Бобруйский новостной портал Bobrlife

Бобруйск — Новости —Новости Бобруйска — Погода — Курсы валют — Общественно-политическая газета — Навіны Бабруйска — Бобруйский портал —бобр лайф — Зефир FM

Беларусь савецкая. Як усё пачыналася ў Бабруйску

Bobrlife.by 5 218 0

Беларусь савецкая. Як усё пачыналася ў Бабруйску

Жорсткі 1919-ы

Галодны і халодны быў год, у першы дзень якога абвясцілі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспуб­ліку. Літаральна 2 студзеня ў аддзел фінансаў Бабруйскага рэвалюцыйнага камітэта, на бланках якога яшчэ захоўвалася абрэвіятура «РСФСР», з падначаленага яму аддзела міліцыі паступіла папера, у якой утрымлівалася просьба начальніка міліцыі 5-га раёна Бабруйскага павета Вяроўкіна аб прыняцці казначэйствам ад яго 7208 руб­лёў 51 капейкі пазямельнага падатку і падатку з нерухомай маёмасці, якія паступілі ў лістападзе 1918 года – яшчэ да выгнання германскіх войскаў з Бабруйска. Зразумела, што сума была налічана ў акупацыйных крэдытных білетах – з разліку 1 острубель за 2 савецкіх… З гэтага пачыналася ўсталяванне фінансавай і гаспадарчай сістэмы горада і дзяржаўнасці ўсяе новай, нябачанай датуль, рэспублікі.
Нейдзе ў сярэдзіне студзеня павятовы Савет народнай гаспадаркі склаў адмысловы спіс фабрык і заводаў, што працавалі, а дакладней, існавалі на той час у Бабруйску і павеце. З яго вынікала: толькі ў горадзе былі на ўліку два дзясяткі прадпрыемстваў. Сярод іх дзве найбольш буйныя групы складалі лесапільныя і цагляныя заводы, уладальнікамі якіх адпаведна з’яўляліся М.В. Гецаў, браты Эткіны і Шостак, С. Рубіновіч і Л. Мірэнбург, С. Пеймер, А. Лабковіч, Р. Ганесці, Г. Касцялянскі і Л. Натансон, таварыства Галубіцкага і Гольдберга і І. Вельчар, А. Розенберг, браты Лазінскія, браты Пружыніны, працавалі на якіх па 16-34 рабочых, і толькі лесапілка Рубіновіча і Мірэнбурга напачатку 1919 года давала работу больш чым 60 бабруйчанам.
Дапаўнялі малюнак прамысловага горада на Бярэзіне фанерны завод І. Краснаполя, фабрыка драўляных скрынак П. Якабсона, маслабойны завод І. Віленскага, табачная фабрыка Ш. Сцісана і кампаніі, драж­джавы завод Я. Разоўскага, механічныя заводы А. Андрэева і З. Лянсберга з кампаніяй. У хуткім часе ім прадстаяла стаць былымі гаспадарамі, а пакуль яны давалі рабочыя месцы многім гараджанам і вяскоўцам: у таго ж Розенберга звычайная колькасць рабочых складала каля 90 чалавек, больш за 60 – у Якабсона, 50 – у Разоўскага, па 45 – у братоў Пружыніных і Вельчара, 40 працавалі на заводзе Віленскага.
Са зменай улады, формы ўласнасці цяжкасці не прымусілі сябе ча­каць амаль у кожным доме Бабруйска. Асабліва цяжка было сем’ям медыкаў, педагогаў – тых, каго сёння прынята называць бюджэтнікамі. Захаваўся цікавы дакумент – «Спіс службовага персанала Бабруйскай савецкай бальніцы на прадмет атрымання пайка за люты 1919 года». У ім каля паўсотні прозвішчаў з канкрэтнымі адрасамі пражывання, і сярод іх гэткія: загадчык бальніцы доктар Зельдзін, яго памочнік Л.Н. Бараш, урачы С.Н. Галіцкі, Ф.Ф. Талчынскі, А.Р. Касцялянская, А.І. Пружынін, Л.М. Файнштэйн, А.Н. Лапін, М.А. Каценельсон, А.В. Клюрфельд, І.М. Флекель, фельчары М.В. Мікуліч, М.Я. Волк-Левановіч, М.С. Галінская, Н.С. Катлоўская, В.Я. Шапавалава, С.Х. Лазіцкая, К.Р. Квяткоўская, А.І. Пятроўская, А.К. Давідовіч, сёстры міласэрнасці Л.К. Бярковіч, В.А. Лазінская, Е.В. Іванова, С.С. Язвінская... Цікава, што сярод адрасоў побач з новымі назвамі бабруйскіх вуліц Сацыялістычнай, Кастрычніцкай, Лібкнехта, Урыцкага, Інтэрнацыянальнай, Пралетарскай указваліся і папярэднія, яшчэ не перайменаваныя, Інвалідная, Казначэйская, Альхоўская, Адамаўская, Баравая. Нярэдка, мяркуючы па дакуменце, супрацоўнікі пражывалі «пры савецкай бальніцы» і ў «Петраградскай гасцініцы» (так, напэўна, называлі былую «Бярэзіну»).

