Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Калі пачынаўся савецкі Бабруйск? Не з 1917-га і нават не з 1919-га, а на справе з 1924 года

5 423 0

Калі пачынаўся савецкі Бабруйск? Не з 1917-га і нават не з 1919-га, а на справе з 1924 года

Папярэдніцай нашай Рэспублікі Беларусь была, як вядома, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, створаная акурат 100 год таму – 1 студзеня 1919 года. Але ці адразу яна зрабілася і савецкай, і сацыялістычнай? Паспрабуем прасачыць падзеі на пачатку шляху нашай краіны да сапраўднай дзяржаўнасці на прыкладзе асобна ўзятага горада на Бярэзіне.

Саветы былі –  Саюза не было

Толькі Кастрычніцкая рэвалюцыя пазбавіла Беларусь ад тых ланцугоў, якімі яна была скавана ў сваім мінулым. Аднак нашай краіне Кастрычнік прынёс свабоду значна пазней, чым іншым народам былой Расійскай імперыі. Занадта доўга Беларусь была вайсковым лагерам, літаральна да самага стрэлу «Аўроры» тут супрацьстаялі і супрацьдзейнічалі самыя розныя суполкі і групоўкі. Пакуль улада ў Мінску не перайшла да ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. У другой палове лістапада 1917 года там жа быў створаны Выканаўчы камітэт рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронта, улада якога распаўсюдзілася на Мінскую, Магілёўскую, Віленскую і Віцебскую губерні. На жаль, дзейнасць яго была нядоўгая, бо германскія войскі перайшлі ў наступ­ленне і 25 лютага 1918 года захапілі Мінск. У кароткі час імі была акупавана ўся Беларусь да Дняпра.
Акупацыя працягвалася да лістапада 1918 года, пакуль у Германіі не адбылася рэвалюцыя, што пацягнула за сабой паскораную ліквідацыю Усходняга фронта. Да канца снежня таго ж года беларускія тэрыторыі былі пакінуты немцамі, і вызваленая краіна здолела ўздыхнуць вольна. Беларусь становіцца Савецкай Сацыя­лістычнай Рэспублікай, аб чым сведчыць выдадзены 1 студзеня 1919 года маніфест ад імя Часовага рабоча-сялянскага ўрада. Прыкладна праз месяц, 3 лютага, склікаецца Усебеларускі з’езд Саветаў, які ўстанаўлівае формы дзяржаўнай сувязі паміж БССР і РСФСР, а таксама прымае Канстытуцыю. Ён жа прызнае неабходным аб’яднанне савецкай Беларусі з савецкай Літвой і ўваходжанне іх у склад Расійскай Федэрацыі.
Цэлыя вобласці памежных суседзяў былі цалкам разбураны вайной, насельніцтва іх вымучана адпаведнымі падзея­мі. Хацелі было пачаць залечваць цяжкія раны, як зноў новая небяспека – толькі што створаная Польская Рэспубліка пачала варожыя дзеянні супраць савецкіх рэспублік. Жаўнеры 22 красавіка 1919 года захапілі Вільню, а 8 жніўня ўвайшлі ў Мінск. Хутка яны акупіруюць усю Літву і Беларусь да самай Бярэзіны, дзе, у тым ліку і ў Бабруйску, застаюцца амаль да сярэдзіны ліпеня 1920-га. Але нацярпеўшыся, Беларусь зноў становіцца свабоднай, савецкай. Праўда, хуткая няўдача бальшавіцкіх войскаў пад Варшавай вяртае палякаў на заходнюю частку Беларусі. Па Рыжскаму мірнаму дагавору 1921 года яна і адыхо­дзіць да Польшчы ў складзе Гродзенскай і Віленскай губерняў, Пінскага і Навагрудскага цалкам, а таксама частак Мозырскага, Слуцкага і Мінскага паветаў Мінскай губерніі. І толькі з гэтага часу пачынаецца адраджэнне, мірнае будаўніцтва ў БССР і, зразумела, у нас у Бабруйску.

Сярод першых клопатаў новай улады была яе ўвага да паскоранага эканамічнага і культурнага развіцця ўсіх нацый і нацыянальнасцей, што ўтварылі Саюз.

