гаварыць адно з адным. Я ўпэўнена, што праблем у свеце стане значна меней, калі мы пачнем шчыра адно з адным размаўляць... Наогул жа мне здаецца, што любое развіццё немагчымае без болю і ў кожнага з герояў гэтага болю, непрагаворанага, назапашанага, дужа шмат…»
А вось словы, якія са сцэны даносіла Таццяна Мікалаеўна гледачам 2 і 3 мая пасля прагляду прэм'ерных спектакляў: «У нашых продкаў было абавязковым ведаць імёны сваякоў да сёмага калена, то-бок імёны 64 чалавек з гісторыяй, пасадамі і асаблівасцямі! Навошта нам сёння ведаць гэта? Так, былі такія людзі, гены свае далі нам. А чым гэта нам дапаможа сёння? У кожнага свой адказ на гэта пытанне. Агульнае адно: калі мы ведаем, хто нашы дзяды-прадзеды і што яны зрабілі, каб сёння мы жылі мірна і спакойна, мы ведаем праўду, ганарымся подзвігам, шануем памяць пра кожнага трэцяга, які загінуў у той вайне для таго, каб мы нарадзіліся. Пакуль мы памятаем пра іх, яны жывыя».
Само па сабе гонар для нас – прымаць аўтара п’есы. А ці часта наведваюць тэатры прататыпы герояў п’ес? Нам пашанцавала. Хто глядзеў спектакль, той памятае доктара Вольгу Іванаўну, якую на сцэне ўвасобіла Вольга Матвеева. І вось галоўны ўрач Мінскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, доктар медыцынскіх навук, анестэзіёлаг-рэаніматолаг Вольга Святліцкая на нашай сцэне дзеліцца ўражаннямі ад прагляду «Жывых»: «Я не змагла ўтрымаць слёз напрыканцы. Моцная і добрая пастаноўка. Дзякуй Таццяне Мікалаеўне за п’есу, дзякуй тэатру за пастаноўку. 25 гадоў я працую ў рэанімацыі. У нас самая вялікая бальніца экстранай дапамогі не толькі Мінска, але і Беларусі. Практычна кожны дзень я бачу пад дзвярыма рэанімацыі забітых горам сваякоў, якія нешта не паспелі сказаць сваім блізкім. Гэты спектакль схіляе нас да глыбокага разумення таго, што назад нічога немагчыма вярнуць. Як бы Юрка і Ігар у спектаклі ні біліся, дзядуля ўжо сышоў, дзверы зачыніліся. І ім давядзецца жыць далей з нявыказанымі думкамі, непрамоўленымі словамі, з адчуваннем віны. Мая просьба да ўсіх у зале: прыйдзіце дадому, абдыміце сваіх бацькоў, абдыміце бабуль-дзядуль, калі яны яшчэ ёсць, абдыміце братоў-сясцёр. Гэты спектакль вучыць нас дабру. Прынясіце часцінку гэтага дабра з сабой дадому». Каментарыі тут, як вы разумееце, непатрэбныя...
патрэбна (і вельмі мне хочацца) распавесці пра тое, што няма нічога выпадковага ў жыцці. Варта было мне ўбачыць анонс супрацоўніцы Бабруйскага краязнаўчага музея Іны Аўсейчык наконт правядзення аўтарскай экскурсіі «Легендарныя ўрачы і медыцына ў старым Бабруйску» – і вось мы з Таццянай Сівец у складзе экскурсійнай групы шпацыруем па Бабруйску. Не толькі галоўнаму рэдактару «Медыцынскага весніка», а і мне, і шматлікім цікаўным бабруйчанам вельмі цікава было даведацца пра дактароў Беленькага, Фэйэртага, Ярха, Марзона і іншых. Дарэчы, многія і сёння яшчэ не ведаюць, чаму народная назва Бабруйскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі – марзонаўка. Менавіта паводле прозвішча Уладзіміра Восіпавіча Марзона – заслужанага ўрача БССР, заслужанага дзеяча навук БССР, прафесара, які працаваў у Бабруйску і ўздымаў тут медыцыну ў 1913-1934 гадах.
Цікавыя расповеды пра гісторыю бабруйскай медыцыны, шпацыр па квітнеючаму маладым маем Бабруйску, шчырыя размовы, уражанні ад спектакля, стасункі з артыстамі, рэжысёрам і гледачамі, пражыванне пэўных эмоцый – усё гэта для творчай асобы Таццяны Мікалаеўны дасць свой плён. Магчыма, народзіцца новая п’еса. А магчыма, новы спектакль. Пакуль мы жывыя, усё магчыма.
Таццяна Мурманцава.
Фота аўтара.






