Бобруйский новостной портал BOBRlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Бобруйский портал — Бобруйск новости — бобр лайф — бобрлайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — бж — bobrlife

Ствараем дэкарацыі не толькі на сцэне. Спектаклi ад гасцей у Бабруйскiм тэатры

27 0

Ствараем дэкарацыі не толькі на сцэне. Спектаклi ад гасцей у Бабруйскiм тэатры

“Мой Бабруйск  жыць не мог без яркіх,  шматколерных дэкарацый. Мой Бабруйск любіў фарбаваць неба ў колер Мары, траву - у колер Любові, а хаты  - у колер Надзеі”, -  піша ў рамане “Стогн” Леанід Коваль. Не памылімся, калі скажам, што тэатр дадае колераў у гэту карціну, робячы наш горад горадам Мары, Любові і Надзеі.

Чым жа аздабляе тэатр жыццё бабруйчан? Па-першае, у найбліжэйшыя дні, шаноўнае спадарства, вас чакаюць нашы спектаклі: “Божыя дзьмухаўцы” ўсё гэтак жа будуць смяшыць у суботу, 15-га а 18.00, а казка “Кацяня па імені Гаў”   запросіць у прываблівы свет казкі і дзетак, і дарослых у нядзелю, 16-га, а 12.00.

Па-другое, гэты тыдзень багаты на гасцей. Ужо ў пятніцу, 14-га, а 18.00 да нас зноў завітае Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача, гэтым разам з неверагоднай падзеяй “Жаніцьба”. У нядзелю, 16-га, а 18.00 для многіх адбудзецца сапраўднае свята: на нашай сцэне -  трагікамедыя “Ганна Карэніна” Маскоўскага сучаснага мастацкага тэатра, дзе галоўную ролю сыграе Заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі, добра вядомы ўсім нам Аляксандр Яцко. Адна справа — глядзець фільмы па тэлевізары, і зусім іншая справа — убачыць на свае вочы знакамітых  артыстаў у сябе дома (амаль што!).

Цікавыя праекты чакаюць і дзіцячую аўдыторыю! У суботу, 15-га, а 12.00 тэатр “Добры сябар” з Гомеля пакажа інтэрактыўны спектакль “Новыя прыгоды Васілісы Мікулішны і асілкаў”.  Інтэрактывы асабліва падабаюцца дзецям праз  непасрэднае ўзаемадзеянне і кантакт з артыстамі. А ў суботу, 22-га, а 11.00 і 14.00 да нас спяшаецца… цырк, разам з клоўнамі! Цыркавое прадстаўленне Цырку Венцаў “Школа клоўнаў” – цудоўная магчымасць для прыхільнікаў і аматараў  апынуцца ў цырку!

А на дэсерт паведамляем, што ўпершыню ў нашым тэатры мы наладжваем сапраўдны баль! Якраз падчас Стрэчання (у народзе – Грамніцы) адбудзецца свята сустрэчы зімы з вясной — Стрэчаньскі баль! Сачыце за нашымі сацсеткамі і  гарадскімі навінамі, каб не прапусціць рэпартажы пра прыгожае танцавальна-музычнае мерапрыемства!

Здаецца, нам нядрэнна атрымліваецца ствараць шматколерныя дэкарацыі для  любімага горада!

Таццяна Мурманцава
Фота са спектакляў Алы Сказавай