Бобруйский новостной портал BOBRlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Бобруйский портал — Бобруйск новости — бобр лайф — бобрлайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — бж — bobrlife

Што адбываецца, калі ў лістападзе прыходзіць красавік?

36 0

Што адбываецца, калі ў лістападзе прыходзіць красавік?

«Адбываецца нешта дзіўнае, – адкажуць чытачы. – Такога не можа быць!» «Можа, – адкажуць гледачы нашага тэатра, – бо ў тэатры магчыма ўсё!» Загадка гэта разгадваецца вельмі проста: 25 і 26 лістапада ў Бабруйску ўпершыню ажыццявіліся гастролі Дзяржаўнай бюджэтнай ўстановы культуры Ленінградскай вобласці «Ладэйнапольскі драматычны тэатр-студыя «Красавік». 

Пэўна, многім адразу ўзгадалася: 

«В юном месяце апреле

В старом парке тает снег,

И веселые качели

Начинают свой разбег».

На арэлях гледачы насамрэч пагушкаліся, толькі на эмацыйных! Мяркуйце самі. За два дні госці паказалі бабруйскаму гледачу тры спектаклі: суперкамедыю «Ён. Яна. Акно. Нябожчык» непераўзыдзенага англійскага майстра камедыі палажэнняў Рэя Куні, павучальную вясёлую казку для дзяцей і іх бацькоў у вершах Уладзіміра Янсюкевіча «Ванюшка» і трагікамедыю «Памінальная малітва» па п’есе Рыгора Горына, якая заснаваная на цыкле апавяданняў Шолам-Алейхема «Тэўе-малочнік». То бок за кароткі час бабруйчане змаглі і ўдосталь насмяяцца, і паразважаць над сэнсам жыцця, і шчыра паплакаць, і акунуцца ў казачныя цуды.

Больш падрабязна хочацца спыніцца на некаторых момантах. Цікава, адкуль пайшла назва тэатра «Красавік»? Вось што распавёў дырэктар і мастацкі кіраўнік Аляксей Байдакоў: «Усё проста. Мы распачыналі працу ў красавіку. Гэта афіцыйнае адкрыццё тэатра было 1 кастрычніка 1991 года, а ў 1987 годзе мы як Тэатр юнага гледача ў горадзе Ладэйнае поле (паміж Петразаводскам і Санкт-Пецярбургам) адкрываліся ў красавіку. Мы былі маладыя, зялёныя, і красавік – такі месяц, калі ўсё пачынае квітнець, і я нарадзіўся 5 красавіка. Тут усё і склалася. Таму тэатр і займеў назву «Красавік». У 2026-м нам спаўняецца 35 гадоў, за якія з простага тэатра-студыі мы ператварыліся ў Дзяржаўны абласны драматычны тэатр Ленінградскай вобласці». Такі разгорнуты адказ мы атрымалі.Прыемна было пачуць пра гастролі па Беларусі і ўражанні ад нашай краіны: «У Беларусі мы пяты раз. Нам вельмі падабаецца. Мы бывалі ў Гродна, Магілёве, Маладзечна. Заўтра ад вас едзем у Гомель. У Беларусі нас вельмі любяць і чакаюць. І гэта ўзаемна: у нас вельмі добрыя, цёплыя адносіны. Беларусь чыстая і вонкава, і ўнутрана. І гэта вельмі нам даспадобы».

Некалькі слоў пра актуальны для Бабруйска спектакль «Памінальная малітва» ад рэжысёра Станіслава Казаку: «Гэта наш новы спектакль. Але мы ўжо лічым яго візітнай карткай. Ён вельмі актуальны ў сучасным свеце. Спачатку наогул быў страх, калі мы браліся за матэрыял. Усё ж такі гісторыя пра габрэяў. І сам Горын, калі рабіў інсцэніроўку па Шолам-Алейхаму, ужо наблізіў змест да агульначалавечага гучання. Важна, што бацюшка звяртаецца да Тэўе: «Зразумей ты, што ёсць адна нацыя – чалавек. І жыве гэтая нацыя ў адной краіне пад назвай Зямля. Што ж нам дзяліць?» Вось гэта асноўная думка нашага спектакля. А без моманту асабістага выказвання, я лічу, ніхто не мае права выходзіць на сцэну – ні артыст, ні рэжысёр. Абавязкова трэба выказаць сваю думку, даць яе на суд гледача».

Мы пабачылі на свае вочы «Красавік» у лістападзе, пасмяяліся і паплакалі, падзякавалі калегам і развіталіся з надзеяй на наступныя сустрэчы. «Трэба цуды – зробім цуды!» – кажам мы шаноўным гледачам напярэдадні Новага года і запрашаем разам ствараць тое, чаго не можа быць!

Таццяна Мурманцава