А жыць жа трэба!

Першапачатковай патрэбай і ў Бабруйску было ўтварэнне кіруючых органаў новай улады савецкай рэспублікі. А перад імі, зразумела, у першую чаргу паўставалі задачы накарміць і абагрэць людзей, аберагчы іх ад хвароб. Невыпадкова ўжо ў пачатку лютага адбылася вялікая нарада, у якой у­­дзельнічалі ад рэўкома – таварыш Гарбуз, ад аддзела фінансаў – Гарэлік, ад саўнаргаса – Нядбаеў, ад аддзела працы – Крычынскі, ад «сацыяльнага забеспячэння» – Манасзон, ад «народнай асветы» – Лур’е, ад ваеннага камісарыята – Галавач. Вялікай групай былі прадстаўлены работнікі аховы здароўя – загадчык Шклоўскі і член калегіі аддзела Марзон, загадчыкі пад-
аддзелаў Зельдзін, Сакун і Гехман, загадчык савецкай бальніцы Паперна, турэмны ўрач Хазанаў, загадчыкі аддзяленняў Пружынін і Флекель, начальнік санітарнай часткі 17-й стралковай дывізіі Смірноў, ад Саюза ўрачоў – Касцялянская і Угорская, ад Саюза фельчараў – Васілеўскі.
У ходзе іх выступленняў высветлілася, што ў Бабруйску «эпідэмія сыпнога тыфу не толькі не памяншаецца, а, наадварот, з кожным днём прагрэсіруе і прымае характар народнага бедства». Дактары адзначылі, што эпідэмія пашыраецца не толькі ў горадзе, а і ў павеце. Прычынамі распаўсю­джання заразы былі названы дрэннае харчаванне, няхватка лазняў, адсутнасць ізалятара для хворых, магчымасць зара­зіцца ў чэргах, на сходах, у цягніку і нават на рамізніку.
Невыпадкова ў якасці важнейшай меры першыя бабруйскія савецкія чыноўнікі рашылі арганізаваць 16-га­дзінную работу лазняў – з 8.00 да 24.00, прычым устанавіць мінімальную плату і бясплатнае карыстанне мылам, а бяднейшым з гараджан – цалкам бясплатнае наведанне лазні; рашэннем абавязалі адказных асоб без прамаруджання абсталяваць належным чынам лазні на Бярэзінскім фарштаце, у Крывым Круку і «былую Земскага саюза».
На тым жа высокім сходзе слушна пастанавілі арганізаваць у кожным квартале горада свой орган санітарнага нагляду, звярнуцца да адпаведных інстанцый з просьбай перагледзець у бок змяншэння нормы колькасці зняволеных у месцах адбывання імі пакарання. З гэтай мэтай рашылі па тэлеграфе звярнуцца ў губернскі камітэт аховы здароўя з хадайніцтвам аб экстраным пераводзе аванса ў памеры 200 тысяч рублёў для бараць­бы з эпідэміяй тыфу. Па медыцынскай лініі таксама былі прадугледжаны даволі энергічныя загады. Па-першае, ваенкамат заклікаўся вызваліць ад прызыву ва ўзброеныя сілы тых фельчараў і ўрачоў, што былі занятыя ў мерапрыемствах па барацьбе з эпідэміяй і ва ўхіленні яе наступстваў. Па-другое, нарада патрабавала строга выконваць дэкрэт саўнаргаса аб барацьбе з тыфам і першачарговым забеспячэнні бальніцы прадуктамі, бялізнай і іншымі неабходнымі рэчамі… Але ж не толькі хваробы прагрэсавалі. Напрыклад, штодзённа лезлі ўверх цэны на муку, хлеб і іншыя прадукты першай неабходнасці.