У гурце лягчэй

Узаемаадносіны паміж БССР і РСФСР былі вызначаны асобым пагадненнем ад 16 студзеня 1921 года, у адпаведнасці з якім паміж імі ўсталёўваўся ваенна-гаспадарчы саюз на прынцыпах канфедэрацыі. У іх развіццё і былі створаны аб’яднаныя Вышэйшы савет народнай гаспадаркі, камісарыяты па ваенных і марскіх справах, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, пошт і тэлеграфаў. Аднак гэта не сведчыла, што рэспублікі ўмешваюцца ў заканадаўства адзін аднаго, а тым больш у кіраванне імі. Лагічным таму працягам узаемаадносін суседзяў і партнёраў стала прыняцце ІѴ Усебеларускім з’ездам Саветаў 17 снежня 1922 года пастановы аб пажаданасці ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і ўвахо­джанні ў яго БССР. Аналагічныя пастановы былі вынесены з’ездамі Саветаў РСФСР, УССР и ЗСФСР.
Як мы ведаем, 30 снежня таго ж года СССР быў створаны. Сярод першых клопатаў новай улады была яе ўвага да паскоранага эканамічнага і культурнага развіцця ўсіх нацый і нацыянальнасцей, што ўтварылі Саюз. Аднак акрамя БССР, беларусы на той час жылі і ў памежных з ёй мясцовасцях Расіі, а тэрыторыя рэс­публікі на захадзе пасля Рыжскага дагавора з Польшчай адышла да апошняй. Таму 4 лютага 1924 года Усерасійскім цэнтральным выканаўчым камітэтам на падставе рашэння яго першай сесіі была прынята пастанова аб перадачы Беларусі тых частак Смаленскай, Віцебскай і Гомельскай губерняў, дзе пераважала беларускае насельніцтва. У выніку такога ўзбуйнення плошча нашай рэспублікі павялічылася ў два з паловай разы, а колькасць насельніцт­ва – у 2,7 раза. Зразумела, з пашырэннем тэрыторыі спатрэбіліся змяненні ў адміністрацыйна-гаспадарчым яе дзяленні. Невыпадкова ѴІ з’езд Саветаў даручыў ураду БССР правесці яго не пазней 1 кастрычніка 1924-га. Вынікам гэтай работы сталі 10 акруг, 100 раёнаў і 1202 сельсаветы Беларускай ССР. У іх ліку была і Бабруйская акруга з цэнтрам у нашым горадзе, якая налічвала 12 раё­наў і 148 сельсаветаў.

Сталіца акругі на Бярэзіне

Найбольш развітыя і заможныя ў прамысловых адносінах былі, зразумела, сталіца рэспублікі і былыя губернскія цэнтры. Але і горад на Бярэзіне на той час ужо нішто сабе існаваў. Калі, скажам, у перадавых Мінску і Віцебску наліч­валася па 20 прадпрыемстваў, з якіх працавалі па 18, то ў Бабруйску было 14 суб’ектаў гаспадарання – і гэта быў трэці вынік сярод усіх акруговых гарадоў Беларусі. Праўда, у 1924 годзе бабруйская індустрыя «дыхала» ўсяго напалову – у 7 арцелях, майстэрнях і на пары-тройцы заводаў працавалі 912 рабочых. Прадстаўлялі яны ў асноўным лесапільную і металаапрацоўчую, дражджавую і швейную вытворчасць.
У нашым горадзе дзейнічала чацвёртая па магутнасці пасля Мінска, Магілёва і Віцебска электрастанцыя на 257 конскіх сіл. Водаправод існаваў тады толькі ў пяці беларускіх гарадах, а ў Бабруйску з’явіўся ў 1927 годзе. Як і ўсюды, у нас працавала лазня, але прапускная здольнасць яе была недастатковая. Свае функцыі выконвалі гарадскія млын, жывёлабойня, гасцініца, цырульня і некаторыя іншыя прадпрыемствы і ўстановы. Дзіўна, але факт: у нашым горадзе амаль 95 год таму не было камунальных пральні, хаця б гужавога грамадскага транспарту ці, скажам, ламбарда (ён быў толькі ў Віцебску).
Напэўна, каб неяк кампенсаваць недахоп даброт і зручнасцей, бабруйчанам прапаноўвалі ад пуза хлеб духоўны. У горадзе і акрузе былі зацверджаны Галоўпаліт­асветай 12 так званых народных дамоў і 36 хат-чытальняў, што выводзіла нас на першае месца ў рэспубліцы. Але ж каб спажыць з карысцю духоўную ежу, трэба быць, як мінімум, пісьменным. А з гэтым была праблема, бо толькі ў тагачасным Бабруйску налічвалася 6300 непісьменных, а ў цэлым у акрузе іх колькасць перавышала 94 тысячы чалавек, што складала звыш 67 працэнтаў ад усяго насельніцтва Бабруйшчыны.
Невыпадкова спецыяльны план Галоў­палітасветы прадугледжваў навучанне на пунктах ліквідацыі непісьменнасці ў 1924-1925 навучальным годзе амаль 4000 дапрызыўнікоў, дэлегатак жаночых аддзелаў і іншых актывістаў, што не валодалі граматай. Увогуле праграма была разлічана аж на 15 год і ажыццяўлялася праз таварыства «Далоў непісьменнасць», адмысловыя лікпункты і дамы асветы. У поўнай меры служыла гэтай мэце сетка клубаў і бібліятэк. У нашым горадзе дзейнічалі 4 партыйна-рабочых, 2 камсамольскіх і піянерскі клубы, 2 бібліятэкі і Дом асветы. А яшчэ, каб не былі бабруйчане палітычна бяззубымі, іх навучалі дадаткова вячэрняя партшкола, 2 школы палітграматы Саюза мола­дзі, курсы-канферэнцыі кампартыі Беларусі і такія ж – камсамола.

