0
0

Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Шлях да ведаў адкрывала і царква. Чаму і як, каго і колькі вучылі ў ЦПШ і школах пісьменнасці на Бабруйшчыне

325 0

Шлях да ведаў адкрывала і царква. Чаму і як, каго і колькі вучылі ў ЦПШ і школах пісьменнасці на Бабруйшчыне

Хімоўская школа граматы была створана роўна 130 год таму – у 1890-м у вёсцы Хімы. Тут ў першы навучальны год набывалі веды 35 хлопчыкаў і 19 дзяўчынак. Першым настаўнікам працаваў выхаванец народнага вучылішча, селянін па пахо­джанні Еўдакім Асіпенка. Загадчыкам школы і выкладчыкам Закона Божага быў выхаванец Магілёўскай духоўнай семінарыі, свяшчэннік Паўлавіцкай прыходскай царквы А.Якубовіч. Земская ж школа адчыніла дзверы ў Хімах толькі праз чатырнаццаць год. Аб гэтым даведаўся падчас апошняга наведання аграгарадка і цэнтра аднайменнага сельсавета. Зацікавіўся: а дзе яшчэ на Бабруйшчыне праваслаўная царква дапамагала рухаць веды ў масы?

Пісьменнасць па абодвы бакі Бярэзіны

Пасля вывучэння архіўных матэрыялаў зрабіў выснову, што на ўсход ад горада, за Бярэзінай навучальных устаноў было больш. І першай з царкоўна-прыходскіх з’явілася школа ў Міхалёве. Яна была заснавана ў 1884 годзе і размяшчалася ў наёмным памяшканні. У 1890-1891 навучальным годзе ў школе займаліся 34 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі. Настаўніцай ў ёй працавала выхаванка Парыцкага жаночага духоўнага вучылішча А. Халевінская. Яна атрымлівала за вучэбны перыяд заробак у 35 рублёў. Загадчыкам школы і выкладчыкам Закона Божага быў свяшчэннік Міхалёўскай прыходскай царквы А.Ждановіч.

Праз тры гады запрасіла дзяцей за парты школа пісьменнасці Цялушскага прыхода ў вёсцы Панкратавічы. Месцілася яна таксама ў наёмнай хаце, дзе навучаліся выключна 9 хлопчыкаў. У якасці настаўніка тут працаваў выхаванец народнага вучылішча К. Ступень, заробак якога складаў 25 рублёў. Яшчэ адна школа пісьменнасці адкрылася ў 1889 годзе ў вёсцы Жылінцы, наведвалі яе 10 вучняў. Настаўнікам працаваў адстаўны ўнтэр-афіцэр К. Шкрадзюк. Яго заработная плата за вучэбны час складала 25 рублёў. Загадваў абедзьвюма школамі выкладчык Закона Божага выхаванец Мінскай духоўнай семінарыі, святар Цялушскай прыходскай царквы Ф. Кляеўскі.

У 1887 годзе пачала працаваць Варатынская школа пісьменнасці. І яна для заняткаў выкарыстоўвала здымную хату, дзе займаліся 11 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. Настаўнікам працаваў выпускнік народнага вучылішча селянін Ц. Пракопчык, які за вучэбны перыяд атрымліваў 12 рублёў. І тады ж адчынілася Коўрынская школа граматы, дзе набывалі веды 10 вучняў і 3 вучаніцы. Іх настаўнікам быў селянін, выхаванец народнага вучылішча А. Фясюк. У гэтай школе ён працаваў першым настаўнікам, за навучальны год атрымліваў заробак у 12 рублёў.

Праз год непадалёк ад Варатыні ў Аўсімавічах у нанятым памяшканні пачала працаваць яшчэ адна школа пісьменнасці. У 1890-1891 навучальным годзе тут вучыліся 9 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі, выкладаў выпускнік народнага вучылішча селянін Г. Архіпенка. Заробак яго складаў 12 рублёў за навучальны перыяд. Паколькі ўсе тры школы адносіліся да Туркоўскага прыходу, загадчыкам іх і адначасова выкладчыкам Закона Божага ў іх быў свяшчэннік Туркоўскай прыходскай царквы, выхаванец Чарнігаўскай духоўнай семінарыі К. Падольскі.

