Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Вершы і проза, лёд і полымя Аляксея Гарэліка. Яны сыходзіліся ў адным чалавеку

Bobrlife.by 7 932 0

Вершы і проза,  лёд і полымя Аляксея Гарэліка. Яны сыходзіліся ў адным чалавеку

З першага вераснёўскага дня 1977 года, калі пераступіў парог рэдакцыі бабруйскай газеты «Камуніст» у якасці супрацоўніка сельгасаддзела, лёс на шмат гадоў звязаў з Аляксеем Антонавічам Гарэлікам. Дзіўную тады для сябе рэч адзначыў: усе ў калектыве размаўлялі па-руску, калі-нікалі прымешваючы розныя слоўцы з беларускай мовы і ідышу, а Аляксей Антонавіч цвёрда прытрымліваецца роднай і нават, як я пазней высветліў, забярэзінскай, а канкрэтна, бортнікаўскай гаворкі. Гэта напачатку мяне вельмі весяліла: трэба ж, Гарэлік, а чыста па-беларуску шпарыць!

Карані растуць з глыбіні 
У якім там калене і які шынкар Шмерка мог даць прозвішча сялянскім прашчурам майго першага практычнага настаўніка, мы з Аляксеем Антонавічам не абмяркоўвалі. Але гісторыю паходжання свайго гучнага прозвішча з фактамі пажараў ці лёсам пагарэльцаў ён таксама не звязваў. Проста здаўна, як трапна заўважаў, у Малых Бортніках жылі Гарэлікі, што з маленства гаварылі, напрыклад, «часнок», «п’яны», а ў горадзе на Бярэзіне іх аднафамільцы крыху інакш: «шестьног», «пяный».
Як бы там ні было, але ў рэдакцыі старэйшыя і равеснікі звалі майго загадчыка аддзела Алесем, а маладзейшыя – Алесем Антонавічам. Па апошнім варыянце прызвычаіўся і я. Хаця і не разумеў, чаму Аляксей стаў Алесем. Бацькі назвалі так, а ў народзе замацавалася іначай. Для сябе рашыў, што гэта творчы псеўданім настаўніка.

Свята будзённых спраў 
Першы мой шэф своеасабліва змагаўся з маім студэнцкім графаманствам і пуста слоўем у матэрыялах для газеты. Кіне самапіску на старонку выпакутаванага рукапісу, выкрэсліць што пад яе папала і кажа: «Рабі масткі». І ведаеце, атрымлівалася проста і эфектыўна. Колькі разоў упэўніваўся, як шмат лішняга і нязначнага пішаш у сваіх юнацкіх разважаннях. Алесь Антонавіч, умудроны вопытам даваеннай вучобы ў тэхнікуме, ваеннага партызанства супраць
фашыстаў, пасляваеннай работы ў Бабруйскай абласной газеце «Савецкая Радзіма», і увогуле з вышыні свайго больш чым паўвекавога ўзросту ўсе гэтыя хібы ў тэкстах заўважаў у момант вока. Таму метода з аўтаручкай была асноўнай у шліфаванні журналісцкага рамяства маладых яго калег.
Не чужыя яму былі і чалавечыя слабасці. На гэтай глебе здараліся нават сутычкі з рэдактарам. Вось Антонавіч фланіруе па доўгім калідоры ў кабінет, следам са свайго выходзіць Валатковіч. «Алесь, ты ўжо з раніцы клюнуў?!» – на ўсялякі выпадак задае рэдактар праверачнае пытанне. Антонавіч спыняецца, паварочваецца і выдае гісторыю гераічнага сённяшняга выхаду на працу: «Паўлавіч, іду гэта я на работу па Кастрычніцкай. Іду сабе, нікога не чапаю. Тут як схапіў мяне жывот. Добра, што бальніца побач. Я туды. Урач распытаў, што еў напярэдадні, абмацаў усяго на кушэтцы. Урэшце прапісаў 50 грамаў 96-працэнтнага спірту. А дзе ж яго ўзяць? Калі ж я прадставіўся, што з «Камуніста», якім Валатковіч кіруе, дык ён і наліў чарку лекаў. Магчыма, Паўлавіч, ад гэтага і пах», – заканчвае аповед Алесь, трымаючыся за жывот.