Першая пяцігодка: тое-сёе ад былых, астатняе самі

Хутка праляцелі першыя пасляваенныя гады. Бабруйчане вытрывалі разруху і голад і ўзяліся за сур’ёзнае планавае гаспадаранне. Зразумела, пачыналі папярэднікі сённяшніх прамыслоўцаў не з круглага нуля. Амаль дзясятак прадпрыемстваў дастаўся нашым пралетарыям у спадчыну ад дарэвалюцыйных капіталістаў. Сярод іх вызначаліся магутнасцю і колькасцю працоўных месцаў кандытарская фаб­рыка (былы дрожджа-вінакурны завод №84 Якава Разоўскага) з 240 працуючымі і коштам асноўных фондаў у 779 тысяч рублёў на вуліцы імя 8-й дывізіі (былой Шашэйнай), цагельны завод з дзвю­ма сотнямі рабочых і служачых і фондамі на 656 тысяч рублёў у Кірпічнай Слабодцы, машынабудаўнічы завод (былы Свентаржэцкага і Смецюшэў­скага) з персаналам у 188 чалавек і асноўнымі фондамі коштам у 745 тысяч рублёў на вуліцы К. Маркса, фанерны завод імя Томскага з адпаведнымі паказчыкамі ў 169 чалавек і 139 тысяч рублёў у 1-й Зялёнцы і іншыя. Былі ў гэтай спадчыне таксама спіртзавод на Шашэйнай і млын у Цітаўцы, крупадзёрка на Чангарскай і друкарня імя Непагодзіна на Сацыялістычнай.
Трэба сказаць, што з першых год новай улады будаваліся і новыя прадпрыемствы. У 1920-м, як толькі выгналі акупантаў, у строй дзеючых на той жа вуліцы К. Маркса ўвайшоў паравы млын з лесапілкай, які перапрацоўваў да 3500 тон збожжа і вырабляў каля 8000 кубаметраў піламатэрыялаў у год. З 1923-га дзейнічалі ў горадзе электрастанцыя на вуліцы Урыцкага, што выпрацоўвала 3360 тысяч кілават-гадзін электраэнергіі, і мясакамбінат у раёне жывёлабойні, які выпускаў 30 тон сала, амаль 1400 тон мяса і 62 тоны каўбас. Наступны 1924 год стаў адметны з’яўленнем новых баб­руйскіх арцелей – мэблевай імя Халтурына і прадуктова-харчовай «Энергія», інваліднай «Бальшавік» і дрэваапрацоўчай таварыства «Сябры дзяцей». Даволі хуткім быў рост бабруйскай прамысловасці ў 1926 годзе, калі з’явіліся цагельныя заводы №№3 і 4 на Мінскай і Водаправоднай вуліцах адпаведна, хімлясгас на вуліцы Валадарскага, мэблевая арцель «Прагрэс» на Чангарскай, бандарная майстэрня на Водаправоднай, смалакурная арцель «Смаласкіп» на К. Маркса, швейная «Швейпрам» і абутковая «Прагрэс» адпаведна на Сацыяліс­тычнай і вуліцы Лекерта.

