Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Праца ў газеце – не страчаныя гады. Так падсумоўвае зробленае ветэран «Камуніста» і «Бабруйскага жыцця» Леанід Кулявец

3 272 0

Праца ў газеце – не страчаныя гады. Так падсумоўвае зробленае ветэран «Камуніста» і «Бабруйскага жыцця» Леанід Кулявец

З думкай журналіста лічыліся
– У гарадскую газету «Камуніст» я прыйшоў восенню 1984 года са шматтыражнай газеты «За ударный труд» былога вытворчага аб’яднання «Бабруйскшына», – успамінае Леанід Аляксеевіч. – Галоўным рэдактарам тады працаваў Аляксандр Карнеевіч Дземідовіч. Дагэтуль ён узначальваў шматтыражку шыннага прадпрыемства, і з яго пераходам у гарадскую газету пакрысе пачалі збірацца іншыя супрацоўнікі – Людміла Плоткіна, Людміла Сысой і іншыя, усяго пяць чалавек.
Спачатку я працаваў загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, затым займаў пасаду загадчыка аддзела будаўніц­т­ва, транспарту і гарадской гаспадаркі. У кожным з іх былі свае асаблівасці. Пісаў я ва ўсіх газетных жанрах – заметкі, рэпартажы, інтэрв’ю, замалёўкі, нарысы, а таксама сатыру і гумар, нават вёў раздзел пад такой назвай.
Запомнілася такая асаблівасць. На святы 1 Мая, 7 Лістапада ў горадзе праходзілі святочныя дэманстрацыі, іх трэба было асвятляць у газеце. Спачатку на гэтыя мерапрыемствы хадзіў журналіст Міхаіл Мацвеевіч Крывец, а потым пачалі рабіць гэта па чарзе. А асаблівасць у тым, што ўсе людзі ідуць на дэманстрацыю, як на свята, адпачынак, а журналіст – на працу, бо яму трэба пасля гэтага сядзець і пісаць цэлую газетную старонку, а то і болей.
У тыя часы ў калектыве рэдакцыі былі ў большасці маладыя супрацоўнікі, ва ўзросце 20-30 год. Са старэйшых працавалі толькі галоўны рэдактар Аляксандр Карнеевіч Дземідовіч, загадчык аддзела і сакратар партыйнай арганізацыі Міхаіл Мацвеевіч Крывец і ветэран журналістыкі Яфім Раманавіч Гейкер, які быў загадчыкам аддзела культуры, а потым намеснікам рэдактара. Працаваць у калектыве было цікава, весела, у людзей існавалі блізкія інтарэсы, аб’ядноўваў усіх агульны занятак, у нас праводзіліся розныя мерапрыемствы.
Тады ў рэдакцыю чытачы дасылалі шмат пісьмаў, былі і скаргі на пэўныя недахопы, недапрацоўкі прадпрыемстваў і арганізацый. Допісы ў газету паступалі на розную тэматыку. Былі, напрыклад, скаргі на прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, цеплаэнергетыку, упраўленне водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, установы бытавога абслугоўвання. І рабоце з пісьмамі ўдзялялася вялікая ўвага, існавалі спецыяльныя рубрыкі – такія, як «Пісьмо прыйшло ў рэдакцыю», «Агляд пісьмаў»... Пісьмы ў газеце публікаваліся цэлымі старонкамі – як няштатных супрацоўнікаў, так і чытачоў, якія дасылалі нам свае думкі, заўвагі, прапановы. Такія старонкі выходзілі адзін-два разы на месяц. Крытычныя пісьмы мы адсылалі на рэагаванне, ды і самі разбіраліся са скаргамі і рабілі публікацыі. Бывала, патраціш шмат часу, а пісаць альбо нечага, альбо нельга, бо газета – орган гарадскога камітэта партыі і выканаўчага камітэта, і яны не адобрылі б публікацыю.
І рэагавалі на крытычныя пісьмы па-рознаму. Усе допісы, якія паступалі ў рэдакцыю, браліся на кантроль. Даваўся адпаведны тэрмін для рэагавання, а калі адказу не паступала, кіраўнікам высылаліся напаміны або ім напаміналі аб гэтым вусна па тэлефоне. З нагоды нерэагавання рыхтаваліся ў друк крытычныя заметкі. Калі паступаў адказ, што пытанне вырашана, а на самой справе гэта было не так, газета вярталася да гэтай тэмы, і тады пісалася ўжо востра ў адрас кіраўнікоў прадпрыемстваў ці арганізацый. Яны, бывала, крыў­дзіліся на газету ці аўтараў. Напрыклад, на мяне. Адзін з намеснікаў кіраўніка прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі прасіў галоўнага рэдактара: «Скажыце вы свайму Куляўцу, каб ён не скуб мяне, бо амаль што ў кожным нумары ён гэта робіць». Тады з думкай газеты, думкай журналіста лічыліся. Пісьмы я выкарыстоўваў і ў сваёй старонцы сатыры і гумару, дадаткова правяраючы факты, а таксама тыя рэагаванні, дзе праблема была вырашана толькі на словах, а на самой справе нічога не было зроблена.
Асвятляў я і тэмы будаўніцтва, прычым не седзячы ў кабінеце, а ходзячы па будоўлях горада. Пісаў рэпартажы з гэтых аб’ектаў, удзельнічаў у рэйдах, якія праводзіліся разам з будаўнічай інспекцыяй па якасці выканання работ. Адзін з такіх рэйдаў, памятаю, мы рабілі на аб’екце, дзе генпадрадчыкам быў будаўнічы ­трэст №13.