Кіраўнік і падначалены разыходяцца, застаючыся кожны пры сваёй думцы. «Чарговую байку сплёў Алесь – лоўка атрымліваецца, хоць у анталогію занось. Я б, вядома, адрэагаваў: чаго цябе панесла па Кастрычніцкай, калі жывеш на Інтэрнацыянальнай, а рэдакцыя на Сацыялістычнай? Ну і пра закусь трэба было б дадаць – гэта ж спірт, яго рукавом не занюхаеш», – Мікалай Паўлавіч вяртаецца з гранкамі ў кабінет… «У Міколы пасада гэткая. Яму трэба дысцыпліну трымаць. Ды і разумее, што ўчорашнія госці – не перашкода ў творчай працы. Дарэчы, трэба сёння паэму пра «Гігант» скончыць», – у сваю чаргу разважае Аляксей Антонавіч, дастае з шуфлядкі стос папер і пачынае працаваць… Як перад вачыма гэтыя эпізоды з таго, 40-гадовай даўнасці, жыцця.
Яго сціпласці можна было толькі здзіўляцца 

І я здзіўляўся з першага дня знаёмства з Алесем Антонавічам яго амаль што дзявочай сарамлівасці, безамбіцыйнасці, нейкаму талстоўскаму «непраціўленню злу». Ва ўспрыманні рэдактарскіх натацый, у рабочых спрэчках ён амаль ніколі не павышаў голас. Часам здавалася, што статны мужык пад два метры ростам пасля нейкай крытычнай заўвагі пачырванее, як тая дзяўчына. Мацерных слоў ад свайго настаўніка я таксама ніколі не чуў. Самае рэзкае, што зрывалася з яго вуснаў у нейкай разагрэтай сітуацыі, было слова на літару «г», якое сёння гучыць з тэлеэкранаў амаль штодня. Пры гэтым яно магло тычыцца асоб толькі мужчынскага полу.
Яго прыродная інтэлігентнасць не пахіснулася ні ў партызанскім лесе, дзе праблематычна было захоўваць усе правілы этыкету; ні сярод пераросткаў-франтавікоў, з якімі завяршаў вучобу ў лесатэхнікуме разбуранага вайной Бабруйска; ні ў курылцы абласной газеты, дзе пачаў працаваць у 1948 годзе нясмелым літработнікам – літрабом, як тады гаварылі. З таго пасляваеннага часу ўсталяваліся сяброўскія адносіны на догўія гады з Мікалаем Валатковічам, Барысам Стральцовым, Рыгорам Булацкім і іншымі, стаўшымі затым вядомымі і кіруючымі асобамі. І ніколі Алесь Антонавіч не скарыстаўся гэтым фактарам у асабістых мэтах.
Сам адвучыўся на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, пры ім жа скончыў аспірантуру, узяўся за кандыдацкую дысертацыю. Нездарма пажаданне «Каб ты жыў у час вялікіх перамен» даўно ўжо зрабілася незамаскіраваным праклёнам. Папаў у паласу перабудовы і рэфармавання і адносна малады Гарэлік. Ледзь толькі прызначылі намеснікам адказнага сакратара аблгазеты, як Бабруйскую вобласць у 1954 годзе скасавалі, а разам і абласное выданне. Уладкаваўся ўласным карэспандэнтам «Магілёўскай праўды» – зноў аптымізацыя не захавала гэту пасаду. А потым паходу ў вялікую навуку перашкодзілі стварэнне сям’і, нараджэнне дзяцей. Атабарыўся ў бабруйскім «Камунісце», як аказалася, на ўсё жыццё. У аб’яднанай газеце таксама за пасадамі не гнаўся, але папрацаваў і адказным сакратаром, і намеснікам рэдактара.
Зноў вяртаюся ў блаславёныя 1970-я. Надзвычай сціплы, ціхі і спакойны Алесь Антонавіч яшчэ не раз здзіўляў мяне. То мяне выклікае рэдактар у кабінет, дзе ся дзіць жывы класік Іван Шамякін, і даручае тэрмінова знайсці Гарэліка, бо яго чакае Іван Пятровіч. То прама ў наш кабінет завітвае Мікола Аўрамчык і ветліва пытае: «Дзе я магу ўбачыць Алеся?» То Антонавіч сам прыводзіць у рэдакцыю вядомага пісьменніка Сяргея Грахоўскага, і адбываецца цікавая сустрэча з ім… Вельмі быў узрушаны, калі, здаецца, у 35-ю гадавіну Вялікай Перамогі ўбачыў на грудзях Алеся Антонавіча два ордэны Айчыннай вайны першай і другой ступені і шмат медалёў – да гэтага ж не прыглядаўся да сціплых планачак на паўсядзённым пінжаку шэфа.
Творчасць – гэта неабыякавасць 

