Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

На сваім месцы ў гэтым жыцці: сям’я, якая размаўляе на беларускай мове

Конкурс «Міс Цэнтра творчасці». Восем канкурсантак, прыгожых, эрудыраваных, кемлівых. Кампетэнтнае журы. Усё, як і павінна быць на конкурсе. Дзяўчаты вельмі сур’ёзна паставіліся да конкурса, і таму ўсе, без выключэння, аказаліся на вышыні. Усім былі прысуджаны тытулы, а вось карону і тытул «Міс Цэнтра творчасці» атрымыла Каця Крылова, якая ва ўсіх этапах конкурснай праграмы дэманстравала прыгажосць роднай мовы, самабытнасць традыцый.

1 774 0

На сваім месцы ў гэтым жыцці: сям’я, якая размаўляе на беларускай мове

– Калі я вырашыла прыняць удзел у конкурсе, – падзялілася Каця пасля трыумфальнай перамогі, – я параілася з маці, на чым лепш зрабіць акцэнт пры падрыхтоўцы. Мы сумесна прыйшлі да высновы, што ў нас з’явілася магчымасць паказаць прыгажосць і мілагучнасць роднай мовы, цудоўныя беларускія народныя танцы і неўміручыя традыцыі. Мне прыйшлося прачытаць шмат дадатковай літаратуры, каб, напрыклад, да конкурса «Сюрпрыз, або Здзіві журы» сваімі рукамі зрабіць беларускія сувеніры. Усё неабходнае для іх стварэння, у тым ліку і ідэі, мы з маці шукалі ў Мінску. Прызнацца, я вельмі моцна хвалявалася. Але па апладысментах гледачоў і журы бачыла, што ім падабаюцца мае выступленні на этапах конкурса. Як вынік, карона Міс. Я лічу, што толькі мая любоў да роднай мовы, павага да традыцый, беларускай культуры, спадчыны, якія мне прывілі мае дзядуля з бабуляй і маці з бацькам, дапамаглі мне атрымаць гэты высокі тытул. Згадзіцеся, не так часта можна пачуць з вуснаў падлеткаў шчырыя словы любові да роднай мовы, спадчыны і прызнанне, што карані гэтай «беларускасці» ў сям’і.

Ад прадзедаў спакон вякоў...

Прадзеды і прабабкі Станько былі звычайнымі сялянамі, роднай мовай якіх была беларуская. Але з цягам часу родную мову выцесніла руская. Усё радзей можна было пачуць беларускую гаворку ў Беларусі. Крыўдна ім стала: палякі размяўляюць на польскай мове, англічане – на англійскай, украінцы – на ўкраінскай, а чаму ж беларусы сталі ў паўсядзённым жыцці ўжываць рускую мову або трасянку? І вырашылі, што для іх сям'і роднай мовай будзе іх мілагучная беларуская. І ў сем’ях Станько ўсе размаўлялі толькі на роднай мове. Ларыса і Уладзімір Станько, жыхары аграгарадка Цялуша, таксама сваёй родная мовай лічаць беларускую. Уладзімір Міхайлавіч родам з Гродзенскай вобласці. Аграном па прафесіі, ён любіць, паважае беларускую мову і не толькі размаўляе на ёй, але з павагай ставіцца да культуры і гісторыі беларускага народа і добра іх ведае, чытае кнігі беларускіх пісьменнікаў. У сваіх дзецях – Людміле і Вадзіме – яны з маленства выхоўвалі любоў і павагу да роднага краю, у якім яны нарадзіліся і жывуць. Дзеці з задавальненнем чыталі беларускамоўныя кнігі, вывучалі гісторыю роднага краю. Уладзімір Міхайлавіч прызнаецца: «Продкі ў нашай сям'і заўсёды памяталі, што мы беларусы, і з пакалення ў пакаленне вучылі дзяцей цаніць і паважаць традыцыі, мову, культуру Беларусі. Гэтаму вучылі нас, а мы, у сваю чаргу, – сваіх дзяцей. Цяпер нашы дзеці вучаць гэтаму сваіх дзяцей, нашых унукаў. Але мы жывём у такі час, калі беларуская мова амаль не гучыць на вуліцах, і, як бы там ні было, асноўная дзяржаўная мова ў Беларусі руская. Нашы ўнукі вучацца ў рускамоўных школах, таму мы робім усё, што ад нас залежыць, каб яны дасканала ведалі і гісторыю Беларусі, і нашы традыцыі, і як мага часцей размаўлялі на роднай мове. Мне прыемна, калі яны прыязджаюць да нас у Цялушу і мы можам абмяркоўваць надзённыя пытанні на беларускай мове. Паступова дойдуць да гэтага і ўнукі. Нам прыемна, што наша дачка Людміла пайшла далей усіх: закончыла філалагічны факультэт універсітэта і прывівае  любоў і павагу да спадчыны, роднай мовы падрастаючаму пакаленню. Мала таго, яна шмат увагі надае паглыбленню сваіх ведаў, якія тычацца традыцый нашых продкаў, беларускай культуры, займаецца пошукавай дзейнасцю, сустракаецца са старажыламі, якія памятаюць да дробязей традыцыі нашай краіны, спяваюць беларускія народныя песні, танцуюць народныя танцы.

Ларыса Фёдараўна: «Я ўпэўнена ў тым, што наша мова жывая, што ў яе ёсць будучыня, нават нягледзячы на тое, што на ёй размаўляе невялікі працэнт беларусаў».

Падрабязнасці у бліжэйшым нумары "БЖ".