У тыя часы ў калектыве рэдакцыі былі ў большасці маладыя супрацоўнікі, ва ўзросце 20-30 год. Са старэйшых працавалі толькі галоўны рэдактар Аляксандр Карнеевіч Дземідовіч, загадчык аддзела і сакратар партыйнай арганізацыі Міхаіл Мацвеевіч Крывец і ветэран журналістыкі Яфім Раманавіч Гейкер, які быў загадчыкам аддзела культуры, а потым намеснікам рэдактара. Працаваць у калектыве было цікава, весела, у людзей існавалі блізкія інтарэсы, аб’ядноўваў усіх агульны занятак, у нас праводзіліся розныя мерапрыемствы.

//www.bobrlif.by/wp-content/uploads/2018/10/mg_1703.jpg
//www.bobrlif.by/wp-content/uploads/2018/10/5C2B3978.jpg

Работа навучыла ўзаемаадносінам з людзьмі
– Галоўны рэдактар Аляксандр Карнеевіч Дземідовіч быў патрабавальным кіраўніком і ў той жа час памяркоўным, спагадлівым, – працягвае Леанід Кулявец. – Бывае, накрычыць на цябе на планёрцы, а потым адыходзіць і дапамагае вырашаць пытанне, раіць, як зрабіць матэрыял больш актуальным, лепшым. Ён шмат мне дапамог у рабоце і жыцці, а таксама ў вучобе, калі я займаўся на аддзяленні журналістыкі Мінскай вышэйшай партыйнай школы.
Я доўгі час працаваў у адным кабінеце з Міхаілам Мацвеевічам Крыўцом. Ён быў разумным, надзейным, добразычлівым чалавекам. Да яго часта прыходзілі людзі, нярэдка яны прасілі, каб ён аказаў у чымсь­ці дапамогу, напрыклад, у працаўладкаванні, і ён дапамагаў. Крывец працаваў тады загадчыкам аддзела прамысловасці і інфармацыі, асабіста ведаў кіраўнікоў усіх гарадскіх прадпрыемстваў і мог дапама­гаць людзям у вырашэнні іх праблем.

Яфім Раманавіч Гейкер быў для нас ветэранам журналістыкі, і мы да яго звярталіся за парадамі. Пішаш часам матэрыял, і калі ў чымсьці засумняваешся, заходзіш да Гейкера за падмогай. Напішаш – даеш яму пачытаць, ён зробіць праўку, падкажа, як напісаць інакш, каб было лепей. Ён быў вопытным настаўнікам маладых журналістаў, і ў тыя часы ўсе звярталіся найперш да яго.
Добрыя ўспаміны захаваліся ў мяне пра адказнага сакратара Ніну Іванаўну Чурун, журналістаў Людмілу Васільеву і Людмілу Плоткіну, Аляксандра Лескаўца. З няштатных аўтараў са мной цесна супрацоўнічаў Уладзімір Новікаў, работнік прадпрыемства чыгуначнага транспарту.

