Бобруйский новостной портал BOBRlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Бобруйский портал — Бобруйск новости — бобр лайф — бобрлайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — бж — bobrlife

Шлях да сябе. Як паэзія і выратаванне людзей сталі адным цэлым у жыцці Аляксандры Лескавец

98 0

Шлях да сябе. Як паэзія і выратаванне людзей сталі адным цэлым у жыцці Аляксандры Лескавец

Ведаеце, бываюць такія людзі, з якімі пагаворыш – і на душы святлей становіцца. Аляксандра Лескавец менавіта такая. Яна з тых, хто не скардзіцца на лёс, а проста жыве на поўную. І жыве цікава: піша вершы, вучыцца ў медыцынскім каледжы, рыхтуецца стаць фельчарам-акушэрам. І ўсё гэта – нягледзячы ні на што.

Аляксандра нарадзілася ў вёсцы Коўбча Клічаўскага раёна ў сям’і настаўнікаў. Маці выкладала гісторыю, а пасля ­геаграфію, бацька – фізкультуру. Менавіта бацька Аляксандр Міхайлавіч стаў першым і самым важным чытачом яе дзіцячых вершаў.

«Пахваліў, сказаў, што ў будучыні ў мяне атрымаюцца вельмі добрыя вершы», – прыгадвае яна. Гэтыя словы сталі тым зернем, якое прарасло ў сур’ёзнае захапленне на ўсё жыццё.

Сёння Аляксандра – прызнаны аўтар. Яна пераможца міжнародных конкурсаў, сярод якіх літаратурны конкурс імя Канстанціна Сіманава «Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым», у якім яна атрымала дып­лом першай ступені, а таксама ўдзельнік і прызёр конкурсу «Славянская ліра». Яе творы друкаваліся ў беларускіх і расійскіх часопісах і альманахах. У 2019 годзе выйшаў яе невялікі зборнік «Маё жыццё намалюе восень», у якім адлюстраваліся яе любоў да гэтай пары года, яе меланхалічнасць і ўменне ба­чыць хараство ў простых рэчах.

Адкуль жа яна, такая далікатная жанчына, чэрпае натхненне? І тлумачыць: «Галоўная крыніца – жыццё. Звычайнае жыццё, людзі, уражанні, гістарычныя па­дзеі. Усё, што адбываецца вакол». І гэта адкрытасць свету знаходзіць водгук у чытачоў: «Кажуць, ты чытаеш мае думкі. Можаш прыгожа перадаць тое, з чым я цалкам згодны», – разважае паэтка.

 

Нягледзячы на філалагічныя і творчыя поспехі і ўжо наяўную вышэйшую адукацыю эканаміста, Аляксандра вырашыла кардынальна змяніць сваё жыццё: ва ўсвядомленым ­узро­с­­це, у 34 гады, яна паступіла ў Бабруйскі дзяржаўны медыцынскі каледж.

І гэта не было выпадковасцю. У дзяцінстве яна марыла стаць урачом. Пэўны час працавала справаводам у паліклініцы, і менавіта гэта асяроддзе дапамагло вярнуцца дзяўчыне да мары. Вучоба аказалася складанай, але неверагодна цікавай. «Я нават не думала, што мне будзе так цікава», – прызнаецца Аляксандра.

Дарэчы, паэзія нечакана прыйшла на дапамогу і тут. Выкладчыца анатоміі заўважыла, што ў Аляксандры вобразнае, мастацкае мысленне, і параіла вучыць будову цела як мастаку. «Яна навучыла мяне ўяўляць анатомію так, каб гэта было зразумела. І гэта вельмі дапамагло мне ў вучобе», – дзеліцца навучэнка.

Аляксандра часта хварэе і ў такія хвіліны не любіць, калі да яе ставяцца з паблажкай або з празмерным шкадаваннем. Але ж сама выбрала шлях у медыцыну – дапамагаць людзям.

Яе дэвіз па жыцці – «Ніколі не здавацца». І гэта не проста словы. Гэта прынцып, які дазваляе жанчыне спалучаць напружаную вучобу і творчасць. Ці лёгка ёй у гэтым свядома абраным шляху? Не, бо часта даводзіцца ахвяраваць сном і вольным часам. Але яна ні разу не па­шкадавала пра свой выбар.

 

Аляксандра шчыра ўдзячная сваім бацькам, сястры-­двайнятцы Вользе і родным за падтрымку. Асаблівае месца ў яе сэрцы займае бацька – «пасечнік, якога любяць пчолы». Менавіта яны, блізкія людзі, даюць ёй сілы рухацца далей. І сама дзяўчына прызнаецца, што яна «бацькава дачка».

Гадоў праз пяць Аляксандра бачыць сябе дыпламаваным медыцынскім работнікам, які працуе па спецыяльнасці. Яна спадзяецца, што побач бу­дуць яе блізкія, падрастаючыя пляменнікі. Не выключае яна і стварэння ўласнай сям’і. Але адно застаецца нязменным – паэзія. Нават калі час на яе абмежаваны, яна застанецца часткай жыцця.

А яшчэ ў жанчыны ёсць смелая мара – пераадолець страх і паляцець на самалёце. Не дзеля падарожжа, а каб даказаць сабе: я магу.

Гэта мара, як і ўсё яе жыццё, – пра пераадоленне і рух наперад.

Аляксандра любіць восень, можа яшчэ і таму, што яна сама рыжая, трохі меланхалічная, але па-добраму. У яе нават выйшаў маленькі зборнік вершаў з такой назвай – «Маё жыццё намалюе восень». Пра што яна ма­рыць? Каб усе блізкія былі жывыя і здаровыя, каб атры­маць дып­лом і пайсці праца­ваць па прафесіі. І калі атрымаецца – стварыць сям’ю.

Мы пагаварылі з паэткай і пра жаночае шчасце. Аляксандра ўпэўнена: яно не бывае для ўсіх аднолькавым. Для адной гэта дзеці, для другой – работа. Па­этка прыводзіць у прыклад сваю даўнюю знаёмую, аднакурсніцу, якая гадуе шасцёра хлопчыкаў і вельмі шчаслівая. А іншая знаходзіць сябе ў кар’еры.

«Трэба любіць сябе і слухаць сябе. Жанчына можа змяняць свет да лепшага, калі яна шчаслівая. А шчасце – гэта проста стан душы», – упэўнена Аляксандра.

 

І гледзячы на яе, верыш, таму што стан душы ў яе сапраўды прыгожы.

Таццяна Пацёмкіна
Фота Аляксандра Анташкевіча