Гэткім жа – без афішавання і ажыятажу – быў мой настаўнік і ва ўласнай творчасці. Вершаванымі радкамі мог праілюстраваць любы факт, падзею, з’яву. Трэба было яму толькі абазначыць тэму ці проста назваць ключавое слова. Газетная работа нярэдка патрабуе «адгукнуцца» на тую ці іншую дату, на якое-небудзь свята. Непераўзы дзеным майстрам аператыўнага паэтычнага рэагавання быў Алесь Гарэлік. Моцнай зброяй у яго руках былі таксама вершаваныя фельетоны, сатырычныя вершы. Дзякуй Богу, нямала іх захавалі старонкі «Камуніста», «Бабруйскага жыцця», абласных і рэспубліканскіх газет ды часопісаў. Цікава, што ён ніколі не хваліўся і не «ганарыўся» сваімі творамі ў іх, як гэта бывала з асобнымі калегамі, калі «вышэйстаячы» друк размяшчаў нават адну іх заметку.
Гэтак жа і з творчай спадчынай. Калі некаторыя ў што б там ні было імкнуліся выдаць нейкую брашуру, каб застацца ў вяках з нейкім «вопытам разгортвання сацыялістычнага спаборніцтва на заво дзе раскідвальнікаў угнаенняў», дык Алесь Антонавіч сціпла адмаўляўся ад прапаноў выдаць, напрыклад, фельетоны ў вершах у знакамітай тады «Бібліятэчцы «Вожыка» або особны паэтычны зборнік. І гэта пры тым, што за савецкім часам не аўтар шукаў выдавецтва, а наадварот – яно яго. Яшчэ і ганарар плацілі, а не патрабавалі грошай на выданне, як сёння. Між тым, твораў у Алеся Антонавіча было не на адну кнігу. Але выхаваны на высокіх крытэрыях адносін да творчасці ўвогуле і да мастацкага слова ў прыватнасці, ён не мог дазволіць сам сабе выдаць у свет нешта невыразнае, малазначнае.
Шмат пазней, калі Алеся Гарэліка ўжо не стала, мы з Міколам Якаўлевічам Аўрамчыкам прыгадвалі іх сяброўства, творчае супрацоўніцтва. «Лёша (так называў майго калегу, бадай, толькі Мікола Аўрамчык – заўв. А.К.) ўпаўне мог абараніць і кандыдацкую, і працаваць у рэспубліканскім літаратурным часопісе», – казаў старэйшы на той час беларускі пісьменнік. «Але вельмі ўжо аддадзены быў ён і роднай Баб руйшчыне, і гораду на Бярэзінке, І жонцы Кацярыне», – рабіў выснову мэтр. Сведчу: да апошняга яго не адпускала малая радзіма. Ужо на «глыбокай» пенсіі ён часта прыносіў матэрыялы з успамінамі аб цікавых сустрэчах і падзеях, па гісторыі Бабруйска ў гарадскую газету. «Бабруйскае жыццё» заўсёды друкавала яго нераўнадушныя нататкі і вершы. І аднойчы, у час абмеркавання нейкага творчага плана, нарадзілася ідэя выдаць нарэшце паэтычны зборнік журналіста-ветэрана. Звярнуліся ў нашу тыпаграфію, і яе кіраўніцтва пайшло насустрач, вышукаўшы нават нейкія прэферэнцыі для ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Так убачыў свет першы і адзіны персанальны зборнічак вершаў Алеся Гарэліка. Я меў удачу напісаць да яго ўступнае слова.

Крона шуміць лісцем
А потым настаўнік цяжка захварэў. Настолькі, што не стала моцы трымацца за ніці, што звязвалі яго з Бортнікамі, горадам на Бярэзіне, рэдакцыяй «Бабруйскага жыцця». Алеся Антонавіча і Кацярыну Аляксееўну забрала да сябе ў Мінск дачка Раіса Аляксееўна. І неўзабаве старэйшы бабруйскі журналіст, таленавіты паэт скончыў свой шлях на зямлі. На развітанне з ім мы ездзілі з маім папярэднікам на рэдактарскай пасадзе ў «Бабруйскіім жыцці» Аляксандрам Карнеевічам Дземідовічам. Пахавалі нашага земляка з вайсковым ушанаваннем.
Засталіся пасля Алеся цудоўныя дочкі, порсткія парасткі – унукі. У Бабруйску ж і сёння многія ўспамінаюць яго не толькі як цудоўнага паэта, а і як земляка, які не пакрыўдзіў ніводнага чалавека. Калі ўсе мы будзем такімі, упэўнены, «Шумець дубам, іскрыцца росам на берагах ракі Бярозы», як пісаў Алесь.