Бобруйский новостной портал BOBRlife

Бобруйск — Новости — Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Бобруйский портал — Бобруйск новости — бобр лайф — бобрлайф — Зефир FM — Бабруйскае жыцце — бж — bobrlife

Юбілейны сезон адкрываем класікай, або П’еса, без якой бабруйскі тэатр не можа жыць

102 0

Юбілейны сезон адкрываем класікай, або П’еса, без якой бабруйскі тэатр не можа жыць

Цяжка ўявіць, але ўпершыню спектакль “Ідылія” бабруйскія  гледачы мелі шчасце ўбачыць на свае вочы 172 года таму: менавіта ў 1852 годзе наш зямляк і рэжысёр Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч прывёз спектакль на  радзіму.

З цягам часу склалася так, што наш  тэатр - адзіны ў Беларусі, дзе былі пастаўлены ўсе п'есы знакамітага суайчынніка!

Першапачынальнік нацыянальнай драматургіі і тэатра п’ес паспеў напісаць няшмат: высілкаў вымагала  арганізацыя першага беларускага тэатра, у трупу якога ўваходзіла  больш за 20 чалавек, у тым ліку сам  Дунін-Марцінкевіч и яго дзеці.  Выступаў тэатр у 1840—1850-я гады пераважна ў фальварку Люцынка, а таксама ў Мінску, Бабруйску, Глуску.

У гэты ж час, у 1846 годзе,   Дунін-Марцінкевіч напісаў  лібрэта да  камічнай  оперы "Ідыліі" (другая назва — "Сялянка"),  музыку да якой  стварыў Станіслаў Манюшка. На долю п'есы выпаў шчаслівы лёс. Пастаўленая ўпершыню ў Мінску 9 лютага 1852 года самім  Дуніным-Марцінкевічам, яна і ў нашы дні з поспехам ставіцца на сцэнах многіх тэатраў, карыстаецца  папулярнасцю ў гледачоў. Сам жа аўтар тады бліскуча выконваў ролю селяніна Навума Прыгаворкі — самабытнага, яркага і таленавітага чалавека, захавальніка духоўных традыцый.  Гэта роля прынесла  Дуніну-Марцінкевічу вядомасць і папулярнасць і як акцёру, і як пісьменніку.

Сваім асаблівым жыццём творы слыннага земляка жывуць і ў тэатры яго імя. Храналагічна гэта выглядае так. У 1978 годзе, падчас адкрыцця новага тэатральнага будынка і надання тэатру імя Дуніна-Марцінкевіча,  рэжысёр Барыс Утораў паставіў  “Пінскую шляхту” . У 1994 годзе  рэжысёр Уладзімір Караткевіч ажыццявіў пастаноўку спектакля “Вечары ў Люцынцы” (па творах Дуніна-Марцінкевіча). У 1997 годзе зноў – “Пінская шляхта”  ў пастаноўцы Сяргея Палешчанкова, які ў 1999 годзе адзначыўся пастаноўкай п’есы “Залёты”. У 2005 годзе  ён жа, Сяргей Палешчанкоў, здзейсніў пастаноўку  “Ідыліі”, музыку да якой гэтым разам напісаў бабруйскі кампазітар Вадзім Сажын.  Падзеяй 2008 года  была пастаноўка Рыдам Таліпавым п’есы «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі»  Алеся Асташонка (пра жыццё Дуніна-Марцінкевіча).

«Гэта п'еса, без якой бабруйскі тэатр не можа жыць, - сказаў пра пастараль «Ідылія»  Сяргей Палешчанкаў у 2013 годзе, калі пачаў аднаўляць спектакль, - бо яе аўтар - В. І. Дунін-Марцінкевіч, чыё імя носіць тэатр. З 2005 года, калі я ставіў гэты спектакль, так шмат змянілася ў свеце! І з прычыны новых жыццёвых рэалій гэты спектакль не аднаўляецца —  ён атрымоўвае новае рашэнне. Мы ў ім не сцвярджаем, што Радзіму трэба любіць, што гэта святое, мы кажам, што Радзіму любіць можна, што яна вартая таго, каб любіць яе і ганарыцца ёй!» Да гэтага часу гледачы памятаюць наватарства і энергетыку гэтага спектакля!

Зразумела, з 2013 года жыццё змянілася яшчэ больш, а класіка, між тым,  застаецца вечнай:  “Ідылія”  лепшым часам, трэцім разам зноў на нашай сцэне! Але не хвалюйцеся: у 2024  "Ідылія" будзе не операй,  як 172 года таму, а музычнай камедыяй, музыку да якой адмыслова стварыў сучасны беларускі кампазітар Алег Хадоска з Мінска. Мастак-пастаноўшчык Ілья Падкапаеў, які працуе над касцюмамі і дэкарацыямі, таксама з Мінска. Тыя з вас, паважаныя гледачы,  хто глядзеў  гастрольны спектакль "Вій" Палескага драматычнага тэатра,  пэўна, цікавіліся асобай рэжысёра? Гэта малады рэжысёр з Пінска  Павел Марыніч.

Дарэчы,  “Вій” у 2021 годзе стаў пераможцам у намінацыі "Лепшы спектакль тэатра драмы для малой сцэны" падчас правядзення  VI Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія". А таксама  Паўлу Марынічу, яшчэ як і мастаку-пастаноўшчыку, уручылі Дыплом за лепшую працу мастака ў спектаклі тэатра драмы. Адметна, што свой чарговы спектакль  Павел  рыхтуе менавіта на нашай сцэне!

Калі вы, дарагія гледачы, засумавалі  па рамантычнай  камедыі, завітвайце 13 і 14 верасня а 18.00 на “Ідылію”! Немагчыма застацца абыякавымі, калі нам прапануюць быць сведкамі кахання Юліі і Кароля на ўлонні роднай прыроды, у атачэнні беларускіх краявідаў, песняў і людзей! Шчыра запрашаем усіх вас на адкрыццё юбілейнага, 80-га, тэатральнага сезона і прэм’еру музычнай камедыі “Ідылія”, каб быць разам падчас прагляду спектакля, без якога бабруйскі тэатр не можа жыць!

Таццяна Мурманцава