Ён пісаў не толькі пра свой калектыў, але і выконваў заданні рэдакцыі, прычым пісаў з ахвотай. З Міхаілам Крыўцом супрацоўнічаў пазаштатны аўтар Міхаіл Мацвяёнак, яны сябравалі. Гэта быў вясёлы, энергічны чалавек, ён добра спяваў, браўся за складаныя тэмы па даручэнню Крыўца. Мацвяёнак сустракаўся з дырэктарамі, галоўнымі інжынерамі прадпрыемстваў, пісаў сур’ёзныя матэрыялы, у тым ліку і крытычныя.
Камп’ютараў у той час у рэдакцыі не было, матэрыялы з рукапісаў друкаваліся на машынках дзвюма машыністкамі, вычытваліся і аддаваліся галоўнаму рэдактару або адказнаму сакратару. Калі трэба было тэрмінова здаць матэрыял, даво­дзілася і самому друкаваць на машынцы.
Карэктарамі ў нас працавалі Ганна Навічэнка і Дора Ісакаўна Бас, якая была ветэранам «Камуніста». Яна добра ведала беларускую мову і старалася не прапус­ціць ніводнай памылкі, недакладнасці. Калі бачыла нейкую журналісцкую недапрацоўку, сама яе не правіла, а прыходзіла да аўтара і казала, што нешта вось тут не так і патрэбна змяніць. Яна вычытвала газетныя старонкі па некалькі разоў, з душой ставілася да працы. Дора Ісакаўна ўмела пажартаваць, магла сказаць вострае слоўца з нецэнзурным адценнем, але гэта ў яе так цудоўна атрымлівался, што ніхто на яе не крыўдзіўся.
Здымкі рабіліся звычайным плёначным фотаапаратам, у рэдакцыі на першым паверсе была фоталабараторыя для праяўкі плёнак і друкавання здымкаў. Пры мне фотакарэспандэнтамі працавалі Леанід Галянішчаў, Аляксандр Чугуеў, Аляксандр Фісенка. А яшчэ памятаю Сямёна Галубіцкага, гэта быў таварыскі і добразычлівы чалавек. Калі ён ужо не працаваў у газеце, мне давялося звярнуцца да яго з просьбай, і ён не адмовіў, дапамог вырашыць пытанне.
Я адпрацаваў у газеце «Камуніст», а затым «Бабруйскае жыццё» 23 гады. Потым нейкі час быў намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Бабруйскі кур’ер», працаваў у газете «Вячэрні Бабруйск». Дзесьці на два з паловай гады вярнуўся ў «Бабруйскае жыццё», дзе займаўся рэкламай. Лічу, што праца ў газеце – не страчаныя гады. Журналісцкая праца навучыла мяне ўзаемаадносінам з людзьмі, уменню правільна гаварыць і ладзіць з імі, прафесійна валодаць словам. Журналісцкая праца – гэта заўсёды быць на людзях, у цэнтры гарадскога жыцця, на плыні часу, гэта сустрэчы з вядомымі асобамі, цікавымі субяседнікамі.
Лічу, што ніякія факультэты журналістыкі не навучаць добра пісаць для газеты. Для гэтага патрэбны нейкі дар, каб гэта было дадзена Богам. Можна, зразумела, нечаму навучыцца, падглядваючы тэмы ў іншых газетах, як там пішуць, але гэтага мала. Журналіст павінен быць разумным чалавекам з вялікім светапоглядам, умець валодаць словам, думкай, аналізаваць падзеі і факты, мець здольнасць выкласці іх так, каб і самому не сорамна было, і людзям не было няёмка за тое, што журналіст піша не так, як трэба, каб не пакрыўдзіць чалавека.
З нагоды юбілея «Бабруйскага жыцця» жадаю газеце, каб яна працягвала старыя добрыя традыцыі, каб заўсёды ў журналістаў былі актуальныя тэмы, каб газета ішла ў нагу з часам і была запатрабавана.