Год першы, невядомы

А калі ўжо абвясцілі першы год невядомай да таго часу пяцігодкі, бальшавісцкім тэмпам індустрыялізацыі пазайздросцілі і капіталісты за межамі савецкай Беларусі. У нашым горадзе 90 год таму былі створаны сталярна-мэблевая майстэрня арцелі «Чырвоны мэбельшчык» на Камсамольскай і такая ж майстэрня арцелі «Усход» на К. Маркса, каўбасная на рагу Сацыялістычнай і Пралетарскай і валяльная «Сіла працы» на той жа Сацыялістычнай, вяровачная арцель «Вяровачнік» на Пушкінскай і ватная «Чырвоны тэксцільшчык» на вуліцы імя 8-й дывізіі. Як бачна нават з назваў, курс на вытворчасць тавараў першай неабходнасці вытрымліваўся.
Прадпрыемствы гэтыя забяспечвалі насельніцтва сталамі і матрасамі, штанамі і касцюмамі, коўдрамі і шапкамі, бочкамі і шкіпінарам. Але галоўнае, яны давалі лю­дзям заробак. У тым жа хімлясгасе працавалі звыш 300 бабруйчан, больш за 270 чалавек забяспечваў работай «Швейпрам», па 100 з лішкам працавалі ў арцелях «Сябры дзяцей», абутковай «Прагрэс», валяльнай «Сіла працы». Аднак планка была зададзена, напэўна, вельмі высокая. Ні ў горадзе, ні ў рэспубліцы, як, уласна кажучы, і цалкам у СССР, заданні першага года пяцігодкі не былі выкананы. Але станоўчы працэс ішоў. Калі ў 1925-1926 гаспадарчым годзе на новае будаўніцтва было выдаткавана 12 працэнтаў з агульнай сумы асігнаванняў на прамысловасць, то ў наступным – ужо іх палова. За 1925-1928 гады ў республіцы было пабудавана 150 прамысловых прадпрыемстваў. Адначасова вялася рэканструкцыя дзеючых заводаў і фабрык, і яна абапіралася на фінансавую дапамогу СССР.

Другі і трэці – абнадзейваючыя

Значна больш плённымі былі для Баб­руйска наступныя гады пяцігодкі. У 1929-м уступаюць у строй дзеючых такія значныя прадпрыемствы, як механічны завод імя Варашылава на вуліцы Ганчарнай і ткацкая арцель імя Крупскай на Камсамольскай, фанерны завод №16 на Ленінскай і, канечне ж, буйнейшы ў Еўропе дрэваапрацоўчы камбінат, першае поўнае найменне якога, між іншым, – імя 10-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як гэта сімвалічна, што пазней знакаміты «Баб­руйскдрэў» быў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, яго пераемнік «ФанДАК» дастойна нёс званне флагмана вытворчасці, а зараз імкнецца новымі поспехамі сустрэць хуткае ўжо 90-годдзе заснавання прадпрыемства.
Знамянальным для горада на Бярэзіне быў і 1930 год, калі ў эксплуатацыю былі ўведзены швейная фабрыка імя Дзяржынскага, шпаларэзны завод леспрамгаса, цагельная арцель «Агеньчык», а яшчэ гэт­кія экзатычныя, на сённяшні погляд, прадпрыемствы, як малярная майстэрня «Жывапіс», арцелі «Свяцкі вобад», «Беларускія клешчы» і кошыкавая – «Кастрычнік». Няхай сабе для сучаснага вуха назвы гэтыя не вельмі зразумелыя і, як кажуць, з прэтэнзіяй, але прадпрыемствы пад імі рэчы выраблялі патрэбныя і для гараджан, і для сялян. Першае, напрыклад, акрамя малярных работ, прапаноўвала і «жывапісныя вырабы», другое рыхтавала абады для колаў, трэцяе рабіла прычындалы для хамутоў – клешчы, чацвёртае пляло кошыкі ды кашы.
Яшчэ больш шпаркія тэмпы дэманстравала бабруйская прамысловасць у 1931 годзе. Пасля аднаўлення і рэканструкцыі пачаў функцыянаваць маслабойны завод імя Адзярыхі, адчынілі дзверы кузні ў Пажарным завулку і на хутары Назараўка, пачаў радаваць бабруйчан прадукцыяй хлебазавод на Шашэйнай вуліцы, там жа з’явілася кантора «Белплодагародніна», а на вуліцы К. Маркса – сушыльны завод, у горадзе адкрыліся дрэваапрацоўчая і кінарамонтная майстэрні, два квасільна-засолачных пункты.

Пазней вядомы беларускі паэт Кастусь Кірэенка слушна напіша:
Не завіце маю рэспубліку
Краінай цёмных лясоў!
Паглядзіце –
Над ёю свецяцца
Агні завадскіх карпусоў.

