Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

«Вясна» маёй творчасці

Bobrlife.by 3 350 0

«Вясна» маёй творчасці

Кожны месяц у «Бабруйскім жыцці» выходзіць літаратурная старонка «Вясна», на якой друкуюцца і вершы бабруйчанкі Іны Шчагловай. Яна даўно прапануе свае творы для газеты, з’яўляецца яе падпісчыкам і чытачкай. Напярэдадні юбілея выдання Іна Мікалаеўна падзялілася сваімі ўспамінамі і думкамі.

– У 1982 годзе я даведалася, што ў рэдакцыі гарадской газеты «Камуніст» збіраюцца творчыя людзі, якія пішуць вершы, апавяданні. Нягледзячы на свой узрост, я таксама вырашыла занесці туды вершы.
Першым чытачом маіх «твораў» быў журналіст Яфім Раманавіч Гейкер, які курыраваў гэтую творчую суполку. Перагледзеўшы стос маіх вершаў, ён адабраў некалькі з іх на беларускай мове для публікацыі на літаратурнай старонцы «Вясна». Так я і трапіла ў плынь лынькоўскай «Вясны».
Яфім Раманавіч Гейкер параіў мне больш увагі звярнуць на напісанне вершаў на беларускай мове. Такім чынам я і далучылася да роднай мовы, і ўжо мае вершы, апавяданні, гістарычныя звесткі пра наш горад пачалі гучаць па-беларуску. І ўсё гэта дзякуючы падтрымцы рэдакцыі.
Нягледзячы на штодзённую напружаную працу, калектыў рэдакцыі «Камуніста», а затым «Бабруйскага жыцця» добразычліва адносіўся да паэтаў. Ніхто ніколі не адмовіў нам у парадзе, дапамозе. Час бяжыць хутка, і вось ужо трыццаць шосты год на літаратурнай старонцы «Вясна» друкуюцца мае вершы.
Цікава праходзілі пасяджэнні ў рэдакцыі, на якіх абмяркоўваліся нашы творы. Яфім Раманавіч быў строгім крытыкам. Ніводзін верш, які не заслугоўваў вартасці з-за недахопаў, не трапляў на літаратурную старонку.
Нейкі час творчай літаратурнай суполкай кіраваў прафесар Аляксей Міхайлавіч Ненадавец. Мы з задавальненнем слухалі яго расповеды на прыгожай, мілагучнай беларускай мове. Аляксей Ненадавец і зараз друкуе ў «Бабруйскім жыцці» свае артыкулы на тэмы гісторыі, фальклору, і прыхільнікі беларускай мовы з цікавасцю чытаюць іх.
«Камуніст», «Бабруйскае жыццё» ідзе ў маю хату ўжо 50 год. Я вельмі ўдзячная таленавітым супрацоўнікам рэдакцыі за цікавы змест газеты. Чытаю яе з задавальненнем, як кажуць, ад «А» да «Я». Матэрыялы ў газеце ахопліваюць усё шматграннае жыццё нашага горада, рэспублікі, падзеі ў замежжы. Цікавая рубрыка ў Аляксандра Казака пра даўніну Бабруйшчыны. Падабаецца рубрыка «Асабістае меркаванне», публікацыі на тэмы здароўя. Цікава чытаць матэрыялы Вольгі Хацько, Міхаіла Куляшова. З’явіліся ў газеце і новыя імёны – Вераніка Бабіч, Настасся Кастрыца, Вікторыя Сепсалёва. Цікавыя матэрыялы і няштатных карэспандэнтаў. Добрыя здымкі атрымліваюцца ў Аляксандра Анташкевіча. Многім чытачам падабаецца разгадваць красворды і сканворды на старонцы «Гімнастыка для розуму». У сувязі з наступаючым святам любімай газеты – яе стогадовым юбілеем – жадаю калектыву моцнага здароўя, творчых поспехаў у працы, больш удзячных чытачоў, каб ніколі не затуплялася вастрыня вашага пяра, а газета заўсёды заставалася добрым сябрам бабруйчан.