Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Праўда Саламона Праўды. Гэта ён запрасіў у «Камуніст» працаваць адказным сакратаром Міхася Лынькова ў 1925 годзе

bobrlif.by 3 797 0

Праўда Саламона Праўды. Гэта ён запрасіў у «Камуніст» працаваць адказным сакратаром Міхася Лынькова ў 1925 годзе

На жаль, аб самім Саламоне Праўдзе амаль нічога невядома. Акрамя таго, што гэта быў трэці па ліку рэдактар газеты, «маленькі і рухавы чалавек», як узгадваў у сваіх успамінах сам Міхась Ціханавіч. Літаральна нядаўна быў адшуканы пратакол пасяджэння Бабруйскага акругкама Камуністычнай партыі Беларусі, які крыху пралівае святла на асобу аднаго з першых кіраўнікоў сённяшняй гарадской газеты.

Ажура не атрымалася

Акурат 12 кастрычніка 1925 года адбывалася пасяджэнне Бабруйскага акруговага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, на якім слухалі справаздачу аб рабоце рэдакцыі газеты «Камуніст» яе кіраўніка Саламона Праўды. Даволі бадзёра рэдактар далажыў аб некаторым паляпшэнні работы аддзелаў рабочага жыцця, сельскагаспадарчага і юрыдычнага ( у сэнсе: раздзелаў на старонках – А.К.). Самакрытычна спыніўся на хібах у дзейнасці аддзела партыйнага жыцця. Але, паколькі і акруга, і акруговая газета былі па сутнасці пераважна сельскагаспадарчымі, то асноўная частка справаздачы была прысвечана праблемам жыцця вяскоўцаў і вытворчасці на палях і фермах Бабруйшчыны, ролі «Камуніста» у іх асвятленні.

Без залішняй сціпласці Саламон Праўда распавёў пра ўмацаванне сувязей газеты з сялянствам; удасканаленне работы з селькарамі, што паўплывала на павышэнне якасці іх карэспандэнцый і рост колькасці сельскіх карэспандэнтаў. У выніку сумесных намаганняў, паляпшэння афармлення выдання шрыфтамі і клішэ выгляд газеты стаў больш прывабны, тыраж яе павялічыўся. Але, зноў жа па законах таго часу, рэдактар скончыў справаздачу самакрытычнымі заўвагамі наконт слабога яшчэ пранікнення  «Камуніста» у сялянскія масы. Не абышоўся кіраўнік галоўнага бабруйскага выдання і без ініцыятыўнай пастаноўкі задач перад самім сабой і калектывам рэдакцыі.

Разам з тым

Але ніякае захаванне вернасці канонам жанру не абараніла бедалагу Саламона ад таварыскай справядлівай крытыкі Райсіна і Ляхава, Кроненберга і  Лісоўскага, Гольдзіна і Разоўскага, іншых адказных асоб, што ўдзельнічалі ў пасяджэнні. Адмаўчаліся, здаецца, толькі Пархоменка і Скаўронак. Астатнія з веданнем справы, бы самі былі зубрамі партыйнага друку, выказваліся аб пастаноўцы справы ў  «Камунісце» на сучасным этапе. Як было заведзена, гучалі фразы наконт адсутнасці планавага сістэматычнага кіраўніцтва селькорамі, слабой выхаваўчай работы з імі, слабога рэагавання ўстаноў і іх кіраўнікоў на выступленні газеты, іншых  «дэфектаў у працы выдання».

Найбольш канкрэтнымі і нефармальнымі былі заўвагі таварыша Райсіна, што старшынстваваў на высокім сходзе. «Зусім часам адсутнічаюць і слаба асвятляюцца пытанні батракоў, медыцыны на сяле», – кпіў не зусім па-беларуску старшыня. І следам звяртаў увагу на наступную праблему: «Слаба праводзіцца беларусізацыя газеты – ёсць усяго 25 процэнтаў беларускага матэрыялу, у гэтых адносінах не споўнена дырэктыва калегіі АПА ад 25 верасня г.г.»… Зразумела, пасля гэткіх крытычных стрэл была прынята адпаведная пастанова, першым радком у якой запісалі: «Узяць больш рашучы курс на беларусізацыю газеты з тым, каб у чарговым нумары было 50 процэнтаў беларускага матэрыялу, у далейшым паступова пашыраючы яго. Адначасова зт гэтым неабходна, каб і на першай старонцы быў таксама беларускі матэрыял».

Арганізацыйныя вывады не прымусілі сябе чакаць

Саламону Праўдзе, усяму рэдакцыйнаму калектыву прадпісвалася таксама «паставіць аддзелы саматужнікаў, батракоў, адначасова палепшыць аддзелы партыйнага жыцця, медыцыны на сяле, агранамічаскі», уцягваючы ў працу аграномаў раёнаў, савецкіх гаспадарак і сялян, «якія вядуць культурную гаспадарку». Пастановай былі зафіксаваны і наступныя слушныя прапановы: на рэгулярнай аснове весці раздзел рэвалюцыйнай законнасці на сяле, з мэтай паляпшэння асвятлення працы жанчын уцягнуь у карэспандэнцкую работу сялянак, сістэматычна паказваць жыццё яўрэяў-земляробаў і жыццё яўрэйскай вёскі. А яшчэ акруговы камітэт партыі турбаваўся аб зусім далёкіх ад яго, на першы погляд, справах. Ад рэдакцыі «Камуніста» запатрабавалі ў бліжэйшы час наладзіць выпуск выдання на шасці старонках раз у тыдзень з тым, каб на іх больш месца даць пытанням краязнаўства, творам літаратурных сіл з ліку селькораў і Бабруйскай філіі «Маладняка», асвятленню «нашай эканомікі як у горадзе, так і на вёсцы».

Як пакажа час, задачы гэтыя аказаліся не па сілах Саламону Праўдзе, і ў наступным годзе яго на рэдактарскай пасадзе ў «Камунісце» змяніў Міхась Лынькоў. Пад яго кіраўніцтвам бабруйская газета проста расквітнела літаратурнымі талентамі, якіх будучы народны пісьменнік Беларусі адшукваў літаральна па ўсёй акрузе, запрашаў да супрацоўніцтва і адпраўляў у вялікае жыццё ў журналістыцы, публіцыстыцы, прозе і паэзіі. Дастаткова назваць імёны Грахоўскага і Віткі, Мікуліча і Шынклера, Зарыцкага і Панчанкі. Але і сярод гэтых знакамітасцей не згубілася імя Саламона Праўды, які ў свой час адшукаў для нас Міхася Лынькова.

Информация! К 100-летию газеты "Бабруйскае жыцце" мы приглашаем вас поделиться историями из детства, связанные с газетой. Присылайте свои письма, аудиофайлы, видео к нам на почту babruiskae@gmail.com. Истории, рассказанные вами, мы с удовольствием опубликуем в юбилейном выпуске 28 ноября, расскажем на радио Zefir FM и покажем на телеканале "Бобруйск 360".