Поспех забяспечыў чацвёрты рашаючы

Не збіліся з ударнага рытму бабруйчане ў рашаючым і завяршальным гадах першай пяцігодкі. У 1932-м працягвалася планамернае нарошчванне прамысловага патэнцыялу. Прыстань на Бярэзіне папоўнілася суднарамонтнай майстэрняй, а арцель «Чырвоны металіст» на Дзяржынцы адбудавала сабе кавальскую майстэрню; у раёне базара пачаў працаваць маслазавод, на Інваліднай – лесапілка, на вуліцы К. Маркса – швейная майстэрня. Усе яны аказвалі патрэбныя людзям паслугі, забяспечвалі неабходнымі таварамі: рамантавалі лодкі і прапаноўвалі сялянскія вазы ды сані, выраблялі падковы і вёдры, рэалізоўвалі піламатэрыялы, масла і тварог, шмат што іншае.
І наступны, 1933, год быў адзначаны пачаткам работы ў нашым горадзе новых фабрык, арцеляў ды майстэрань. Менавіта тады з’явілася яшчэ адно экспартаарыентаванае прадпрыемства – шчацінная фабрыка, на якой працавалі больш дзевяці дзясяткаў рабочых і прадукцыя якой адпраўлялася за мяжу. Не такімі буйнымі былі рамонтна-тарная і абручная майстэрні, што выраблялі скрыні, бочкі і абручы да іх. Яшчэ адна бандарня месцілася на вуліцы Парыжскай камуны і таксама вырабляла бочкі. А арцель з загадкавай назвай «Гаспадарчы прадукт» выпускала грэбні для валасоў і звычайнае мыла.
Трэба зазначыць, што з’яўленне гэткіх рэканструяваных і ўзведзеных нанова прадпрыемстваў, як каніфольны завод (хімлясгас), швейная і шчацінная фабрыкі і асабліва лесакамбінат, зрабіла б гонар і больш буйному гораду, чым Бабруйск. Што ні кажы, а іх прадукцыя адпраўлялася далёка за межы Беларусі, карысталася попытам і мела добрую славу. Працоўныя горада за гады першай савецкай пяцігодкі аднавілі і асвоілі выпуск вальцавых станкоў і лябёдак, першых металаапрацоўчых паўаўтаматаў і элеватараў для торфа­здабываючых машын; піламатэрыялаў і драўляных будаўнічых дэталей, фанеры і гонту, мэблі і шпалаў; адзення і абутку, у тым ліку валенак; шкіпінару і калёснага мазуту; шчотак, лямцу і ваты; спірту, «хлебнага віна» і кансерваванай агародніны; мукі, хлеба, алею, масла і тварагу; мармеладу, халвы, павідла, варэння і шмат чаго іншага.
Калі сёння скласці своеасаблівы рэйтынг тагачасных перадавых прадпрыемстваў нашага горада, то па аб’ёмах валавой прадукцыі ў цэнах 1933 года ён будзе выглядаць наступным чынам:
лесакамбінат імя 10-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі – 14863 тысячы рублёў;
швейная фабрыка імя Ф.Э. Дзяржынскага – 7720;
кандытарская фабрыка – 7565;
спіртзавод – 5488;
фанерны завод №16 – 4126;
хлебзавод – 2841;
мясакамбінат – 2566 тысяч рублёў.
Вынікам гераічных намаганняў бабруйчан, усіх працоўных БССР у 1928-1932 гадах стала павелічэнне вытворчасці прамысловай прадукцыі ў 2,7 раза ў параўнанні з паспяховым 1913 годам. Наша Беларусь канчаткова ператварылася з аграрнай у аграрна-індустрыяльную краіну. Пазней вядомы беларускі паэт Кастусь Кірэенка слушна напіша:
Не завіце маю рэспубліку
Краінай цёмных лясоў!
Паглядзіце –
Над ёю свецяцца
Агні завадскіх карпусоў.
…Сёння над Беларуссю агеньчыкам пульсуе на касмічнай арбіце ўжо ўласны спадарожнік. Па яе зямных магістралях ва ўсе канцы свету адпраўляюцца вагоны з калійнымі тукамі і бабруйскімі шынамі; платформы з самымі магутнымі самазваламі і трывалымі трактарамі, сярод якіх і бабруйскай вытворчасці. Прыгожая мэбля, у наборах якой не губляюцца гарнітуры з фабрык горада на Бярэзіне, робіць больш утульным і камфортным жыццё ў краінах Захаду і Усходу. Экспарт цудоўных беларускіх прысмакаў, у іх ліку і бабруйскага зефіру, задавальняе самы вытанчаны густ на іншых кантынентах… Не, нездарма на карце век таму з’явілася БССР!