//www.bobrlif.by/wp-content/uploads/2018/12/plakat-4.jpg

Хроніка надзвычайшчыны

Куды часцей бабруйскім уладам даводзілася прыбягаць да непапулярных, жорсткіх мер, каб неяк вытры­ваць у няпростых умовах. Адной з іх быў і так званы рэвалюцыйны падатак, які афіцыйна іменаваўся надзвычайным. Колькі плачаў Яраслаўны выклікаў ён у бабруйскім народзе! І колькі цяжкасцей і перажыванняў прынёс ён бабруйчанам. На падставе дакументаў, што захаваліся ў архівах, паспрабую паказаць дзесьці меладраму, а нейдзе і сапраўдную драму ад той надзвычайнасці.
«…Мяркую, што факт абрабавання мяне бандытамі камісія па аблажэнні не прыняла ва ўвагу. Можа быць, за даўнасцю часін, таму малю ўпэўніцца і засведчыць справядлі­васць маіх довадаў. Пасля гэтага, я ўпэўнены, камісія вызваліць ад гэтай зусім неверагоднай сумы і абкладзе той мінімальнай, што, па праўдзе, павінна быць выкананнем грама­дзянскага абавязку», – пісаў ганд­ляр Берка Гінзбург.
«Мы, чырвонаармейцы Ісаак, Іосіф і Ляон Гальдаты і Ісаак Ярха, калі даведаліся, што на нашых бацькоў накладзены дадатковы надзвычайны падатак, падаём гэта матываванае прашэнне з мэтай паказаць несправядлі­васць яго. Бацькі нашы – лю­дзі старыя, таму на падставе Дэкрэта СНК ад 24 снежня 1918 года павінны быць вызвалены ад уплаты ўсялякіх падаткаў, калі не валодаюць грашовымі капіталамі. Іх жа ў нашых бацькоў няма ніякіх: тавар прададзены большай часткай пад векселі, што зараз не аплачваюцца, а невялікая наяўнасць пайшла на аплату першай часткі падатка… А таму, ад’язджаючы зараз на фронт у складзе розных частак 17-й дывізіі, звяртаемся да пачуцця справядлівасці і хадайнічаем аб зняцці 15000 рублёў дадатковага падатка…», – прасілі абаронцы Айчыны.
«…Паверце мне, калі б мае бацькі былі ў стане заплаціць суму, на іх накладзеную, я б палічыў найвялікшай ганьбай для сябе, як савецкага работніка і камуніста, хадайнічаць за іх. Я палічыў бы сваім абавязкам арыштаваць іх або, прынамсі, прымусіў бы ўплаціць накладзеную на іх суму. Не буду казаць, наколькі справядліва і прапарцыянальна накапленням абкладалі падаткам увогуле, але скажу, што былі дапушчаны вялікія несправядлівасці… Яскравай ілюстрацыяй маіх слоў паслужыць наступная абставіна: побач з намі жыве ва ўласным велізарным доме нейкі І. Каган – чалавек, што і сёння, можа быць, вя­дзе мільённыя спекуляцыйныя справы, знаходзіўся ўвесь час у Крамянчугу, дзе спекуляваў мукой, цукрам і іншым, а яго абклалі ў… 10000 рублёў. Маіх жа бацькоў, што ўвесь час займаліся дробным гандлем, абклалі… 12000 рублёў… Па чутках, што дайшлі да мяне, бацькі абкладзены гэткай велізарнай сумай, таму што, працуючы у ЧК, я, напэўна, «пакрыўдзіў» некага з буржуазнага асяроддзя, і яны помсцяць маім бацькам за мяне», – дакладваў нават загадчык следчага аддзела пры Баб­руйскай ЧК таварыш Самуіл Прыкладавіцкі. Шукалі справядлівасці бабруйчане і значна вышэй. Карыстаючыся момантам, калі цягнік «Кастрычніцкая рэвалюцыя» на чале з М.І. Калініным у чэрвені 1919 года знаходзіўся на станцыі Бабруйск, яго жыхарка Гінда Ашаровіч звярнулася з пісьмом да «ўсесаюзнага старасты»: «…звяртаюся да Вас са слязамі ўвайсці ў маё становішча і не адмовіць у маёй просьбе – праверыць, а затым прапанаваць Бабруйскай камісіі вызваліць майго мужа ад падатку ў 12000 рублёў»…
Трэба сказаць, што падобныя скаргі і прашэнні разглядаліся спецыяльнай камісіяй у нашым горадзе рэгулярна. Дакумент аднаго з выніковых пасяджэнняў у канцы чэрвеня 1919 года, напрыклад, сведчыў, што 12 хадайніцт­ваў былі пакінуты без змен; падаткі А. Сіманоўскаму, А. Гайсіновічу, А. Гохбергу, Ісааку і Іосіфу Граеўскім, А. Гарэліку, М. Меклеру, Іцку Басу, Б. Аляксандраву і М. Герчыкаву былі зменшаны; адгукнуліся чыноўнікі і на зварот тых самых чырвонаармейцаў – накіравалі іх справу на даабследаванне, як і С. Айнбунда, Б. Ягудзінай, Бегуна, Фельдмана, Г. Плоткіна, М. Вейлера, Н. Гольдмана, братоў Шклоўскіх і іншых.

Горад разам з рэспублікай станавіўся на ногі

Новая ўлада ўбіралася ў моц. Станоўчыя змяненні адбываліся і ў нашым горадзе на Бярэзіне. Акурат 10 чэрвеня 1919 года да выканання абавязкаў старшыні Бабруйскага выкан­кама прыступіў Іларыён Ісаевіч Пузыроў. І пачаў ён з таго, што ўстанавіў гадзіны асабістага прыёму грамадзян – штодзённа з 12.00 да 15.00, прычым да 12 гадзін да яго можна было звяртацца за тлумачэннямі і даведкамі, а з 15 да 17 гадзін – звяртацца па тэлефоне. Ад падначаленых ён запатрабаваў прадставіць у 2-тыднёвы тэрмін усе гаспадарчыя сметы на другое паўгоддзе, папярэ­дзіўшы: хто спозніцца, той не атрымае патрэбных крэдытаў.
Але галоўнай работай апарата выкан­кама сталі падрыхтоўка да меўшага адбыцца з’езда Саветаў павета, штодзённае кіраванне гаспадарчым і культурным развіццём горада і Бабруйшчыны з падвядзеннем яго вынікаў на штотыднёвых нарадах, між іншым, пасля 7 гадзін… вечара. Гэткі быў час.