На правабярэжжы нашай ракі таксама з канца 1880-х існавала адна царкоўнапрыходская школа – у Панюшкавічах. Спачатку яна размяшчалася ў царкоўным памяшканні, а ў 1892 годзе для школы быў узведзены ўласны будынак. Загадчыкам, настаўнікам і выкладчыкам Закона Божага тут быў святар мясцовай прыходскай царквы.

Школа пісьменнасці Гарбацэвіцкага прыхода была заснавана ў 1888 годзе ў вёсцы Пятровічы. Яна была прызначана толькі для хлопчыкаў і месцілася ў наёмным памяшканні. У 1890-1891 навучальным годзе ў гэтай школе набывалі веды 19 вучняў. З дня адкрыцця настаўнікам тут працаваў выхаванец народнага вучылішча А. Цімушаў, які атрымліваў 45 рублёў за вучэбны перыяд. Загадваў школай і выкладаў Закон Божы выхаванец Мінскай духоўнай семінарыі, свяшчэннік Гарбацэвіцкай прыходскай царквы П. Антанікоўскі.

Праз год была заснавана школа пісьменнасці ў сяле Брожа. Размяшчалася яна ў здымнай хаце. У 1890-1891 навучальным годзе яе наведвалі 10 хлопчыкаў, за настаўніка быў выхаванец народнага вучылішча селянін С. Грынь. Яго заробак складаў 15 рублёў за вучэбны час. Загадваў школай і выкладаў Закон Божы святар Брожскай прыходскай царквы А. Савіч.

Вучылі нечаму і як-небудзь?

Не будзем палохацца назваў школак таго часу – як у царкоўнапрыходскіх, так і ў школах пісьменнасці дзеці прахо­дзілі аднолькавыя прадметы: Закон Божы, рускую і царкоўнаславянскую мовы, чытанне, арыфметыку, спевы. Галоўнымі прадметамі з’яўляліся Закон Божы і царкоўныя спевы. Усе дысцыпліны дазвалялася весці толькі на рускай мове.

Заняткі на Бабруйшчыне ў школах пісьменнасці пачыналіся з кастрычніка, а часам і з лістапада, калі заканчваліся палявыя работы, і працягваліся да пачатку веснавых сельскагаспадарчых работ. У астатні час года сяляне сваіх дзяцей у школы не адпускалі, бо яны павінны былі няньчыць маленькіх брацікаў ці сястрычак, пасвіць жывёлу і г.д. Таму настаўнікі атрымлівалі заробкі толькі за вучэбны час, калі ў школе ішлі заняткі.

Мясцовыя сяляне ўсведамлялі карысць
граматы ў жыцці і таму ставіліся да стварэння і дзейнасці царкоўных школ станоўча. Яны выдаткоўвалі сродкі на аплату працы настаўнікаў, арэнду памяшканняў, на падручнікі. Большасць з настаўнікаў былі малаадукаваная і малападрыхтаваная для работы з дзецьмі.
Галоўная ўвага ў школах надавалася духоўна-маральнаму выхаванню вучняў, а не набыццю ведаў. Кожны ўрок пачынаўся і заканчваўся малітвай. У святочныя і нядзельныя дні вучні ўсім класам хадзілі ў царкву на багамолле. Важнае значэнне ў выхаванні школьнікаў мелі царкоўныя спевы, на ўроках дзеці не толькі пелі псалмы, але і патрыятычныя, і лепшыя народныя песні.
Нягледзячы на адзначаныя недахопы, якіх было значна больш, стварэнне і дзейнасць царкоўных школ на Бабруйшчыне з’яўлялася станоўчай справай. Царкоўнапрыходскія школы і школы пісьменнасці былі самымі таннымі і даступнымі для сялянскіх дзяцей. Дзякуючы ім шмат сельскіх жыхароў станавіліся пісьменнымі.

Застаецца дадаць, што ў самім Бабруйску ў прыход царквы святога Мікалая ўваходзілі не толькі жыхары горада, а і навакольных Пісчакоў, Канчанаў, Думаноўшчыны, Яснага Леса, Вялічкава і Даманова, існавала аднакласнае прыходскае вучылішча. Пры гэтым пісьменных сярод мяшчан было 20, а сярод сялян – толькі 5 працэнтаў.